Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэдэрацыя футболу ня хоча дапускаць «Крумкачоў» да чэмпіянату 


Лаўка запасных менскіх «Крумкачоў»
Лаўка запасных менскіх «Крумкачоў»

26 лютага ў Доме футболу адбылося паседжаньне Камітэту клюбнага ліцэнзаваньня Беларускай фэдэрацыі футболу (БФФ). Вырашаўся лёс адзінага прыватнага калектыву ў Найвышэйшай лізе — менскіх «Крумкачоў».

Як паведамляецца на сайце арганізацыі, у сувязі з сыстэматычнымі парушэньнямі патрабаваньняў рэглямэнту ў ліцэнзаваньні і кантролі дзейнасьці клюбаў — неаднаразовае парушэньне тэрмінаў падачы дакумэнтаў, што пацягнула зрыў працэсу ліцэнзаваньня, — вырашана не прымаць да разгляду заяву футбольнага клубу «Крумкачы» ад 12 лютага 2018 году.

Адміністрацыя каманды мае права абскардзіць рашэньне ў апэляцыйным камітэце клюбнага ліцэнзаваньня БФФ цягам трох дзён.

Паводле кіраўніцтва фэдэрацыі, падчас папярэдніх сэзонаў на ўсіх узроўнях шлі насустрач маладой камандзе. Аднак сёлета сытуацыя дасягнула крытычнай адзнакі — сумарны доўг «Крумкачоў» дасягнуў 600 тысяч беларускіх рублёў.

Па выніках паседжаньня Камітэта па статусе і пераходах футбалістаў на калектыў накладзена забарона на рэгістрацыю новых гульцоў. Заявы аб запазычанасьці заробку напісалі 12 футбалістаў і прадстаўнікоў трэнэрскага штабу. Быў дадзены час на пагашэньне даўгоў да 21 лютага. На гэты момант заявы анулявалі толькі 6 чалавек, гаворыцца ў заяве БФФ.

Заснавальнікі «Крумкачоў» не выключаюць, што такім чынам «зачышчаецца» дарога для менскага «Тарпэда». Па выніках мінулага сэзону сталічная каманда ня здолела трапіць у мацнейшы дывізыён, заняўшы трэцяе месца ў Першай лізе.

Пры гэтым аўтазаводцы ня маюць праблемаў зь фінансаваньнем, што для фэдэрацыі зьяўляецца больш важкім момантам, чым непрадказальныя «Крумкачы»: каманда аматараў за два гады ўзьляцела з другой лігі ў найвышэйшую, але ня можа пазбавіцца фінасавых праблемаў.

Фінансавыя праблемы «Крумкачоў»

Фінансавыя праблемы «Крумкачоў» паўсталі яшчэ да таго, як клюб пачаў гуляць у Найвышэйшай лізе. У 2016-м яны сталі першымі ў элітным дывізіёне, хто ня меў дзяржаўнай падтрымкі. Традыцыйна каманды замацаваныя альбо за раённымі і гарадзкімі выканкамамі, альбо за буйнымі прадпрыемствамі.

Заўзятары «Крумкачоў»
Заўзятары «Крумкачоў»

Сэзон-2017 каманда зноў пачала з абмеркаваньня фінансавага становішча. Яшчэ напачатку 2016 году барысаўскі БАТЭ пазычыў «Крумкачам» 150 тысяч даляраў. Палову грошай каманда мусіла вярнуць у жніўні 2016-га, палову — у сьнежні. Аднак празь цяжкае фінансавае становішча «Крумкачы» разьлічыцца ня здолелі. У пачатку 2017-га эканамічны суд Менску вынес рашэньне спагнаць грошы з «Крумкачоў» у загадным парадку.

Праз перабоі з выплатай заробкаў склад «Крумкачоў» пакінуў тузін гульцоў і галоўны трэнэр. Дайшло нават да байкатаваньня матчаў з боку футбалістаў — затрымкі дасягнулі некалькі месяцаў.

Увосень 2017 клюб сабраў праз краўдфандынг звыш 29 тысяч рублёў — чвэрць ад патрэбнай сумы.

На фінішы леташняга чэмпіянату Беларусі «Крумкачы» да апошняга змагаліся за выжываньне і аказаліся 13-мі сярод 16 клюбаў. Калі матэрыяльная частка так і застанецца нявырашанай, новы сэзон стане чарговым жорсткім выпрабаваньнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG