Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У польскіх дэкамунізатараў нясьпелае бачаньне гісторыі, — гісторык Латышонак


Алег Латышонак
Алег Латышонак

Польскія ўлады, у рамках закону з 2016 году аб дэкамунізацыі назваў публічных аб’ектаў у краіне, хочуць зьмяніць назву вуліцы ў Бельску-Падляскім, якая носіць імя Браніслава Тарашкевіча, ды скасаваць імя Тарашкевіча як патрона бельскага ліцэя, у якім вядзецца навучаньне беларускай мовы.

Пра справу «дэкамунізацыі Тарашкевіча» зь беластоцкім гісторыкам Алегам Латышонкам гутарыць Ян Максімюк.

— Бургамістар Бельска нядаўна паслаў падляскаму ваяводу ліст, у якім рэкамэндуе пакінуць імя Браніслава Тарашкевіча і ў назьве вуліцы, і як патрона ліцэя зь беларускай мовай. Да ліста далучаная біяграфія Тарашкевіча, якую напісаў ты. Як ты бачыш шанец, што падляскі ваявода прыслухаецца да рэкамэндацыі бургамістра гораду, а не да рэкамэндацыі Інстытуту нацыянальнай памяці, паводле якога Тарашкевіч падпадае пад дэкамунізацыю?

— Я думаю, што такі шанец існуе ўвесь час. Ён, магчыма, невялікі, але ён існуе, бо я лічу рашэньне Інстытуту нацыянальнай памяці (ІНП) неабгрунтаваным юрыдычна. Паводле закону, пад дэкамунізацыю ў Польшчы трапляюць назвы з імёнамі людзей, якія могуць успрымацца як сымбалі камуністычнай або таталітарнай ідэалёгіі. На мой погляд, Тарашкевіч не падпадае пад дзеяньне гэтага закону, паколькі факт, што ён цягам нейкага часу быў камуністам, не азначае, што ён аўтаматычна зьяўляецца сымбалем камуністычнай ідэалёгіі. У Беларусі ніхто яго так не ўспрымае.

— Як разумею, гэта твой асноўны аргумэнт?

— Так. Я проста прадставіў біяграфію Тарашкевіча, якая вядомая ўсім гісторыкам. Зразумела, што колішнія абгрунтаваньні наданьня імя Тарашкевіча ліцэю і вуліцы ў Бельску адклікаліся да камуністычных ідэалаў, паколькі гэта адбылося ў Польскай народнай рэспубліцы і тады матывацыя была іншая. У сваім заключэньні я напісаў наступнае: «Асоба Браніслава Тарашкевіча — гэта сымбаль трагедыі беларускага народу, пазбаўленага сваёй дзяржаўнасьці, і змарнаванага шанцу на вырашэньне беларускага пытаньня з падтрымкай Польшчы, а таксама сымбаль лёсу беларускай інтэлігенцыі, якую замардавалі сталінскія каты».

— Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы прапануе беларускім гісторыкам дыскусію пра Тарашкевіча, каб растлумачыць, так сказаць, свой дэкамунізацыйны пункт гледжаньня. На якой плашчыні магла б адбыцца такая размова?

— Праўду кажучы, я ня бачу падставы для навуковай спрэчкі пра Тарашкевіча, бо ж ніхто не аспрэчвае, што ён быў камуністам. Усё істотнае, што спадар Яраслаў Шарэк, дырэктар ІНП, абяцае паказаць беларускім гісторыкам, для мяне зводзіцца да сьцьверджаньня, што Браніслаў Тарашкевіч называў сваіх некамуністычных беларускіх апанэнтаў фашыстамі. Які ж гэта аргумэнт? Уключы сёньня тэлевізар і ты пачуеш, як усе польскія палітыкі «фашысьцяць» адзін аднаму…

— Алег, мне здаецца, што гісторыкаў з ІНП ня столькі абыходзіць тое, што Тарашкевіч гаварыў пра беларусаў і што зрабіў для Беларусі — уключна зь ягоным перакладам «Пана Тадэвуша» і беларускай граматыкай — колькі тое, што ён гаварыў пра даваенную польскую дзяржаву, і што рабіў, змагаючыся супраць гэтай дзяржавы…

— Я не магу сказаць, што для іх тут больш істотнае, паколькі мы ня маем ніякага абгрунтаваньня дэкамунізацыйнага заключэньня з боку ІНП. Яны толькі даюць інтэрвію, у якіх іх абгрунтаваньне зводзіцца да таго, пра што я ўжо казаў — менавіта, што Тарашкевіч называў сваіх беларускіх апанэнтаў фашыстамі. Я лічу, што калі выконваць закон сумленна, то трэба даказаць, што нейкія камуністы лічаць Тарашкевіча сымбалем камуністычнай ідэалёгіі. То бок насамрэч даказаць, што ўсе мы, якія абараняем Тарашкевіча, і на Беласточчыне, і ў Беларусі — камуністы. Тут такая лёгіка.

— У Беларусі некалі чуваць было галасы, што краіна пакутуе перш за ўсё праз тое, што пасьля развалу СССР у ёй не была праведзена дэкамунізацыя. Відавочна, што ў Беларусі такая дэкамунізацыя памяці паводле цяперашняй польскай мадэлі немагчымая. Бо калі пайсьці за такой жорсткай інтэрпрэтацыяй дэкамунізацыі, якую цяпер прынялі ў Польшчы, то ў беларускіх абставінах трэба было б адмовіцца ад памяці пра большасьць герояў і выбітных постацяў нацыянальнай гісторыі ХХ стагодзьдзя, якія так ці інакш былі ўблытаныя ў камуністычную сыстэму…

— Так, справа тут перш за ўсё ў інтэрпрэтацыі, а не ў самым законе. Таму мы спадзяемся, што хтосьці ўсё ж пачуе нашу аргумэнтацыю. У Беларусі такая дэкамунізацыя была б немагчымая, бо ў Беларусі іншае ўспрыманьне гісторыі, чым успрыманьне той часткі польскіх гісторыкаў ці польскага грамадзтва, якая бачыць рэчаіснасьць у бела-чорных колерах. У тых польскіх колах, якія рэпрэзэнтуе кіраўніцтва ІНП, дамінуе чорна-белае бачаньне гісторыі: маўляў, нашы героі (прыкладам, камандзіры антыкамуністычнага падпольля уключна з «Лупашкам» і «Бурым») крыштальна чыстыя і белыя, а вось усе іншыя — чорныя і нядобрыя. Гэта, я сказаў бы, несур’ёзнае бачаньне гісторыі, вельмі нясьпелае. Мяне зьдзіўляе, як можна ў незалежнай дзяржаве, якая павінна аб’ядноўваць грамадзтва, зноў дзяліць людзей на злых і добрых паводле вельмі сумнеўных прынцыпаў.

— А ці ведаеш ты нешта пра сустрэчу польскіх і беларускіх гісторыкаў, пра якую згадваў ІНП? Можа, сам зьбіраесься ехаць на яе?

— Мы тут нічога ня ведаем пра гэтую дыскусію, на якую нібыта запрашае ІНП. Ведаем столькі, колькі прачыталі ў інтэрвію дырэктара ІНП Яраслава Шарэка. Я думаю, што ён меў на ўвазе хутчэй гісторыкаў зь Беларусі, чым нас на Падляшшы.

— Давай крыху заглянем у будучыню. Дапусьцім, ІНП правядзе сваю лінію, і трэба будзе зьняць табліцы зь іменем Тарашкевіча зь бельскага ліцэя і зь бельскай вуліцы. Як думаю, закон не забараняе беларусам падаць падляскаму ваяводу іншую прапанову наконт патрона школы і назвы вуліцы. Ці такі запасны варыянт — хто, калі не Тарашкевіч? — абмяркоўваўся ў вашым асяродзьдзі?

— Не, не абмяркоўваўся. Я лічу, што такое абмеркаваньне было б прызнаньнем нашай паразы ў абароне імя Тарашкевіча. Бо мы будзем змагацца. Калі ваявода падпіша распараджэньне аб скасаваньні імя Тарашкевіча ў Бельску, мы будзем абскарджваць яго рашэньне ў адміністрацыйным судзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG