Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб у мэмарыялу быў адзін гаспадар». Якубовіч расказаў, што будзе з Курапатамі


Шэсьце на «Дзяды» у Курапатах
Шэсьце на «Дзяды» у Курапатах

Вынікі конкурсу эскізных праектаў памятнага знаку ў Курапатах, магчыма, падвядуць да Новага году. Дзеля гэтага будзе створана журы з удзелам прадстаўнікоў творчых саюзаў. На конкурс пададзена каля 60 работ. А на дабрачынны рахунак для збору сродкаў на добраўпарадкаваньне Курапацкага мэмарыялу пералічана больш за 3000 даляраў, якія пойдуць на мастацкую агароджу.

Чаму дагэтуль няма вынікаў конкурсу і хто ім займаецца, высьвятляў карэспандэнт Свабоды.

Журы мусіла вызначыць пераможцу да 1 траўня

Міністэрства культуры абвясьціла конкурс эскізных праектаў памятнага знаку ў Курапатах сёлета 24 сакавіка.

Згодна з Палажэньнем аб парадку арганізацыі і правядзеньня конкурсу, яго мэтай «зьяўляецца пошук найбольш выразнага мастацкага адлюстраваньня вобразу ўрочышча „Курапаты“ як агульнанацыянальнага месца памяці і прымірэньня».

Архіўнае фота. Польская дэлегацыя на чале з маршалкам Сэнату Польшчы Станіславам Карчэўскім наведала Курапаты
Архіўнае фота. Польская дэлегацыя на чале з маршалкам Сэнату Польшчы Станіславам Карчэўскім наведала Курапаты

«У аснове мастацкага вобразнага рашэньня памятнага знака мэмарыялу павінен быць вобраз капліцы як сымбалю агульнанацыянальнай памяці і прымірэньня».

Патэнцыйныя ўдзельнікі меліся падаць заяўкі на ўдзел у конкурсе да 26 красавіка. Конкурсныя матэрыялы, паводле Палажэньня, павінна было разгледзець журы, зацьверджанае загадам Міністэрства культуры, не пазьней за 1 траўня 2017 году.

Раней інфармацыя пра конкурс разьмяшчалася ў афіцыйных СМІ.

«Ніхто адмашкі назад не даваў, але справа загрузла»

Старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца сказаў нам, што ўсе вызначаныя тэрміны для падвядзеньня вынікаў конкрсу ўжо даўно прайшлі.

Старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца
Старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца

— Мы чакаем. Я ня ведаю, колькі мы будзем чакаць. Гэтыя пытаньні трэба задаваць Міністэрству культуры, якое абвяшчала конкурс. І паралельны конкурс, нейкі нефармальны ці які, абвяшчаў Павал Якубовіч. Ніхто адмашкі назад не даваў. Але тое, што гэта загрузла, затармазілася, мы бачым.

— Магчыма, нейкія эскізы на конкурс падаваліся ў саюз мастакоў?

Гэтыя пытаньні трэба задаваць новаму міністру

— Не, паколькі конкурс быў абвешчаны міністэрствам, мастакі туды і падавалі. Я асабіста бачыў пару праектаў, і адзін зь іх мяне вельмі ўразіў. Ня ведаю, што зь ім далей будзе. Гэтыя пытаньні трэба задаваць новаму міністру і ягонай першай намесьніцы Ірыне Дрыга, якая мусіла курыраваць гэтыя працэсы. І Павал Якубовіч, якому, відаць, таксама нейкае даручэньне было. І ён зрабіў паспаліты, нефармальны конкурс. Але ж таксама ў канцы году варта было б ужо нешта ведаць. Што яму там наслалі і якім чынам гэта разглядаць.

— А як павінна фармавацца журы для вызначэньня найлепшага праекту?

— Калі арганізатар Міністэрства культуры, то яно павінна фармаваць журы, куды мусіць запрасіць скульптараў, архітэктараў з нашага саюзу, з саюзу архітэктараў. Мяне, напэўна, ці дырэктара скульптурнага камбінату. Звычайна так робіцца. Вось па Трасьцянцы быў конкурс, таксама ж фармавалася журы са спэцыялістаў, якія ацэньваюць мастацкую вартасьць. І колькі чыноўнікаў, натуральна, там можа быць.

— Пра што сьведчыць такая сытуацыя з конкурсам?

— Гэта трэба пытацца ў іх. Мяне гэтае пытаньне таксама турбуе. Я заўважыў, што і па тэлевізіі ўжо няма гэтай рэклямы пра конкурс і збор сродкаў.

«Мы ўсе свае прапановы перадалі грамадзкай камісіі»

У Міністэрстве культуры з усімі пытаньнямі наконт конкурсу праектаў памятнага знаку ў Курапатах адсылаюць да рэдактара газэты «Советская Белоруссия» Паўла Якубовіча.

Першая намесьніца міністра культуры Ірына Дрыга
Першая намесьніца міністра культуры Ірына Дрыга

«Мы ўсе свае прапановы перадалі грамадзкай камісіі, якую ўзначальвае Павал Ізотавіч Якубовіч. Калі яны ўсё гэта абмяркуюць, падвядуць вынікі, тады вынікі і будуць. Пакуль іншай інфармацыі ў мяне няма», — паведаміла Свабодзе першая намесьніца міністра культуры Ірына Дрыга.​

«Збор сродкаў працягваецца»

Абвестку пра ўсенародны збор сродкаў на добраўпарадкаваньне мэмарыялу ў Курапатах у чэрвені падала газэта «Советская Белоруссия». Для ахвяраваньняў былі скарыстаныя рахункі Нацыянальнага цэнтру сучасных мастацтваў Беларусі. Яго дырэктарка Натальля Шаранговіч сказала карэспандэнту Свабоды, што збор сродкаў працягваецца, рахункі не зьмяніліся.

«Людзі пералічаюць грошы. Але ўсю інфармацыю можаце атрымаць праз газэту „Советская Белоруссия“. Рахункі знаходзяцца пры цэнтры, а ўсе дзеяньні, рэкляма робяцца менавіта праз гэту газэту», — сказала яна.

«Падвесьці вынікі можна даволі хутка»

Павал Якубовіч сказаў у інтэрвію Свабодзе, што вынікі конкурсу пакуль не падведзеныя. Зь якой прычыны?

Павал Якубовіч
Павал Якубовіч

— Тут прычын некалькі. Пакуль сканцэнтраваліся на самым галоўным. На вызначэньні гістарычных межаў, каб не было непаразуменьняў накшталт усялякіх будаўніцтваў побач з Курапатамі. Прычым з пэрспэктыўным поглядам наперад. Больш тэрыторыі, там дзе дарога сьмерці гістарычна абазначана, і так далей. То бок з гэтага вялікага поля, якое прымыкае да Курапатаў, межы будуць прадугледжваць магчымасьці для рэзэрву.

Магчыма, для „сьцяны плачу“, для якой архівісты і іншыя энтузіясты знойдуць імёны пахаваных у Курапатах. А таксама, магчыма, для музэю ці канфэрэнц-залі для навуковых патрэбаў. Гэта справа будучыні. Але ва ўсякім разе гэтыя межы вызначаныя.

Неўзабаве будзе зацьверджаная мастацкая агароджа

Другая задача — агарадзіць Курапаты па ўсім пэрымэтры. Але ня проста плотам ці прымітыўнай агароджай. Архітэктары Менгарвыканкаму канструююць, і неўзабаве будзе зацьверджаная мастацкая агароджа, якая арганічна будзе дапаўняць мэмарыял і ў той жа час не парушыць яго сэнсу. Я думаю, што туды ўвойдуць і тыя мэталічныя крыжы, якія паставілі замест драўляных (па агароджы маю на ўвазе) энтузіясты.

Ну і потым, магчыма, да Новага году ці крыху пазьней падвядзём вынікі конкурсу эскізаў на памятны знак.

Паступіла каля 60 прапаноў, частка зь іх — у Міністэрства культуры, частка — у рэдакцыю газэты для грамадзкай камісіі. Вось мы іх узгоднена аб’яднаем, вызначым камісію, якая дасьць ацэнку і прапануе памятны знак для зацьвярджэньня і наступнай вытворчасьці.

Сярод прапановаў ёсьць палярныя падыходы

Сярод прапановаў ёсьць палярныя падыходы: з аднаго боку, вельмі душэўныя, шчырыя, але просьценькія. А ёсьць ад некаторых прафэсіяналаў вялізныя мэмарыяльныя скульптурныя выявы, якія не зусім да месца. Бо гэты мэмарыял строгі, нават ляпідарны, але вельмі выразны. Гэтыя крыжы, камень і ўсё, што склалася як народны мэмарыял.

Таму і памятны знак, як мы прыйшлі да высновы, лепш паставіць пры ўваходзе ў Курапаты. Не на Галгофе, дзе меркавалася раней, а пры ўваходзе, каб адразу стваралася пэўная атмасфэра і настрой.

Архіўнае фота. Міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі ушаноўвае памяць польскіх ахвяраў у Курапатах.
Архіўнае фота. Міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі ушаноўвае памяць польскіх ахвяраў у Курапатах.

«Мэмарыял зьмяняцца ня будзе»

— У Палажэньні Міністэрства культуры пра конкурс гаворыцца пра капліцу...

— Ніякіх капліц не плянуецца і ня будзе. Ніякіх канфэсійных установаў там не павінна быць, бо там пахаваныя людзі розных нацыяльнасьцяў, розных канфэсій, а таксама атэісты. Там таксама ня будзе такіх новаўвядзеньняў, як каменныя ці плітачныя дарожкі. Усё застаецца ў строгай недатыкальнасьці. Магчыма, ёсьць і перанасычанасьць у крыжах. Але калі яны ўжо стаяць, то змагацца зь імі было б барбарствам.

Людзі Алеся Чахольскага, іншыя энтузіясты зрабілі гіганцкую справу без дапамогі і ўвагі мясцовых і больш высокіх уладаў.

Курапаты — гэта сымбаль усіх расстрэльных і пакутніцкіх месцаў, якія дасталіся нам

Таму ўсе могуць быць спакойныя, што мэмарыял у тым выглядзе, у якім ён склаўся, зьмяняцца ня будзе.

Лічу, што ўжо вялікая справа зробленая. Тое, дзеля чаго я асабіста браўся за гэта — каб нарэшце ў мэмарыялу быў адзін гаспадар. Гэта значыць нейкі дзяржаўны орган, які б нёс адказнасьць і за добраўпарадкаваньне, і падтрыманьне належнага стану гэтага ляснога масіву. Хоць гэта не выключае звыклай шэфскай працы з боку ўсіх — і тых, хто гэтым займаўся шмат гадоў, я маю на ўвазе БНФ і іншыя грамадзкія, патрыятычныя арганізацыі. Але гэтаксама цяпер займаюцца і арганізацыі, якія там нельга было раней уявіць: «Белая Русь», прафсаюзы, моладзевыя арганізацыі дзяржаўнага кірунку.

Гэта добра, бо дзяліць гэта журботнае месца на добрых і не зусім добрых няправільна. Курапаты — гэта сымбаль усіх расстрэльных і пакутніцкіх месцаў, якія дасталіся нам.

Таму вось так коратка — агароджа, навядзеньне парадку, межаў, утрыманьне парковачных і бытавых месцаў; ну і гарантыя, што там ніякіх «Бульбаш-холаў» ня будзе.

Падчас мітынгу ў Курапатах
Падчас мітынгу ў Курапатах

«Мы папросім Міністэрства культуры сабраць журы»

— Згодна з палажэньнем Міністэрства культуры таксама плянавалася стварыць журы для вызначэньня пераможцаў конкурсу. Ці ўвойдуць тут прафэсіяналы — ​ мастакі, скульптары, архітэктары?

— Я думаю, што мы папросім Міністэрства культуры сабраць такое журы зь ліку людзей, якія могуць ацаніць, а магчыма, і нешта прапанаваць. Думаю, у яго ўвойдуць прадстаўнікі грамадзкай рады, якая створана і правяла пэўную працу на пэўным этапе. То бок журы будзе зь людзей кампэтэнтных і добразычлівых і, мяркую, што іх выбар будзе цікавы ўсім. Гэта будуць мастакі, мастацтвазнаўцы, скульптары.

Будзем раіцца зь міністрам — якраз сёньня ў мяне адбылася зь ім размова на гэту тэму. І там поўная добразычлівая падтрымка.

Бо ўсё ня так проста

Хачу дадаць, што я сам не чакаў, хаця і меркаваў, што праца гэтая вось так зацягнецца. Бо ўсё ня так проста. Ішла гіганцкая рэкляма наконт збору сродкаў на добраўпарадкаваньне, і я з горыччу канстатую, што адгукнулася ня вельмі многа грамадзян на гэтую высакародную справу. Ва ўсякім разе, ня так шмат, як я чакаў. Мы змаглі сабраць на рахунак недзе крыху больш за тры тысяы даляраў. Мы перавядзём гэтыя грошы на адрас арганізацыі, якая будзе займацца агароджай. Ну і нешта на памятны знак.

Давядзецца думаць, як тут усё фінансава забясьпечыць. Застаецца спадзявацца на дапамогу дзяржавы. Бо наша грамадзкасьць багата і ўзьнёсла гаворыць, але калі даходзіць да справы, то ўсё застыла на ўзроўні эмоцый. Гэта нікому не папрок. Проста такая сытуацыя.

Акцыя памяці ў Курапатах
Акцыя памяці ў Курапатах

Якубовіч ініцыяваў удзел дзяржавы ў мэмарыялізацыі Курапатаў

Ініцыятыва па стварэньні памятнага знака ў Курапатах была агучана падчас круглага стала, праведзенага ў рэдакцыі газэты «СБ. Беларусь сегодня» 24 лютага. Ініцыятарам удзелу дзяржавы ў мэмарыялізацыі Курапатаў выступіў Павал Якубовіч.

24 сакавіка, наведваючы Ліду, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што бліжэйшым часам ва ўрочышчы Курапаты створаць мэмарыяльны комплекс.

Узначаліць камісію, якая будзе вызначаць пераможцаў курапацкага конкурсу, Адміністрацыя прэзыдэнта прапаноўвала ляўрэатцы Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлане Алексіевіч. Яна адмовілася, скажаўшы, што гэта мусіць быць адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк. Пазьняк, які з 1996 году не жыве ў Беларусі, лічыць, што народны мэмарыял у Курапатах ужо створаны.

Штогод на Дзяды дэмакратычная грамадзкасьць ладзіць шэсьце ў Курапаты.Тут праводзяцца іншыя імпрэзы па ўшанаваньні памяці рэпрэсаваных.

«Ноч расстраляных паэтаў». ВІДЭА. ФОТА

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG