Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вуліца і ліцэй імя Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім застануцца, — Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы


Ліцэй імя Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім
Ліцэй імя Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім

Старшыня Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы Ярослаў Шарэк адказаў на пытаньне Свабоды наконт лёсу анансаванага перайменаваньня ў Бельску-Падляскім вуліцы і ліцэю імя Браніслава Тарашкевіча.

У Польшчы ў рамках дэкамунізацыі, якую каардынуе Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы, узьнікла ініцыятыва замяніць імя Браніслава Тарашкевіча, якое носяць вуліца і ліцэй у Бельску (Падляскае ваяводзтва, дзе прадстаўленая беларуская нацыянальная меншасьць). Прычына ў тым, што Тарашкевіч у даваеннай Польшчы быў камуністам.

Старшыня Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы Яраслаў Шарэк у Менску
Старшыня Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы Яраслаў Шарэк у Менску

У адказ беларускія арганізацыі Польшчы заявілі, што Тарашкевіча ні ў якім разе нельга прыроўніваць да сымбаляў камунізму, бо ён сам стаў ахвярай камуністычных уладаў СССР, што ён мае заслугі перад беларускай культурай, літаратурай і гісторыяй. Самакіраваньне гораду Бельску-Падляскага таксама выказалася ў падтрымку імя Браніслава Тарашкевіча.

Да 2 сьнежня мінулага году ваявода падляскі Богдан Пашкоўскі павінен быў падпісаць рашэньне пра лёс вуліцы Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім. Такі крайні тэрмін прадугледжвае польскі Закон аб дэкамунізацыі.

Але, як паведаміў Свабодзе раднік ваяводы Роман Чэпэ, дакумэнт ня быў падпісаны. Ваявода вырашыў прыпыніць працэдуру, бо гісторыкі з Інстытуту нацыянальнай памяці не даслалі сваю характарыстыку асобы Тарашкевіча.

Інстытут нацыянальнай памяці абвясьціў, што рашэньне павінна быць прынята да канца студзеня.

29 студзеня дэлегацыя Інстытуту нацыянальнай памяці на чале зь яго старшынём Ярославам Шарэкам прыбыла ў Менск, і карэспандэнт Свабоды спытаў спадара Шарэка пра сытуацыю зь перайменаваньнем вуліцы і ліцэя Тарашкевіча ў Бельску.

«На гэты момант вуліца Браніслава Тарашкевіча, як і ягоны патранат над ліцэем, застаюцца», — адказаў спадар Шарэк.

На ўдакладняльнае пытаньне, ці канчатковае гэта рашэньне, спадар Шарэк адказаў:

«На гэты момант — так».

Дэлегацыя Інстытуту Нацыянальнай памяці Польшчы 29 студзеня ўсклала вянкі ў Курапатах, дзе пахаваныя беларускія і польскія ахвяры камунізму, правяла сустрэчы з гісторыкамі з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і БДУ, выступіла перад грамадзкасьцю Менску зь лекцыяй да 100-годзьдзя адраджэньня незалежнасьці Польшчы.

Супрацоўнікі амбасады Польшчы Марцін Вайцяхоўскі, Міхал Хабрас і старшыня ІНП Яраслаў Шарэк у Курапатах
Супрацоўнікі амбасады Польшчы Марцін Вайцяхоўскі, Міхал Хабрас і старшыня ІНП Яраслаў Шарэк у Курапатах

30 студзеня дэлегацыя накіруецца ў Бабруйск, дзе правядзе перамовы з уладамі аб усталяваньні помніка салдатам Польскага корпусу Доўбар-Мусьніцкага. У 1918 годзе гэты корпус выступіў супраць савецкай улады.

Гісторык, які пераназывае вуліцы ў Польшчы: за Тарашкевічам можам скасаваць і Коласа

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG