Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары як кумаўство. Топ-5 вэрсій навошта ўладам фальсыфікаваць выбары


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

«Усё марна», «нічога ня будзе», «усё пад кантролем», «вам спачатку дадуць пагуляцца, пасьля забяруць», «яны што хочуць тое і зробяць». Гэта прыблізны пералік заклінаньняў многіх беларусаў ад часоў «сярэдняга Лукашэнкі» — ад 2001 году.

У такіх вось «наканаванцаў» няма адказу на адно канкрэтнае пытаньне: калі ўсё пад кантролем, навошта ўладам фальсыфікаваць выбары?

1. Псыхалягічнае ашуканства. Калега Ўладзімер Глод кажа пра неабходнасьць зьбіць накал незадавальненьня: «Многія думаюць пра тое, што ня ўсё ў краіне так добра, але калі абвесьцяць вынікі, што каля 80% выбарнікаў прагаласавалі і пераважная большасьць падтрымала ўладу, то чалавек пачынае думаць: «А, можа, я памыляюся?». І тады грамадзкі пратэст зьбіваецца ў зародку.

2. Негалосны кантракт «кумаўства». Як той казаў, людзі не дурныя. Усе ўсё збольшага разумеюць. Найперш разумеюць, што ёсьць паняцьце дамоўленасьцяў. «Мы за вас, а вы нам тое, тое і тое». Спрошчана кажучы, гаворка пра традыцыйнае кумаўство. «Мы ідзем на выбары, а вы нам па пяцьсот і рамантуеце дарогу ў нашым раёне». Рука руку мые, ты мне, я табе — гэты прынцып узаемадзеяньня ў грамадзтве зразумелы і прымальны ад маленства аграмаднай колькасьцю грамадзінаў Беларусі. Таму ўладзе нельга прадэманстраваць, што заключаная ў 1994 годзе «кумаўская» дамова трашчыць па швах. Што калісьці спраўныя выплаты па дамове ўжо немагчымыя ў тым аб'ёме, як было калісьці. Тады, калі расьлі заробкі, ліліся ракою ільготныя крэдыты і вось-вось сярэдні заробак мусіў вырасьці да эквіваленту тысячы даляраў.

3. Гульня ў нармальнасьць. Тэарэтычна Лукашэнка мог бы правесьці рэфэрэндум пра адмену хоць бы мясцовых ды парлямэнцкіх выбараў з сурʼёзнай для многіх матывацыяй — эканомія грошай. «Я вам бальніцы пабудую». Апрыёры ляяльныя да ўлады выбарнікі альбо ашуканыя згодна вышэй пазначанага першага пункту, плюс гульня ў выбаркамаўскія напёрсткі ад Ярмошынай, і рэфэрэндум адбываецца зь 99% «за». І вось, напрыклад, у такой сытуацыі ламаецца пазначаны ў пункце 2 негалосны «кумаўскі» кантракт. Як тады ўдзельнікі дамовы могуць пацьвярджаць, што трымаюцца слова? Цяпер можна сказаць: «Я іду на выбары, давай абяцаныя папяцьсот». Альбо: «Не даеш абяцанае, дык хоць дарогу адрамантуй. Не? Усё, не іду». Калі выбары адмяніць ці хоць бы пусьціць на самацёк, можа зьнікнуць дамова і пачнецца ўнутрывідавы хаос «гасударавых» людзей.

4. Перад людзьмі няёмка. А што скажуць за мяжой? Мусіць быць як у людзей. Па-першае, у «стратэгічнага саюзьніка», то бок у Расеі, выбары ёсьць. Тут нельга выглядаць белай варонай. Па-другое, выбары ёсьць ва ўсіх на сьвеце. Не Расеяй адзінай насамрэч жыве эканоміка і палітыка Беларусі. Як размаўляць з эўрапейскімі эканамічнымі партнэрамі? Пра грошы, пра «асаблівую ролю Беларусі ў міратворчых працэсах»? «Што там выбары, сматрыце, у нас дажэ апазіцыя есьць». Зь іншага боку, нельга дапусьціць, напрыклад, 10% яўку на мясцовых, 25% на парлямэнцкіх і 35% на прэзыдэнцкіх выбарах. Гэта несалідна, з такімі партнэрамі хто ж размаўляць будзе?

5. «Праверка на дарогах». Як па мне, самае галоўнае для ўлады хоць у якіх выбарах — гэта праца з кадрамі. Іх праверка, абкатка і ўмацаваньне. Сам факт таго, што ты, дзяця/цёця, фальсыфікаваў выбары, робіць цябе сваім у найлепшым выпадку. А пры няўдалым раскладзе «сядзем усе». Выбары — гэта адбор сяброў негалоснай партыі ўлады. «Усе хады запісаныя», усе ўдзельнікі гульні вядомыя і адсочваюцца. Хоць ты раздавай узнагароды: «За ўзяцьце выбарчай акругі нумар тры», «Ордэн фальсыфікатарскай славы», «Герой-фальсыфікатар». У рэальнасьці ў адданых працэсу фальсыфікацыі выбараў людзей мусяць быць пэўныя сацыяльныя бонусы.

Усё разам пералічанае азначае, што выбары ў Беларусі — гэта ў першую чаргу ўнутраная гульня «гасударавых людзей». І толькі ў другую чаргу — гульня «гасударавага кляну» зь ляяльнымі грамадзянамі, якія чакаюць бонусаў.

Застаецца адно разуменьне — бонусаў будзе ўсё меней, іх няма адкуль браць. Калі разуменьне прыйдзе, зьменіцца і характар выбараў бяз выбару.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG