Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кожнага свае сьвяты закаханых. Марціновіч, Кустава і Севярынец — пра 14 лютага


Ілюстрацыйнае фота. ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота. ©Shutterstock

Свабода запыталася ў мэдыйных пэрсон, як яны ставяцца да Дня сьвятога Валянціна і ці сьвяткуюць яго.

Павал Севярынец: «Для нас гэта будзе дзень утульнага дамашняга каханьня»

Палітык Павал Севярынец кажа, сьвята само па сабе добрае, і Дзень сьвятога Валянціна мае яшчэ і хрысьціянскія карані.

Павал Севярынец з жонкай Вольгай
Павал Севярынец з жонкай Вольгай

«Для мяне яно яшчэ і таму значнае, што 20 гадоў назад менавіта „Малады фронт“ пачаў „раскручваць“ Дзень закаханых. Таму для нас гэта дзень зь кветкамі, дзень асаблівых падарункаў.

Але цяпер гэта падарункі дамашнія — стварыць асаблівую сьвяточную атмасфэру для каханай жонкі Волечкі. Тым больш, што мы чакаем сына Францішка, на восьмым месяцы. Таму для нас гэта будзе дзень утульнага дамашняга каханьня. Увечары будзе сюрпрыз. Які — распавядаць ня буду».

Валярына Кустава: «Хацелася б, каб дзён закаханых было значна больш, чым календарных нагодаў»

Паэтка і тэлевядучая Валярына Кустава прыгадала, як яна першы раз адзначала Дзень сьвятога Валянціна яшчэ да таго, як выйшла замуж. Пасьля гэтага сьвяткуе Дзень закаханых абавязкова.

Валярына Кустава і Васіль Дранько-Майсюк
Валярына Кустава і Васіль Дранько-Майсюк

«Некалі паэт Уладзімер Някляеў запрасіў мяне ў кавярню 14 лютага і прапанаваў адзначаць ня Дзень сьвятога Валянціна, а дзень Міхася — дзень народзінаў Міхася Стральцова. І ўвесь вечар чытаў яго вершы. І гэта, бадай, быў адзін з найлепшых Дзён сьвятога Валянціна ў маім жыцьці, хоць мы адзначалі тады не яго.

Натуральна, хацелася б, каб дзён закаханых было значна больш, чым каляндарных нагодаў для гэтага. Каб сьвяты каханьня ў тым ліку і беларусы прыдумлялі самі. Няхай будзе і Дзень сьвятога Валянціна, бо гэта яшчэ адна нагода ўзгадаць сваіх любімых, каханых, чарговы раз усьміхнуцца і пацалаваць».

Віктар Марціновіч: «Праз 5 гадоў Дзень сьвятога Валянціна будзе абвешчаны гендэрна некарэктным сьвятам»

Пісьменьнік Віктар Марціновіч распавёў, што акурат сёньня, у Дзень сьвятога Валянціна адзін інтэрнэт-часопіс апублікаваў яго апавяданьне «Гэта ўсё, што я думаю пра жанчын».

Віктар Марціновіч
Віктар Марціновіч

«Мы жывем у час, калі любое выказваньне на тэму каханьня ці пола можа быць лёгка інтэрпрэтаванае як харасмэнт ці дамагальніцтва. Таму, ведаеце, мне здаецца, што праз 5 гадоў нават Дзень сьвятога Валянціна будзе абвешчаны гендэрна некарэктным сьвятам. А пакуль што ёсьць такая магчымасьць сьвяткаваць ціхенька. Таму сьпяшаюся цяпер нешта напісаць, некаму сказаць, што я яе кахаю».

Альгерд Бахарэвіч: «У нас з жонкай ёсьць больш важныя сьвяты»

А вось яшчэ адзін папулярны пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч ніяк не адзначае Дзень сьвятога Валянціна. Ён зьдзіўлена прамовіў, што Свабода яму нагадала пра дзень закаханых.

Алегерд Бахарэвіч з жонкай Юліяй Цімафеевай
Алегерд Бахарэвіч з жонкай Юліяй Цімафеевай

«У нас з жонкай ёсьць свае, больш важныя для нас сьвяты, якія мы адзначаем, іх даволі шмат. А часовыя модныя надуманыя зьявы мы ня любім, не падпарадкоўваемся масавым захапленьням».

Алена Анісім: «Трэба ведаць, адзначаць, шанаваць традыцыйныя сьвяты»

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім лічыць, што для яе гэта сьвята — Дзень сьвятога Валянціна — ненатуральнае.

Алена Анісім
Алена Анісім

«Гэта сьвята, якое ў нас пачало распаўсюджвацца даволі позна, яно для мяне ненатуральнае. Даруйце, але як ёсьць — так ёсьць. У дачыненьні да гэтага магу сказаць, што я і Гэлуін не прызнаю.

Я лічу, што трэба ведаць, адзначаць, шанаваць свае традыцыйныя сьвяты, умець іх сьвяткаваць.

Але я радуюся сёньня за маладых людзей, хто ў такі ясны, сонечны дзень павіншуе адзін аднаго, прадэманструе шчырыя пачуцьці, падорыць кветкі. Таму мая пазыцыя такая: хто сьвяткуе — хай сьвяткуе. А я — не».

Валянцін Стэфановіч: «Падару жонцы ружы»

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч на жартаўлівае пытаньне Свабоды, ці лічыць ён сябе сьвятым Валянцінам, адказаў, што не, «німба над галавой пакуль няма».

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

«Гэта сьвята неяк асабліва ў сям’і мы не сьвяткуем. Ёсьць шмат іншых, больш значных. Але каханай жонцы Аліне кветкі дару — гэта будуць ружы. Хутчэй за ўсё, бардовыя. А можа, ружовыя».

Зьміцер Вайцюшкевіч: «Адмыслова не адзначаю, але кветкі жонцы падараваць давядзецца»

Музыка Зьміцер Вайцюшкевіч салідарны ў Валянцінам Стэфановічам. Кажа, што Дзень сьвятога Валянціна таксама звычайна адмыслова не адзначае. Але раз нагадалі, кветкі жонцы падаруе.

Зьміцер Вайцюшкевіч, фота 2009 году
Зьміцер Вайцюшкевіч, фота 2009 году

«Сёлета так атрымалася, што мы зь сям’ёй прыехалі ў Вільню і шпацыруем цяпер па Старым горадзе. Будзем лічым, што гэта мой падарунак каханым жонцы і дзецям на Дзень сьвятога Валянціна. Натуральна, пасьля такога пытаньня Свабоды кветкі жонцы давядзецца падарыць. І рамантычную вячэру таксама».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG