У межах агульнанацыянальнай акцыі #Мова2018 21 лютага лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч з аднадумцамі па ўсёй Беларусі пачалі збор подпісаў пад пэтыцыяй за беларусізацыю адукацыі і стварэньне першага беларускамоўнага Нацыянальнага ўнівэрсытэту. Адрасаты звароту — Міністэрства адукацыі Беларусі і Савету міністраў.
Свабода вяла відэатрансьляцыю, як Дашкевіч зьбіраў подпісы ў цэнтры Менску.
«Сёньня, пад прыкрыцьцём „двуязічія“ ў Беларусі зьдзяйсьняецца этнацыд беларускага народу, вынішчэньне беларускай мовы. 10-мільённы народ не мае ніводнай вышэйшай навучальнай установы на роднай мове. Адмыслова ствараюцца юрыдычныя і арганізацыйныя перашкоды для выхаваньня і адукацыі дзяцей на роднай мове», — гаворыцца ў пэтыцыі.
Яе аўтары заклікаюць органы ўлады распрацаваць праграму адрэджэньня беларускай мовы ў сфэры адукацыі, стварыць юрыдычныя ўмовы для рэгістрацыі прыватных дзіцячых садкоў, школ і ВНУ, а таксама стварыць першы беларускамоўны Нацыянальны ўнівэрсытэт.