За апошні тыдзень я справакаваў на сваім Фэйсбуку некалькі хайпаў па гісторыі. Людзі спрачаюцца дагэтуль, хто больш перад кім вінаваты: палякі перад беларусамі ці наадварот. Беларусы перад габрэямі ці наадварот.
Што мы хочам адны адным даказаць: хто больш белы і пухнаты і ў каго большыя крылы і німб над галавой? Пацярпіце і пачытайце кароткую гісторыю Беларусі. Ніжэй.
Я вырас у вёсцы, дзе насельніцтва перад Другой сусьветнай вайной называла сябе польскім. Прыйшлі ў 1939 годзе бальшавікі, частка гэтых палякаў і мясцовых габрэяў віталі акупантаў з кветкамі. Мясцовы паляк узначаліў сельсавет. Яго застрэлілі свае, палякі. Тых, што віталі, камуністы потым назвалі ў кніжках беларусамі. Частка габрэяў і мясцовых палякаў пайшлі ў міліцыю. Калі вывозілі асаднікаў, то тыя самыя мясцовыя палякі і гэтыя габрэі, як кажуць мясцовыя, складалі сьпісы, каго вывозіць.
Частка хавалася дома і малілася, каб іх хаця ніхто не чапаў. Арыштавалі майго прадзеда. На яго напісаў данос сусед і былы аднаклясьнік, такі самы паляк, які ня мог дараваць, што ў дзеда за польскім часам някепска ішлі справы. Дзеда адправілі па лягерах. У 1941 годзе ён быў у лягеры на Віцебшчыне, яго вызвалілі немцы і выправілі да сям’і.
Прадзед вярнуўся да сям’і і ахоўваў сьпіртзавод ад партызанаў. Сёньня яго, напэўна, назвалі б паліцаем. Бо ж немцы далі яму гэтую працу. Ці ён мусіў ісьці ў савецкія партызаны, якія ў 1939 годзе ўнесьлі яго ў расстрэльны сьпіс? Тыя немцы потым расстралялі сямʼю прабабулі на хутары Вялік пад Івянцом, а рускія партызаны яе стрыечную сястру, вядомую польскую падпольшчыцу Марысю Чаінскую. Потым, у 1944-м, дзеда па старой памяці ізноў загрэблі бальшавікі. На судзе ён назваў сябе беларусам. Не дапамагло. Выслалі ў Сібір.
Налібацкія габрэі, каб заслужыць давер камуністаў, скінулі ў 1939-м у возера каля касьцёла скульптуру Яна Хрысьціцеля. Многія мясцовыя былі абураныя. Прыйшлі немцы. Габрэяў з Налібак восеньню 1941-га забралі ў гета ў Наваградак або расстралялі ў лесе пад Івянцом. Частка ўратавалася, іх хавалі мясцовыя ў Налібаках. У суседняй вёсцы быў адзін габрэй, ён схаваўся ў бочку з капустай. Выдала суседка. Я пытаўся ў маёй бабы, чаму яна яго выдала: «От, прыдуркаватая і зайздросная была».
Наваградзкія габрэі хацелі праз Стоўпцы рвануць на ўсход, але савецкія жаўнеры, якія нібыта ў 1939 годзе аб’ядналі Беларусь, стралялі ў іх на былой мяжы, якая, як выявілася, усё яшчэ існавала — і праз 2 гады пасьля аб’яднаньня. Мясцовыя палякі ўцяклі ў савецкую партызанку, а частка ў польскую. І тыя, і другія, прыходзілі абкрадаць мясцовых уначы. Паверце, тым было да лямпачкі, якія ў тых партызанаў нашыўкі на рукавах. У партызаны пайшлі і мясцовыя габрэі. Польскіх партызанаў яны баяліся, былі больш блізкія да саветаў, дзе былі тыя самыя налібацкія. Некаторых зь іх саветы расстралялі, а потым далі згоду на ўласныя атрады, але без узаемнай любові.
Немцы зь мясцовых палякаў стварылі Самаахову, якую цяпер у Польшчы палякі называюць беларускай паліцыяй. І калі адзін мясцовы паляк (былы жаўнер Войска Польскага, які ў 1939 годзе змагаўся супраць немцаў), нібыта застрэліў савецкага камандзіра і справакаваў разьню ў Налібаках, у якой загінула 128 мясцовых, то яго польскія гісторыкі назвалі беларускім паліцаем. Дарэчы, самі палякі яго ў 1950-ыя гады асудзілі на расстрэл у Варшаве.
Другі мой прадзед, які таксама лічыў сябе палякам, жыў на хутары. Там у яго хаваліся і габрэі, і польскія АКаўцы, і савецкія маёры. Палякаў ён сам вітаў, бальшавікі «прасілі» з пісталетам. Часам у госьці заяжджаў «беларускі паліцай» Скродзкі, паляк як і прадзед, шукаў у яго габрэяў, бо людзі кажуць... Саветы ўрэшце хутар спалілі.
У 1944 годзе польскія партызаны пачалі адступаць з нашай пушчы ад саветаў у пачцы зь немцамі. У літаральным сэнсе. Прадзеда ў 1944-м выслалі ў Краснаярскі край, да белых мядзьведзяў. Данос напісаў мясцовы паляк, сусед (бытавуха, сусед хацеў ажаніцца з бабуляй, а яна яго адсандаліла). Прадзеда абвінавацілі ў супрацы зь немцамі (то бок дапамозе палякам). Яго спрабаваў ратаваць нейкі НКВДыст, які ўзяў за жонку прадзедаву сястру стрыечную, але яна адгаварыла мужа ад ратунку сваяка, «Ваня, падумай, што будзет с намі». Дарэчы, Ваня і яна паўгода жылі ў прадзеда за печкай, калі прыйшлі немцы.
Маю прабабулю пасьля высылкі мужа пагражалі выслаць да яго праз год, бо яна была ня ў стане плаціць збожжам падаткі новай савецкай уладзе. Выратаваў яе габрэй, якога яна хавала на пачатку вайны. Ён працаваў у НКВД у Івянцы пасьля сыходу немцаў.
Стрыечнага брата маёй бабулі, паляка, саветы выслалі на фронт у апошнія месяцы вайны. Ён загінуў і цяпер лічыцца адным зь беларускіх франтавікоў, які загінуў у баях з агрэсарам, што напаў на СССР, які ён бараніў. Уся яго сям’я, мае прабабулі і яе дочкі (акрамя маёй бабулі) выехалі ў Польшчу, як яны думалі, на радзіму. Там іх называлі кацапамі.
Мая бабуля ажанілася зь дзедам, сынам паляка — увага! — чальца тарашкевічаўскай Грамады, які пасьля вайны адмовіўся ехаць у Польшчу, бо лічыў, што яна па яго сама вернецца. Ягоны сын, мой дзед, пасьля вайны лічыў сябе палякам і камуністам. Ягоны сын, мой дзядзька, быў у 90-ыя «бээнэфаўцам» і лічыць сябе беларусам. Беларускай сябе лічыць і мая маці, яго сястра, якая ніколі ў партыю не ўступала, у адрозьненьне ад бацькі і брата.
Для мяне гісторыя — гэта не навука пра факты. Гэта навука пра этыку, дзе факты — гэта доказ і прыкмета таго, як людзі прымаюць рашэньні. Пад уплывам каго і чаго, зь якой матывацыяй. Гісторыя як інструмэнт палітычнай барацьбы, тролінгу ці папроку ў крыўдах — мяне не цікавіць.
Я сябе лічу беларусам і дзякую провіду, што я жыву ў нармальным, а не бл*зкім часе, калі б я мусіў рабіць складаныя выбары.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.