Як адзначаецца ў паведамленьні агенцтва, кароткатэрміновыя рызыкі зьнешняга фінансаваньня зьнізіліся з прычыны рэзэрваваньня летась сродкаў пад плацяжы 2018 году, а таксама з прычыны павелічэньня міжнародных рэзэрваў, якія вырасьлі да 7,3 млрд даляраў на канец 2017 году. «Рэзэрвы, верагодна, скароцяцца пасьля пагашэньня ў студзені эўрааблігацый на 800 млн даляраў, але па выніках году ўсё ж могуць перавысіць 6,7 млрд даляраў», — мяркуюць экспэрты Fitch.
Паводле іх ацэнак, на абслугоўваньне зьнешняга доўгу Беларусі давядзецца накіраваць 2,6 млрд даляраў у 2018 годзе, якія будуць пакрытыя за кошт запазычаньняў на зьнешнім і ўнутраным рынку, а таксама за кошт патэнцыйна магчымага новага выпуску міжнародных аблігацый. «Устойлівае зьніжэньне рызык рэфінансаваньня будзе залежаць ад далейшага прагрэсу ў дывэрсыфікацыі крыніц зьнешняга фінансаваньня, магчымасьцяў рэфінансаваньня расейскага двухбаковага доўгу і разьвіцьця мясцовага рынку», — гаворыцца ў паведамленьні.
Аналітыкі Fitch таксама адзначаюць паляпшэньне каардынацыі паміж грашова-крэдытнай і бюджэтнай палітыкай, абачлівую палітыку ў сфэры заработнай платы і павышэньне гнуткасьці абменнага курсу. Усё гэта ў выніку спрыяла хуткаму зьніжэньню інфляцыі. «Інфляцыя ўпала да 4,6% у канцы 2017 году (значна ніжэй, чым афіцыйная мяжа інфляцыі ў 9%) з 10,6% у канцы 2016 году», — канстатуюць экспэрты.
«Посьпех стратэгіі Нацыянальнага банку па прасоўваньні да поўнамаштабнага рэжыму таргетаваньня інфляцыі і зьніжэньне да 2020 года інфляцыі да ўзроўню 5%, хутчэй за ўсё, будзе залежаць ад захаваньня ўзгодненасьці палітыкі і паляпшэньня каналаў перадачы грашова-крэдытнай палітыкі за кошт далейшай дэдалярызацыі і зьніжэньня квазіфіскальнага праграмнага крэдытаваньня», — адзначаюць яны.
Fitch зьвяртае ўвагу, што паказчыкі беларускага экспарту па-ранейшаму залежаць ад коштаў на нафту і пэрспэктыў росту гандлёвых партнэраў, асабліва ў Расеі. Экспэрты таксама чакаюць, што чысты зьнешні доўг (49% ВУП) і абслугоўваньне зьнешняга доўгу стабілізуюцца на працягу прагназаванага пэрыяду.
Асноўнымі фактарамі, якія могуць нэгатыўна адаб’ецца на рэйтынгах Беларусі, на думку аналітыкаў Fitch, зьяўляюцца: аднаўленьне вонкавага фінансавага націску і скарачэньне міжнародных рэзэрваў^; узмацненьне макраэканамічнай нестабільнасьці, напрыклад, у сувязі з аслабленьнем узгодненасьці або даверу да эканамічнай палітыкі^; пагаршэньне стану дзяржаўных фінансаў, якое прыводзіць да значнага росту дзяржаўнага доўгу або ўмоўных абавязацельстваў.