Беларускі ПЭН-цэнтар разам з Культурным цэнтрам «Корпус» і ініцыятывай «РосУзник» правядзе ў Менску мерапрыемства, прысьвечанае Алегу Сянцову — украінскаму кінарэжысэру, сцэнарысту і пісьменьніку, асуджанаму ў Расеі да 20 гадоў зьняволеньня.
Сустрэча адбудзецца 26 лютага, у Дзень супраціву расейскай агрэсіі ў Крыме, калі заплянаваныя акцыі ў падтрымку Алега Сянцова ва ўсім сьвеце.
У праграме збораў у Менску — лекцыя крытыка Максіма Жбанкова пра ўкраінскі кінематограф і месца Сянцова ў ім, прагучыць аповяд пра ўмовы зьняволеньня Сянцова і сытуацыю зь іншымі палітвязьнямі, адбудзецца прагляд фільма Алега Сянцова «Гамэр», таксама можна будзе купіць ягоныя кнігі.
Беларуска Яна Ганчарова, якая лістуецца з Алегам, раскажа пра ягонае паведамленьне з расейскай турмы. На захадзе зьбіраюцца напісаць лісты Сянцову, распавесьці, як можна дапамагчы яму і ягонай сям’і, паведамляе Беларускі ПЭН-цэнтар.
Алег Сянцоў разам з Аляксандрам Кольчанкам былі затрыманыя расейскімі спэцслужбамі ў анэксаваным Крыме ў траўні 2014 году. Іх абвінавачваюць у арганізацыі тэрактаў на паўвостраве.
У жніўні 2015 году суд у расейскім Растове-на-Доне прысудзіў Сянцова да 20 гадоў калёніі строгага рэжыму па абвінавачаньні ў тэрарыстычнай дзейнасьці на тэрыторыі Крыму. Кольчанка атрымаў 10 гадоў калёніі. Абвінавачаныя віну не прызналі.
Алег Сянцоў і Аляксандар Кольчанка прызнаныя праваабарончым рухам «Мэмарыял» палітычнымі вязьнямі.