Нямецкія інвэстары хочуць аднаўляць закінутыя тэрыторыі вакол Чарнобыльскай АЭС і ўжо ўсталявалі на тэрыторыі 4-га энэргаблёку сонечную электрастанцыю за 1 млн эўра. Акупіць праект яны разьлічваюць на працягу 7 гадоў, паведамляе «Настоящее время».
Пра будаўніцтва сонечных электрастанцый на тэрыторыі Чарнобыльскай АЭС ва Ўкраіне загаварылі ўлетку 2017 году. Першая такая станцыя магутнасьцю 1 мэгават знаходзіцца ўсяго ў ста мэтрах ад «саркафагу», які быў пабудаваны над 4-м энэргаблёкам. Будаўнікі запэўніваюць, што яна можа задаволіць патрэбы пасёлка сярэдняга памеру. Праўда, каб паўнавартасна замяніць энэргаблёк, які выбухнуў на Чарнобыльскай АЭС, трэба будзе пабудаваць прыкладна тысячу сонечных станцый.
«Тут няма ніякай зямлі, мы знаходзімся на бэтоннай пляцоўцы, гэта прамысловая пляцоўка. Адпаведна, мы выконваем усе патрабаваньні па радыёлагічнай бясьпецы вельмі строга і вельмі старанна», — запэўнівае Яўген Варанін, дырэктар кампаніі «Солар Чарнобыль».
Ва ўкраінскай энэргетычнай кампаніі, тым ня менш, лічаць, што менавіта за альтэрнатыўнай энэргетыкай будучыня, і маюць намер да 2030 году павялічыць яе долю ў агульнай выпрацоўцы да 25%. У той жа час ва Ўкраінскім інстытуце будучыні лічаць, што «зялёная» энэргетыка можа ўдарыць па кішэні спажыўцоў.
«Гэта занадта дорага. „Зялёны“ тарыф складае 15 эвроцэнтаў за кВт у гадзіну. Улічваючы цяперашні курс — гэта 35 грыўняў у параўнаньні са звычайным тарыфам у 4 грыўні з капейкамі», — заўважае Андрыян Прокіп, экспэрт праграмы «Энэргетыка».
Алег Дзенісенка, дэпутат мясцовага савета, упэўнены, што дзяржава зваліць плату за альтэрнатыўную энэргетыку менавіта на плечы простых грамадзян.
«Давайце палічым 3,5 грыўні за электраэнэргію, у месяц каля 300 кВатт мой дом спажывае. Адпаведна 1350 грыўняў я павінен плаціць толькі за электраэнэргію па „сонечным тарыфе“, — лічыць Дзенісенка. — Гэта адчувальна. Мая жонка працуе ў садку, яна атрымлівае 3200 грыўняў у месяц».