Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры прычыны, чаму агенцтва Fitch Ratings падвысіла рэйтынг Беларусі са стабільнага на пазытыўны


Экспэрты Fitch Ratings, абгрунтоўваючы сваё рашэньне, адзначаюць паляпшэньне доступу Беларусі да зьнешняга фінансаваньня і павелічэньне золатавалютных рэзэрваў. А гэта зьмяншае фінансавыя рызыкі на бягучы і наступны гады — 2017–2018. Пазытыўна ацэньваецца і дасягнутае паміж Беларусьсю і Расеяй пагадненьне пра цэны на энэргарэсурсы.

Камэнтуючы гэтую навіну для Свабоды, прафэсар, доктар эканамічных навук Барыс Жаліба найперш адзначыў, што Fitch Ratings — аўтарытэтная арганізацыя, якая разам з Moodyʼs і Standard & Poors уваходзіць у так званую вялікую экспэртную тройку:

«Што яны ўбачылі пазытыўнага?

  • Па-першае, крыху падрос валавы ўнутраны прадукт.
  • Па-другое, даволі ўдала разьмешчаныя эўрабонды на замежных рынках. Няхай сабе і пад даволі высокія працэнты, але ўсё ж такі іх прадалі.
  • Па-трэцяе, Беларусь нарэшце атрымала чарговы эўразійскі транш.
  • І апошняе, чацьвёртае, — Расея практычна гарантавала 700 мільёнаў даляраў міждзяржаўнага крэдыту.

То бок тыя 3 мільярды даляраў, якія беларускія ўлады выпрошвалі ў Міжнароднага валютнага фонду, — яны іх і сабралі.

Падсумаваўшы ўсё гэта, Fitch Ratings і дадаў нам крыху гэтага рэйтынгу».

Экспэрты агенцтва добра ведаюць рэальную сытуацыю ў Беларусі, падкрэсьлівае Барыс Жаліба:

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

«Яны цудоўна разумеюць, што нават у нейкім надзвычайным выпадку Беларусь мае гаранта, які ніколі ня дасьць ёй збанкрутаваць. Імя гэтага гаранта — Крэмль.

Свае зьнешнія і ўнутраныя абавязаньні Беларусь выконвае прыкладна на дзьве траціны за кошт рэфінансаваньня. Грошы мы перапазычаем, і найперш у той жа Расеі. Тое ж павелічэньне золатавалютных рэзэрваў адбылося за кошт пазычаных грошай. Fitch Ratings і гэта ведае. Аднак абʼектыўна павелічэньне рэзэрваў сапраўды існуе. І гэта падстава для таго, каб падняць краінавы рэйтынг Беларусі. Вось такая тут «арытмэтыка».

Адначасова экспэрты Fitch Ratings адзначаюць, што Беларусі неабходна правесьці структурныя рэформы, умацаваць тэндэнцыю да росту рэзэрваў, скараціць ціск у галіне зьнешняга фінансаваньня.

Раней Fitch Ratings прагназавала для Беларусі рост праблемных актываў банкаў і адзначала даўгавую нагрузку прадпрыемстваў. Апроч таго, экспэрты сумняваліся ў дадзеных афіцыйнай статыстыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG