2 красавіка Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні Закон аб вытворчасьці арганічнай прадукцыі. Упершыню ў гісторыі Беларусі пад вытворчасьць такога кшталту прадукцыі падведзена заканадаўчая база.
Намесьнік міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Ўладзімер Гракун сказаў, што ў законапраекце вызначана, што лічыць арганічнай прадукцыяй.
Як патлумачыў Свабодзе дэпутат Сяргей Літвін, у законе вызначана, што экалягічная прадукцыя «вырошчваецца без сынтэтычных сродкаў». Для таго, каб распачаць такую дзейнасьць, «зямля мусіць заставацца мінімум тры гады незасеянай, каб ачысьціць глебу».
«Мінэральныя ўгнаеньні павінны замяняцца на натуральныя аналягі (торф, пілавіньне). Пры вырошчваньні арганічнай прадукцыі таксама выкарыстоўваецца шмат ручной працы, што робіць яе больш дарагой», — сказаў Сяргей Літвін.
Паводле законапраекту, фэрмэрам і дзяржаўным гаспадаркам дазволяць весьці паралельна як вытворчасьць звычайнай прадукцыі, так і арганічнай, але ні ў якім выпадку ня зьмешваць іх. Будзе наладжаная сэртыфікацыя вытворчасьці, і адпаведная прадукцыя атрымае спэцыяльны знак «Арганічная прадукцыя».
Паводле спадара Гракуна, у агракамбінаце «Ждановічы» пад Менскам ужо пачалі вырабляць арганічную прадукцыю.
Ільготаў для вытворцаў «арганікі» ня будзе
На пытаньне дэпутаткі Ганны Канапацкай, ці будуць для вытворцаў такой прадукцыі ўводзіцца нейкія льготы, намесьнік міністра адказаў, што яны не прадугледжваюцца, што гэта і так «пэрспэктыўная і добра прыбытковая справа».
Ён паведаміў, што ў Беларусі створаць адзіны рэестар вытворцаў арганічнай прадукцыі, каб кожны пакупнік ведаў, чыю прадукцыю ён набывае.
Уладзімер Гракун сказаў, што зараз у сьвеце пад арганічную прадукцыю занята 58 мільёнаў гектараў зямлі — удвая болей, чым 10 гадоў таму. Да 2020 году сусьветны абарот арганічнай прадукцыі дасягне 130 мільярдаў даляраў. Пры гэтым, паводле чыноўніка, 170 краін у сьвеце ўжо наладзілі вытворчасьць арганічнай прадукцыі. Так што Беларусь у лепшым выпадку стане толькі 171-й.