Злучаныя Штаты прынялі рашэньне выслаць 60 расейскіх дыпляматаў, зачыніць Генэральнае консульства Расеі ў Сыэтле ў адказ на атручваньне ў Вялікабрытаніі былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля.
У заяве Белага дома з гэтай нагоды гаворыцца, што прэзыдэнт Дональд Трамп «распарадзіўся выгнаць дзясяткі расейскіх афіцэраў выведкі са Злучаных Штатаў і зачыніць расейскае консульства ў Сыэтле з прычыны яго блізкасьці да адной з баз падводных лодак і штаб-кватэры кампаніі Boeing».
У заяве адзначаецца, што Злучаныя Штаты прымаюць гэтую меру сумесна з хаўрусьнікамі па NATO і партнэрамі па ўсім сьвеце ў адказ на выкарыстаньне Расеяй хімічнай зброі ваеннага прызначэньня на тэрыторыі Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі. Адзначаецца, што інцыдэнт у Вялікабрытаніі зьяўляецца «апошнім у працяглай тэндэнцыі дэстабілізацыі ва ўсім сьвеце». «Сёньняшнія дзеяньні робяць ЗША больш бясьпечнымі, памяншаючы здольнасьць Расеі шпіёніць за амэрыканцамі і праводзіць схаваныя апэрацыі, якія пагражаюць нацыянальнай бясьпецы Амэрыкі», — адзначаецца ў заяве.
Сёньняшнія дзеяньні робяць ЗША больш бясьпечнымі, памяншаючы здольнасьць Расеі шпіёніць за амэрыканцамі.
«Злучаныя Штаты, нашы саюзьнікі і партнэры тлумачаць Расеі, што яе дзеяньні не застануцца без наступстваў. Злучаныя Штаты гатовы супрацоўнічаць, каб наладзіць больш цесныя адносіны з Расеяй, але гэта можа адбыцца толькі са зьменай паводзін расейскага ўраду», — адзначаецца ў заяве адміністрацыі ЗША.
Раней паведамлялася, што Нямеччына прыняла рашэньне выслаць чатырох расейскіх дыпляматаў па падазрэньні ў датычнасьці Масквы да атручваньня былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля ў Англіі. Пра гэта паведаміла ў панядзелак нямецкая Sueddeutsche Zeitung. Пазьней міністэрства замежных спраў Нямеччыны пацьвердзіла гэтую інфармацыю. Выконваючы абавязкі прэм’ера Чэхіі Андрэй Бабіш абвясьціў, што яго краіна высылае трох дыпляматаў РФ.
Чатыры расейскія дыпляматы абвешчаныя пэрсонай нон грата ў Польшчы. Пра гэта паведаміў кіраўнік МЗС Польшчы Яцэк Чапутовіч. Паводле яго слоў, Брытанія стала аб’ектам беспрэцэдэнтнай атакі, «мы салідарныя з нашымі саюзьнікамі», — дадаў ён.
Сярод іншых краінаў, якія высылаюць расейскіх дыпляматаў, Данія, Францыя, Латвія, Літва і Нідэрлянды і Фінляндыя. Харватыя і Румынія таксама абвясьцілі пра высылку расейскіх дыпляматаў. Абедзьве краіны адправяць на радзіму па аднаму прадстаўніку расейскай амбасады.
Прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Дональд Туск сказаў, што 14 краін высылаюць расейскіх дыпляматаў і што нельга выключаць далейшыя меры. Украіна, якая не зьяўляецца сябрам ЭЗ, заявіла, што выправадзілі 13 расейскіх дыпляматаў.
Масква адмаўляе адказнасьць за напад 4 сакавіка на Скрыпаля і яго дачку, што стала першым вядомым выкарыстаньнем нэрвова-паралітычнага таксіну ў Эўропе з часоў Другой сусьветнай вайны. У выніку Вялікабрытанія выслала 23 расейцаў, і Масква адказала высылкай той самай колькасьці брытанцаў і закрыцьцём Брытанскага савету — арганізацыі, якая займаецца культурнымі абменамі.