Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Менску адзначаць Дзень роднай мовы. Тузін імпрэзаў


Афіша «Сьвята роднай мовы» ад «Арт-сядзібы», фрагмэнт
Афіша «Сьвята роднай мовы» ад «Арт-сядзібы», фрагмэнт

Менская культурніцкая пляцоўка «Арт-сядзіба» заплянавала на 21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы — бясплатны канцэрт, экскурсію-вандроўку, а таксама сымбалічную акцыю, зьвязаную зь Беларускай Народнай Рэспублікай.

Error rendering VK.

Асноўным мерапрыемствам «Арт-сядзібы» 21 лютага стане канцэрт «Сьвята роднай мовы» ў менскай рэстарацыі «Грай» з удзелам музыкаў :B:N:, Mikita, Rahis і The Superbullz. Акрамя музыкі, там анансаваная «жывая бібліятэка» і дзіцячая зона з гульнямі і батлейкай. Таксама ў гэты дзень зьбіраюцца адзначыць падпісаньне Першай устаўной граматы БНР — кожнаму ахвочаму на сьвяце прапануюць пакінуць подпіс пад граматай і атрымаць яе копію на памяць. Пачатак а 17-й гадзіне, уваход на сьвята вольны, але паводле папярэдняга запісу.

Сэрыя экскурсіяў-вандровак «Кузьня беларускага духу» прысьвечаная нараджэньню Беларускай Народнай Рэспублікі сто год таму. Першая экскурсія пачнецца а 18-й гадзіне 21 лютага, наступныя пройдуць у той жа час 9 і 25 сакавіка. Удзел бясплатны, але трэба папярэдне запісацца.

Экскурсіі ёсьць часткай больш шырокага сьвяткаваньня стагодзьдзя БНР. Таксама да 100-годзьдзя БНР будзе прымеркаваны шэраг лекцыяў у «Арт-сядзібе» — распачне цыкль 22 лютага гісторык Андрусь Унучак зь лекцыяй «Спадчына БНР, якой мы карыстаемся сёньня». Пачатак а 19-й, уваход вольны, але абавязковая рэгістрацыя.

На 21 лютага лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч анансаваў акцыю #Мова2018 — збор подпісаў за беларусізацыю адукацыі і стварэньне першага беларускамоўнага Нацыянальнага ўнівэрсытэту. Подпісы будуць зьбіраць у васьмі месцах у Менску, а таксама ў Бабруйску, Баранавічах і Чэрвені.

У Менскай прасторы «Пакой 3/0/2» 21 лютага а 18:30 на мерапрыемстве Задзіночаньня беларускіх студэнтаў выступяць распачынальнік праекту Say.by Аляксандар Шастаковіч, паэт Віталь Рыжкоў і заснавальнік брэнду адзеньня LSTR Ільля Аксёнаў. Таксама анансаваны прагляд фільму ў беларускай агучцы і роспіс печыва глазурай у нацыянальным стылі. Уваход вольны, але па запісе.

Таварыства беларускай мовы 21 лютага ладзіць у сваім менсім офісе Агульнанацыянальную дыктоўку, уваход вольны, пачатак а 18:45. Міністэрства культуры ладзіць сваю дыктоўку ў музэі Якуба Коласа з 10-й па 17-ю гадзіны. Да Дня роднай мовы беларускую дыктоўку правядуць і ў Вільні.

Свае мерапрыемствы на Дзень роднай мовы заплянавала і Акадэмія навук. 21 лютага ў Інстытуце мовазнаўства адбудзецца міжнародная навуковая канфэрэнцыя «Беларуская мова ў сфэры sacrum: гісторыя і сучаснасьць», а 14-й гадзіне там прадставяць юбілейнае выданьне «Псалтыра» па-беларуску, а ў 14:30 пачне работу круглы стол «На якой мове зьвяртацца да Бога».

На наступны дзень, 22 лютага, Акадэмія анансуе разам з музэем Якуба Коласа імпрэзу «Па старонках «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» з выступам аўтараў слоўніка, чытаньнямі старабеларускіх тэкстаў і выступам дуэту Čarka — гэта будзе ў Інстытуце мовазнаўства, пачатак а 18:30. Газэта «Звязда» напярэдадні правяла круглы стол «Ужываньне беларускай мовы ў розных сфэрах: культура і пісьменнасьць» і сёньня публікуе яго матэрыялы. Сёньня ў Музэі І зьезду РСДРП адбудзецца пасяджэньне навукова-асьветніцкіх курсаў на тэму «Размоўная лексыка ў сучаснай беларускай мове».

У музэі Янкі Купалы ад 22 лютага можна будзе наведаць выставу «Абуджаная жалейка», прысьвечаную цыклю патрыятычных вершаў Купалы 1918 году, натхнёных першым крокам да незалежнасьці Беларусі.

З нагоды Дня роднай мовы 24 і 25 лютага ініцыятыва «Беларускія ўікэнды» зладзіць дадатковыя паказы фільмаў па-беларуску — «Шторм. Палаючы ліст» і «Таямніца Келза» ў менскім кінатэатры «Масква».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG