Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Абавязкова працягнем беларускамоўную рубрыку». «Савушкін прадукт» адважыўся на моўны экспэрымэнт 


Рэкляма берасьцейскага вытворцы
Рэкляма берасьцейскага вытворцы

Берасьцейскі вытворца «Савушкін прадукт» упершыню скарыстаўся беларускай мовай у рэкляме сваёй малочнай прадукцыі.

Невялікая тэкстоўка з хэштэгамі #Савушкін, #СавушкінПрадукт і #роднае зьявілася на карпаратыўнай старонцы ў Facebook.

«Чым можна падзяліцца зь сябрам, каб падняць настрой? Вясёлай гісторыяй, шчырай парадай і цеплынёй вашых рук, якія перадаюць кавалачак сыру — вытрыманага, як і ваша доўгае і надзейнае сяброўства», — гаворыцца ў рэкляме.

На карцінцы пры гэтым даюцца адпаведнікі па-расейску і беларуску: кавалачак і кусочек (сыру).

​Свабода пацікавілася, аднаразовая гэта акцыя ці будзе працяг. Дагэтуль кіраўніцтва кампаніі «Савушкін прадукт» адмаўлялася ад выкарыстаньня беларускай мовы ў рэкляме і напісаньні на ўпакоўцы.

«Мы вельмі радыя, што вам падабаецца. Абавязкова працягнем нашу беларускамоўную рубрыку. Сачыце за навінамі!», — адказалі Свабодзе ў кампаніі.

Скандал вакол мовы

Год таму «моўны інспэктар» Ігар Случак прапанаваў беларускім вытворцам рабіць этыкеткі на сваіх таварах на абедзвюх дзяржаўных мовах, а ня толькі на расейскай. Сьледам зьявілася адпаведная онлайн-пэтыцыя.

Адказ намесьніцы гендырэктара па сувязях з гарамадзкасьцю Алены Бабкінай ​выклікаў абурэньне ў многіх.

«Асноўная маса беларусаў размаўляе, чытае і піша не на беларускай мове, а на расейскай. Ня трэба далёка хадзіць: выйдзіце на вуліцу і паслухайце, на якой мове размаўляюць людзі. Таму і надпісы на ўпакоўцы — па-расейску, каб пакупнік мог прачытаць і правільна зразумець, што за прадукт ён купляе, што ўваходзіць у яго склад. З улікам, што прадукцыя пастаўляецца ў Расею і краіны постсавецкай пасторы, мы выкарыстоўваем мову, даступную і беларусам, і расейцам, лёгкую для ўспрыняцьця і разуменьня», ​—​ тлумачыла яна ў інтэрвію рэсурсу Marketing.by.

Пасьля гэтага актывісты ініцыявалі на «Талацэ» збор 1000 эўра на распрацоўку дызайну беларускай упакоўкі для «Савушкінага прадукту».

«Нам гэтыя грошы не патрэбны, — адказала прадстаўніца берасьцейскага прадпрыемства. — На самой справе фінансавыя выдаткі пры пераходзе на новы від упакоўкі сапраўды маюць месца, але ўсё ж асноўнае — гэта зручнасьць для чытаньня і ўспрыманьня інфармацыі, нанесенай на ўпакоўцы, нашымі спажыўцамі».

Незадаволеныя карыстальнікі Facebook сталі на знак пратэсту засыпаць старонку брэнда дрэннымі адзнакамі і водгукамі. І сёньня карыстальніцкі рэйтынг старонкі кампаніі застаецца вельмі нізкім — усяго 1,8 зь 5.

Чаму «Савушкін прадукт» прынцыпова ігнаруе правы беларускамоўных спажыўцоў?

А тым часам Аляксандар Машэнскі, кіраўнік кампаній «Савушкін прадукт», «Санта Брэмар», «Русское море» ды іншых, узначаліў «Топ-200 пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі» паводле вэрсіі інтэрнэт-выданьня «Ежедневник».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG