Па зьвестках спартовага выданьня «Прессбол», у адсутнасьць спонсарскіх кантрактаў «Крумкачы» маюць намер рэалізаваць варыянт дзяржпадтрымкі. Гэта пры тым, што адміністрацыя абяцала заўзятарам назваць фундатара, калі ўдасца застацца ў вышэйшай лізе. Варыянт звароту ў дзяржаўныя інстанцыі азначае, што камэрцыйнай падтрымкі гарантаваць пакуль не ўдалося.
«Калі ўсё выгарыць і дапамога зьверху надасьць камандзе другое жыцьцё, мы за яе толькі парадуемся. Але гэта чарговым разам канстатуе відавочны і сумны факт: у прыватнага клюбу ў беларускім футболе будучыні няма. Якія б сьветлыя ідэі ні выношваліся і хто б іх ні ўвасабляў», — адзначае «Прессбол».
Фінансавыя праблемы «Крумкачоў» паўсталі яшчэ да таго, як клюб пачаў гуляць у вышэйшай лізе. У 2016-м яны сталі першымі ў элітным дывізіёне, хто ня меў дзяржаўнай падтрымкі. Традыцыйна каманды замацаваныя альбо за раённымі і гарадзкімі выканкамамі, альбо за буйнымі прадпрыемствамі.
Сэзон-2017 каманда зноў пачала з абмеркаваньня фінансавага становішча. Яшчэ напачатку 2016 году барысаўскі БАТЭ пазычыў «Крумкачам» 150 тысяч даляраў. Палову грошай каманда мусіла вярнуць у жніўні 2016-га, палову — у сьнежні. Аднак празь цяжкае фінансавае становішча «Крумкачы» разьлічыцца ня здолелі. У пачатку 2017-га Эканамічны суд Менску вынес рашэньне спагнаць грошы з «Крумкачоў» у загадным парадку.
Праз перабоі з выплатай заробкаў склад «Крумкачоў» пакінуў тузін гульцоў і галоўны трэнэр. Дайшло нават да байкатаваньня матчаў з боку футбалістаў — затрымкі дасягнулі некалькі месяцаў.
На фінішы мінулагодняга чэмпіянату Беларусі «Крумкачы» да апошняга змагаліся за выжываньне і аказаліся 13-мі сярод 16 клюбаў. Калі матэрыяльная частка так і застанецца нявырашанай, новы сэзон стане чарговым жорсткім выпрабаваньнем.