Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Украіны ня бачыць сэнсу пераносіць мірныя перамовы зь Менску


Міністар замежных справаў Украіны Паўло Клімкін ня бачыць мэтазгоднасьці ў пераносе зь Менску ў Астану перамоўнай пляцоўкі ў пытаньнях разьвязаньня сытуацыі на Данбасе.

«Калі мы будзем мець абгрунтаваную рэзалюцыю, што зьмена лякацыі нам нешта дасьць, мы гатовыя перамясьціцца хоць у Новую Зэляндыю, паверце, у любую кропку, дзе гэта будзе граць нейкую ролю», — заявіў Паўло Клімкін сёньня ў Кіеве на прэсавай канфэрэнцыі.

На думку ўкраінскага міністра, галоўнай праблемай безвыніковасьці менскіх перамоў ёсьць нежаданьне Расеі выконваць дамоўленасьці.

«Калі гэта нешта дасьць — безумоўна. Любыя варыянты могуць быць, калі яны будуць працаваць. Зараз я ня бачу, якім чынам перанос менскай пляцоўкі ў Астану надасьць нам новы станоўчы вынік і пэўную дабаўленую вартасьць», — рэзюмаваў Паўло Клімкін.

18 студзеня прэзыдэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў пасьля пасяджэньня Рады Бясьпекі ААН аб’явіў пра ідэю прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа перанесьці перамовы па ўрэгуляваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны зь Менску ў іншае месца.

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей раней заявіў, што наўрад ці што-небудзь залежыць ад месца правядзеньня перамоваў: «Перамовы пра Ўкраіну можна перанесьці хоць у Антарктыду, калі будзе ўпэўненасьць у іх посьпеху».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG