Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўрадзе Ўкраіны дапускаюць магчымы ўдзел Беларусі ў міратворчай місіі на Данбасе


Георгі Тука
Георгі Тука

Намесьнік міністра Ўкраіны ў пытаньнях часова акупаваных тэрыторый і ўнутраных перамешчаных асоб Георгі Тука лічыць заўчаснай і неабгрунтаванай крытыку магчымага ўдзелу Беларусі ў міратворчай місіі на Данбасе з боку ўкраінскіх палітыкаў.

«Калі з 20 тысяч умоўнага кантынгенту будзе беларуская місія ў складзе трох афіцэраў? Гэта крах? Справа ня ў тым, будуць там беларусы ці не. Справа ў тым, якая колькасьць іх там будзе і якія функцыі яны будуць выконваць», — сказаў Георгі Тука, камэнтуючы на тэлеканале «112 Украіна» пытаньне пра магчымы ўдзел Беларусі ў міратворчай місіі.

«Калі іх (беларусаў — РС) будзе 10 асоб, якія будуць кіроўцамі на грузавіках, што будуць развозіць гуманітарныя грузы, то што ў гэтым такога надзвычайнага? Ужо адразу патрыёты давай вышыванкі рваць, казаць „нізавошта, ні пры якіх абставінах“. Так нельга. Перш чым рваць вышыванкі, трэба падумаць, чым потым іх зашываць», — дадаў намесьнік міністра Ўкраіны ў пытаньнях часова акупаваных тэрыторый і ўнутраных перамешчаных асоб.

Летась у лістападзе кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў пра гатоўнасьць накіраваць міратворчую місію на Данбас. Тады першая намесьніца кіраўніка Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ірына Герашчанка заявіла, што перш чым прапанаваць свой удзел у міратворчай місіі на Данбасе, Беларусь павінна прадэманстраваць сапраўдную нэўтральную пазыцыю ў расейска-ўкраінскім канфлікце.

У лютым стала вядома, што краінам «нармандзкай чацьвёркі» (Нямеччына, Расея, Украіна і Францыя), а таксама ААН будзе прадстаўленая справаздача, у якой прапануецца даслаць ва ўсходнюю Ўкраіну вайсковы кантынгент у 20 тысяч вайскоўцаў з краінаў, якія не зьяўляюцца чальцамі NATO, у прыватнасьці са Швэцыі, Бразыліі і Беларусі, і 4000 паліцэйскіх дзеля таго, каб дапамагчы ўрэгуляваць крызіс ва Ўкраіне. Суаўтарамі адпаведнай справаздачы сталі экспэрт ААН з Калюмбійскага ўнівэрсытэту Рычард Гован і былы генэральны сакратар NATO Андэрс Фог Расмусэн, цяперашні дарадца прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG