«Чым глыбей вывучаеш гісторыю, тым больш пераконваесься ў тым, што яе немагчыма падзяліць на чорнае і белае, даць адназначныя адказы на ўсе пытаньні, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Мы не жылі ў той час, ня ведалі і цяпер не адчуваем нэрв тых часоў. А ганьбіць гісторыю лёгка і проста. Але трэба памятаць, што гісторыя вельмі моцна плаціць за яе скажэньне. Наша армія, нашы Узброеныя сілы, нашы спэцслужбы ва ўсе пэрыяды нашай гісторыі з годнасьцю выконвалі свой абавязак, яны былі адданыя прысязе, дысцыпліне і парадку. Не было б іх — не было б краіны і не было б нас пры ўсіх нашых памылках», — цытуе БелаПАН.
Не было б іх — не было б краіны і не было б нас пры ўсіх нашых памылках.
Кіраўнік Беларусі адзначыў, што ў гады «халоднай вайны» чэкісты пасьпяхова ажыцьцяўлялі разьведвальную работу за мяжой, змагаліся з падрыўной дзейнасьцю замежных разьведак унутры краіны, забясьпечвалі бясьпеку кіраўнікоў дзяржавы. Застаючыся, як правіла, за кадрам, яны дзейнічалі таксама ў «гарачых кропках», ліквідавалі наступствы чарнобыльскай катастрофы.
«Сёньня перад нашымі спэцслужбамі стаяць новыя задачы. Адна з галоўных — барацьба з тэрарызмам, — адзначыў Лукашэнка. — Сьвет нагадвае разварушаны мурашнік. Праз межы перапраўляюцца натоўпы ўцекачоў, а пад іх прыкрыцьцём фанатыкі, гатовыя забіваць мірных грамадзян, сеяць хаос. У транзытным патоку на тэрыторыі нашай рэспублікі рэгулярна затрымліваюцца члены міжнародных тэрарыстычных арганізацый».
Я казаў нашым армейцам, міліцыі, скажу і вам: вы ніколі не ўбачыце мяне ў тыле, у гэтай складанай барацьбе.
Ён адзначыў, што многія сучасныя пагрозы могуць быць пераадолены толькі сумесна. «КДБ Беларусі разьвівае практычнае ўзаемадзеяньне са службамі дзясяткаў краін, перш за ўсё з нашай Расеяй, нашымі постсавецкімі рэспублікамі, іншымі дзяржавамі сьвету. Высокі ўзровень партнэрства дазваляе пасьпяхова праводзіць сумесныя мерапрыемствы. На падставе інфармацыі нашых работнікаў спынены шэраг спроб учыненьня тэрактаў у Расеі, некаторых эўрапейскіх дзяржавах, а таксама ў нашай краіне», — сказаў Лукашэнка.
Ён падкрэсьліў, што важная задача органаў дзяржбясьпекі тычыцца і эканамічнага сэктара. «Усе навуковыя сакрэты, найноўшыя тэхналягічныя распрацоўкі, стратэгічныя аб’екты, такія як атамная станцыя, хімічныя прадпрыемствы краіны, павінны стаць прадметам пільнай увагі органаў дзяржбясьпекі», — цытуе агенцтва кіраўніка дзяржавы.
«Я казаў нашым армейцам, міліцыі, скажу і вам: вы ніколі не ўбачыце мяне ў тыле, у гэтай складанай барацьбе (а можа быць, будзе яшчэ і больш складана) я буду заўсёды разам з вамі і ніколі не дазволю здрадзіць нашым з вамі інтарэсам па абароне дзяржавы і чалавека. Я гэта кажу, таму што ўжо занадта мы часта назіраем, у тым ліку зусім побач, як здраджвалі ваенным, работнікам спэцслужбаў тыя, хто ўчора аддаваў ім каманды. Гэтага ў Беларусі не было і не будзе. Таму я з вас заўсёды патрабую адэкватнай працы па абароне нашых беларускіх грамадзян, нашых сяброў, родных і блізкіх, дзяцей, Радзімы», — сказаў Лукашэнка.
***
За 23 гады кіраваньня Аляксандар Лукашэнка ніколі не наведваў урочышча Курапаты, дзе карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 300 тысячаў бязьвінных людзей.
У Беларусі не існуе афіцыйнага музэя памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, у календары беларускіх афіцыйных датаў няма Дня памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсій. Ушанаваньнем памяці ахвяраў рэпрэсій займаюцца грамадзкія актывісты, незалежныя гісторыкі.
Паводле даных розных дасьледчыкаў, у часы кіраваньня Сталіна на тэрыторыі Беларусі было рэпрэсавана ад 600 тысяч да 1,5 мільёна чалавек. Суд над злачынствамі камунізму на дзяржаўным узроўні ў Беларусі так і не адбыўся.