Для кожнай адстаўкі можна знайсьці нейкія прыватныя прычыны, якія тычацца менавіта гэтага рэдактара: адзін вельмі немалады, іншы, скажам, хварэе, СМІ трэцяга нешта нахамуталі. Але вось такая замена кіраўнікоў усіх ключавых дзяржаўных СМІ можа тлумачыцца толькі неабходнасьцю мяняць лінію.
Якой павінна быць лінія — аб гэтым прэзыдэнт пры прызначэньні не сказаў. Але цікава адзначыць, што напярэдадні першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Максім Рыжанкоў на калегіі міністэрства інфармацыі нейкія ўстаноўкі сфармуляваў: «Кожны рэсурс павінен прадстаўляць нешта асаблівае, арыентаванае на пэўны сэгмэнт грамадзтва. Акрамя таго, трэба нарошчваць аб’ём кантэнту ўласнай вытворчасьці, гэта датычыцца ў першую чаргу беларускіх тэлеканалаў. Гэта важна для ўмацаваньня сувэрэнітэту краіны, для папулярызацыі нацыянальных каштоўнасьцяў».
Галоўны выклік для беларускай дзяржаўнай інфармацыйнай машыны — канкурэнцыя з боку расейскіх СМІ. Беларусы ў значнай ступені глядзяць на сьвет вачыма расейскіх тэлеканалаў. Адсюль і задача — неяк збалянсаваць гэты ўплыў, супрацьпаставіць яму свой кантэнт, сваё бачаньне.
Леташнія інфармацыйныя бітвы падчас вучэньняў «Захад-2017» паказалі, што ў крытычнай сытуацыі дзяржаўным СМІ па вялікім рахунку проста няма чаго супрацьпаставіць інфармацыйнай моцы расейскіх калегаў.
І іншая задача — асучасьненьне дзяржаўных СМІ. Традыцыйныя СМІ ва ўсім сьвеце, і ў Беларусі ў тым ліку, адступаюць пад ціскам сучасных камунікацыяў, у прыватнасьці, сацыяльных сетак. У моладзевым сэгмэнце аўдыторыі газэты і ТБ у гэтай бітве ўжо прайграюць. Адсюль і задача знайсьці мову, сродкі, з дапамогай якіх варта заваяваць аўдыторыю, якая няўхільна губляецца.
Своеасаблівым тэстам у гэтым сэнсе стала асьвятленьне справы Аляксандра Коржыча, салдата, які загінуў у «вучэбцы» ў Печах. У першыя тыдні разьвіцьця гэтай справы дзяржаўныя СМІ прайгралі ўшчэнт некалькім недзяржаўным СМІ і сацсеткам.
Фігуральна кажучы, новыя начальнікі вядучых дзяржСМІ павінны вучыцца ў расейскіх тэлеканалаў і ў ТUT.by. І не таму што гэтыя ўзоры здаюцца такімі ўжо прывабнымі для беларускай улады, а з-за іх эфэктыўнасьці.
З падобных меркаваных тэхналягічных зьменаў наўпрост не вынікае, як менавіта павінен і будзе мяняцца кантэнт, пасланьне сваёй аўдыторыі дзяржаўных СМІ пры новых начальнікаў. Аднак можна меркаваць, што большай ідэалягічнай цямнасьці і ўзгодненасьці цяпер будуць патрабаваць.
Вось пару падзеяў апошніх дзён: старшыня (ужо былы) Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька ў адказ на прапанову лідэра БНФ адсьвяткаваць на дзяржаўным узроўні сотую гадавіну БНР нагадаў пра ня самыя сьветлыя старонкі гісторыі той рэспублікі, пра знакаміты ліст Рады БНР кайзэру з просьбай аб заступніцтве. І адначасова міністэрства культуры дазваляе да паказу камэдыю «Сьмерць Сталіна», забароненую ў Расеі. Ведамствы розныя, але і лініі розныя. Адной няма. Усё ж ці БНР, ці Сталін. Магчыма, у гэтым і праблема.
На першым часе ўзгодненасьць лініі будзе забясьпечвацца да пэўнай ступені аўтаматычна. Аўтарытэт новых кіраўнікоў ня будзе па першым часе і блізка такім, якім ён быў у Генадзя Давыдзькі і ўжо тым больш не такім, як у патрыярха айчыннай журналістыкі Паўла Якубовіча. Якубовічу многае дазвалялася, Якубовіч многае рабіў пад сваю адказнасьць і на сваю рызыку, яго вага ў дзяржаўнай сыстэме значна перавышала фармальныя паўнамоцтвы і магчымасьці рэдактара прэзыдэнцкай газэты.
Новыя прызначэнцы будуць вымушаныя ўчыняць нейкія навацыі, для таго і прызначаныя. Але не ў ідэалягічнай сфэры. У адсутнасьць асабістага аўтарытэту Давыдзькі і Якубовіча лепш лішні раз спытаюць, як правільна. Зрэшты, «ваганьні» і ў мінулым тлумачылася ў большай ступені ўнутранай супярэчлівасьцю лініі, чым асабістымі меркаваньнямі інфармацыйных начальнікаў.
А БНР — гэта ўжо родапачынальніца РБ ці яшчэ не? Загадана ж «папулярызаваць нацыянальныя каштоўнасьці». А Сталін гэта па-ранейшаму «сымбаль нашага народу», як сказаў Аляксандр Лукашэнка ў 2006 годзе, ці ўжо знойдуцца і лепшыя сымбалі? Пытаньні, пытаньні. Ну, дык спадары Жук, Эйсмант і Луцкі іх не палянуюцца задаваць. Як у савецкім анэкдоце: «Ці дапускалі адхіленьні ад лініі партыі? — Ніколі, вагаўся разам з лініяй партыі».
Тон інфармацыйных каналаў можа стаць і больш агрэсіўным — калі трэба супрацьстаяць расейскім канкурэнтам, то калі з ваўкамі жыць, то па-ваўчынаму і выць. Пра гэта ўскосна сьведчыць і блякаваньне «Беларускага партызана» ды «Хартыі». Калі з канкурэнтамі, хай і ня самымі ўплывовымі, вырашылі абыходзіцца пры дапамозе дубіны, то і ўласны прадукт будзе ў чымсьці дубінападобным. У Расеі вунь якія цуды робяць пры дапамозе тэлевізара. А чым мы горшыя?
І ня ў тым нават справа, што адстаўленыя рэдактары ад лініі неяк адхіляліся або цураліся навацыяў. Не адхіляліся, не цураліся. Але доўга ўжо кіравалі сваімі вотчынамі, расейскія тэлеканалы так і не перамаглі, заваяваць Байнэт не атрымалася, у тэстах вучэньняў і справы Коржыча былі ў посьпехах сьціплыя. Зрэшты, іх пераемнікі прыйшлі ў новыя кабінэты ня з вуліцы, а з той жа сыстэмы, і на сваіх папярэдніх пасадах асаблівых вынікаў у вырашэньні гэтых праблемаў таксама не паказалі.
Але прынамсі маладзейшыя за папярэднікаў, няма «залежнасьці ад каляіны», вопыту — які і актыў, але і цяжар.
У кадравым землятрусе ў сфэры дзяржСМІ можна ўгледзець нейкую аналёгію з леташнім IT-дэкрэтам. А пераздамо калоду, паспрабуем новае, стромкае, сучаснае, ня ўсе ж мінулым жыць. Уяўляецца, што псыхалягічныя матывы «зьмены варты» ў «Советской Белоруссии» і на тэлеканалах — менавіта такія.
У выніку кім стануць новыя кіраўнікі айчыннай інфармацыйнай машыны — гэта ў значнай ступені «чорная скрыня». Якім быў інфармацыйны ляндшафт пры Давыдзьку, Казіятку і Якубовічы — усім вядома і запамінальна. І не сказаць, каб ён зачароўваў сваім хараством. Але як бы «чорная скрыня» Эйсманта, Жука і Луцкага ня сталася скрыняй Пандоры.
Перадрук з TUT.BY