Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Лукашэнка Дзень Волі сьвяткаваў


Сьвята Незалежнасьці каля менскай Опэры 25 сакавіка 2018
Сьвята Незалежнасьці каля менскай Опэры 25 сакавіка 2018

Алесь Краўцэвіч працягнуў тэму шэсьця/канцэрту 25 сакавіка ў ключы непаразуменьня. Ясна, што кожны мае права на сваю «сьвятую прастату», але, мне думаецца, цяпер ня той час, каб наўмысна ня чуць адзін аднаго і не зьвяраць гадзіньнікі.

Часам стваралася ўражаньне, што гэта Лукашэнкава сьвята, якому мы, натуральна, павінны выказаць свой пратэст.

У неабсяжнай дыскусіі на згаданую тэму напярэдадні і пасьля 25 сакавіка найбольш бянтэжыла вось што. Улада, рэжым, Лукашэнка — як адпраўны пункт амаль кожнай развагі, кожнага пасылу, кожнага аргумэнту. Улада ў розумах многіх і многіх выступала суб’ектам 25 сакавіка і галоўным фактарам нашых рашэньняў. Дазволіць/не дазволіць, разгоніць/не разгоніць, шчырая/ня шчырая… Ня мы, не грамадзянская супольнасьць, не беларусы сабраліся адзначыць 100 гадоў незалежнасьці, а ўлада, рэжым, Лукашэнка. Часам стваралася ўражаньне, што гэта Лукашэнкава сьвята, якому мы, натуральна, павінны выказаць свой пратэст.

«А што, у нас ужо няма супраць чаго пратэставаць!?» — пытаецца Алесь.

Пратэст стаў дысыдэнцкім, але зьбіраюцца на яго збольшага зусім не Гарбанеўскія.

Ёсьць. Толькі за чвэрць стагодзьдзя пратэстаў «нас» чамусьці стала — пералічыць на пальцах. І ўсё, чым «прырасьлі» — хіба тымі, каму 25 сакавіка «никому не интересно». Пратэст стаў дысыдэнцкім, але зьбіраюцца на яго збольшага зусім не Гарбанеўскія.

А я не хачу ў дзень сотых угодкаў незалежнасьці пратэставаць. Бо гэта мая дата і маіх аднадумцаў. Гэта дата нашае веры — кожнага і ўсіх разам. Мы не пратэстуем у царкве. Як, дарэчы, і ня «пляшам». Мы прыйшлі да Опэры па дух адзінства і па асьвету — каб нас стала болей. Мы прыйшлі разам — сьпяваць. Не для ўлады-рэжыму-Лукашэнкі, а для сябе. Мы — суб’ект гэтага сьвята і галоўны фактар нашых рашэньняў. З нас павінна пачынацца кожная развага, кожны пасыл, кожны аргумэнт на тэму 25 сакавіка.

Мы прыдумалі канцэрт, улада не адмовіла нам. Што ж, на добры лад гэта мусіць быць і яе сьвята, бо Беларусь адна на ўсіх. Калі б улада адмовіла, былі б іншымі нашы дзеяньні. Але гэта тактыка.

Мы сабраліся ў правільны час у правільным месцы і трэба ісьці гэтым шляхам далей.

Мы прыйшлі і пабачылі, што нас за чвэрць стагодзьдзя ня стала меней, што болей стала маладых твараў і што гэтая моладзь падзяляе нашу веру ў дэмакратычныя каштоўнасьці і беларускасьць. Значыць, мы сабраліся ў правільны час у правільным месцы і трэба ісьці гэтым шляхам далей. А гэта ўжо стратэгія.

Нам ёсьць супраць чаго пратэставаць. Але выказваць пратэст і лезьці на ражон — ня тое самае. Я, напрыклад, пратэстую супраць таго, каб паэт Някляеў і прафэсар Краўцэвіч пратэставалі на плошчы перад амонам замест таго, каб пашыраць аўдыторыю сваіх прыхільнікаў. Пакуль яны маюць такую магчымасьць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG