Пра гэтую і іншыя праблемы беларускай нацыянальнай меншасьці карэспандэнт Свабоды пагутарыў зь Яўгенам Вапам, рэдактарам тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва».
Бюджэт беластоцкай «Нівы» істотна ўрэзаны
— Сярод культурных праектаў беларускай нацыянальнай меншасьці, якія недаатрымалі фінансаваньне, тыднёвік «Ніва», які выдаецца ў Беластоку з 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Якія наступствы чакаюць вашу газэту?
— Міністэрства ўнутраных спраў прапанавала нам сёлета суму, меншую на 25 тысяч злотых за леташнюю. На першы погляд, такое зьмяншэньне фінансаваньня выглядае сымбалічным, але калі ўлічыць рост цэнаў на рынку, новыя абавязкі, зьвязаныя зь мінімальнымі заробкамі, то гэтых сродкаў нам хопіць толькі на 10 месяцаў існаваньня. Супрацоўнікі «Нівы» цяпер могуць разьлічваць толькі на заробак мінімальнага пражытковага мінімуму ў Польшчы, і пры гэтым выдзеленых сродкаў нават нестае на тое, каб выплаціць ім такі заробак. Хоць польскае заканадаўства строга патрабуе гэтага ў дадзеным выпадку ад выдаўца тыднёвіка.
Праблема ў тым, што на працягу апошніх гадоў польская дзяржава ўвесь час імкнецца скарачаць фінансаваньне на патрэбы нацыянальных меншасьцяў, а ў іх патрэбы растуць. І калі, з аднаго боку нам кажуць, што ў бюджэце на ўсё нестае сродкаў, а з другога боку мы чуем, як улады дэкляруюць аб станоўчых зьменах у эканоміцы і іншых галінах жыцьця, то мы як грамадзяне Польшчы і як падаткаплацельшчыкі хацелі б, каб выдаткі на патрэбы нацыянальных меншасьцяў таксама павялічваліся.
І тут праблема заключаецца ў тым, што, нягледзячы на дыскусіі, размовы аб гэтым у самых розных інстанцыях, ніхто на самым высокім узроўні ня ўзяў на сябе адказнасьць вырашыць гэтыя праблемы. А нам у такой сытуацыі зноў і зноў даводзіцца пісаць лісты, хадзіць па інстанцыях, мець дачыненьні зь бюракратамі, каб сродкі былі давыдзеленыя. А гэта, як вядома, справа даволі няўдзячная.
Няма сродкаў на праект да 100-годзьдзя БНР
— Калі казаць пра грамадзкія арганізацыі беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы, на якія яшчэ праекты нестае фінансаваньня?
— Так, насамрэч, некаторыя праекты наагул не атрымалі фінансаваньня, і гэта выклікала ў мяне асабіста ня проста зьдзіўленьне, а і абурэньне. Беларускае гістарычнае таварыства не атрымала сродкаў на праект, прымеркаваны да вельмі важнай падзеі — 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.
Дарэчы, Польшча сёлета адзначае 100-годзьдзе аднаўленьня сваёй незалежнасьці. І беларускія грамадзкія арганізацыі Польшчы бяруць у гэтым удзел. І мне дзіўна, што нехта не разумее, як важна для беларускай меншасьці ў Польшчы трымаць сувязь зь беларускай гісторыяй.
Няма за што адзначыць юбілей «Белавежы»
— Беларускае літаратурнае аб’яднаньне «Белавежа» не атрымала сродкаў на правядзеньне канфэрэнцыі да 60-годзьдзя свайго існаваньня. Ня думаю, што нехта ў Польшчы ня ведае пра тое, які ўнёсак зрабілі беларускія пісьменьнікі ў польскую культуру, а тым самым і ў эўрапейскую. «Белавежа» — сапраўдны фэномэн для эўрапейскай культуры. Ніводная літаратура нацыянальных меншасьцяў Польшчы ня мела і ня мае такой моцнай літаратурнай спадчыны. У мяне толькі застаецца надзея на тое, што нашыя паўторныя просьбы і аргумэнты будуць успрынятыя чыноўнікамі адпаведным чынам.
«Праблема ў тым, што ў самой Беларусі адсутнічае беларускасьць»
— А як наагул выглядае жыцьцё беларускіх грамадзкіх арганізацый у Польшчы?
— Я б сказаў, што ў нас даволі багатае культурнае жыцьцё. Акрамя тыднёвіка «Ніва», літаратурнага аб’яднаньня «Белавежа», гістарычнага таварыства, існуюць рознага кшталту калектывы, якія займаюцца этнаграфічнай спадчынай беларусаў у Польшчы, моладзевыя арганізацыі. І нас цяпер ня ёсьць тут настолькі шмат, каб некаму не хапіла месца браць удзел у беларускіх справах. Цешыць тое, што ёсьць людзі, якія хочуць займацца беларускімі справамі. Павінен сказаць яшчэ, што ўсе нацыянальныя меншасьці імкнуцца атрымаць падтрымку ад сваёй духоўнай Бацькаўшчыны, а ў нас праблема ў тым, што ў самой Беларусі адсутнічае беларускасьць, і гэта той адмоўны фактар, які ўплывае і на нашую беларускасьць.
Беларусы Польшчы ўжо не вясковая, а гарадзкая нацыя
— Беларусаў у Польшчы ўсё меней?
— Паводле апошняга перапісу 2011 году вядома, што беларусаў у Польшчы ўсяго каля 50 тысяч. Праўда, мы лічым, што перапіс ня быў аб’ектыўным і што беларусаў значна болей у Польшчы, але з тых ці іншых прычынаў яны падчас перапісу беларусамі не запісаліся.
Вядома, нельга адмаўляць аб’ектыўнага працэсу асыміляцыі. Відавочна, як страціла свае пазыцыі беларуская вёска на Падляшшы. Вёска адмірае проста маланкава: старэйшыя людзі паміраюць, маладзейшыя зьяжджаюць у горад. І сёньня выглядае так, што беларусы Беласточчыны па сваім месцы пражываньня ўжо не вясковая, а гарадзкая нацыя.
Ёсьць і яшчэ адзін дэмаграфічны момант, пра які мы часта забываемся. Падляшша — гэта далёка не самы багаты рэгіён Польшчы, і многія беларусы пакінулі яго ў пошуках лепшай долі і цяпер жывуць у самых розных кутках сьвету. Хачу толькі зазначыць, што гэта зусім не выглядае, нібыта гэта наш апошні сьпеў: мы тут жывём, мы лічым сябе беларусамі і робім столькі, колькі можам.
«Балюча, што Беларусь застаецца аўтарытарнай дзяржавай»
— Ці адчувае беларуская меншасьць Польшчы нейкія зьмены ў дачыненьнях з беларускай дзяржавай?
— Для нас самае балючае, што Беларусь застаецца аўтарытарнай дзяржавай, у самой Беларусі адсутнічае беларускасьць, няма нават беларускага школьніцтва, беларуская мова не ўжываецца ні ў адной з сфэраў жыцьця.
Стаўленьне да беларускасьці ў Беларусі, мякка кажучы, падазронае ў беларускай дзяржавы, то што тады казаць пра нас, калі мы замежныя грамадзяне. Хаця, павінен заўважыць, што і сярод беларусаў Польшчы ёсьць прыхільнікі таго, што адбываецца ў Беларусі. Тым ня менш большасьць з нас ставіцца крытычна да таго, што адбываецца ў Беларусі, а ў адказ беларуская дзяржава такім самым чынам ставіцца і да нас.
«Да канца студзеня чакаем рашэньня Інстытуту нацыянальнай памяці пра Тарашкевіча»
— Якое разьвіцьцё сытуацыі зь пераназваньнем вуліцы Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляскім у сувязі з дэкамунізацыяй, якая праводзіцца ў Польшчы?
— Пазыцыя ўсіх беларускіх арганізацый у Польшчы была галосна аб’яўлена. Мы выступілі і заявілі, што Тарашкевіча ні ў якім разе нельга параўноўваць з сымбалем камунізму, паколькі ён зьяўляецца ахвярай камуністычных уладаў. Ён зьяўляецца заслужанай асобай для беларускай культуры, літаратуры і гісторыі, і для нашай нацыянальнай меншасьці гэта асоба знакавая.
Самакіраваньне гораду Бельску Падляскага таксама выказалася ў падтрымку імя Браніслава Тарашкевіча. Пакуль Інстытутам нацыянальнай памяці аб’яўлена, што рашэньне павінна быць прынята да канца студзеня. Мы зь нецярплівасьцю чакаем яго, паколькі для беларускай меншасьці ў Польшчы гэта мае вельмі важнае значэньне.