У Ерэване тысячы чалавек выйшлі на вуліцы 18 красавіка, а паліцыя затрымала дзясяткі дэманстрантаў, якія пратэставалі супраць абраньня прэм’ер-міністрам былога прэзыдэнта Сэржа Саргсьяна.
Лідэр апазыцыі Нікол Пашыньян прывёў натоўп да офісу Саргсьяна на праспэкце Маршала Баграм’яна, галоўнай магістралі каля парлямэнту, і паабяцаў штодня пашыраць блякаду ключавых урадавых будынкаў. Паліцыя паведаміла Радыё Свабода, што ўвечары ў Ерэване былі затрыманыя 66 пратэстоўцаў.
Паліцыя таксама была разгорнута на плошчы Францыі, дзе затрыманыя дэманстранты і адноўлены рух транспарту. Паліцыянты са шчытамі стаялі ўздоўж вуліцы, прылеглай да плошчы, каб забясьпечыць бесьперапынны рух. Дэманстранты таксама зладзілі пратэст перад мэрыяй, дзе яны пляскалі ў далоні і скандавалі: «Зрабіце крок. Адкіньце Сэржа!»
Пратэстоўцы таксама ўвайшлі ва ўнівэрсытэцкае мястэчка Ерэванскага дзяржаўнага унівэрсытэту, дзе Пашыньян заклікаў студэнтаў байкатаваць заняткі і далучацца да пратэстаў. Пратэстоўцы скандавалі: «Далучайцеся! Далучайцеся!» Нацыянальныя паліцэйскія сілы выступілі з заявай, дзе ёсьць заклік да сродкаў масавай інфармацыі заставацца на «разумнай адлегласьці» ад пратэстаў, дзе, паводле іх словаў, паліцыя «спыніла парушэньні грамадзкага парадку». Злучаныя Штаты настойліва заклікалі абодва бакі праяўляць стрыманасьць і пазьбягаць гвалту.
Армянскі палітоляг: Саргсьян — усяго толькі бледны цень Лукашэнкі