Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рух салідарнасьці «Разам» правёў акцыю памяці ў Курапатах


Курапаты. «Ноч расстраляных паэтаў», кастрычнік 2017 году.
Курапаты. «Ноч расстраляных паэтаў», кастрычнік 2017 году.

Актывісты заклікаюць заснаваць у Беларусі Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій і адзначаць яго 29 кастрычніка.

Напярэдадні ва ўрочышчы Курапаты адбылося апошняе сёлета мерапрыемства, прысьвечанае сумнаму юбілею тэрору 1937 году. Такія акцыі рух салідарнасьці «Разам» праводзіць ужо больш як дзесяць гадоў.

Паводле агенцтва БелаПАН, адкрываючы мерапрыемства, палітык Вячаслаў Сіўчык адзначыў, што акцыі будуць праходзіць штомесяц 29-га дня да таго часу, пакуль у беларускім календары ня зьявіцца дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій.

Паэт і бард Зьміцер Захарэвіч падвёў вынікі дзейнасьці па ўшанаваньні памяці ахвяраў камуністычнага рэжыму. На думку Захарэвіча, нягледзячы на «пэўныя посьпехі» грамадзянскай супольнасьці, улада працягвае ігнараваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Член сойму руху Алесь Макаў распавёў пра націск, які аказваюць на членаў расейскай праваабарончай арганізацыі «Мемарыял», у прыватнасьці пра крымінальны перасьлед старшыні яе карэльскага аддзяленьня Юрыя Дзьмітрыева.

Бард Андрэй Мельнікаў паведаміў, як у Гомелі мясцовыя чыноўнікі імкнуцца зьнішчыць месца масавых расстрэлаў нявінных людзей ў 1937 годзе.

Старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, народжаная ў ГУЛАГу ў 1937 годзе, у сваім выступленьні перад удзельнікамі акцыі адзначыла, што камуністычны рэжым павінен быць асуджаны гэтак жа, як і нацысцкі.

Акцыя традыцыйна завяршылася малітвай «Ойча наш», выкананьнем гімну «Магутны Божа», ускладаньнем кветак і запальваньнем сьвечак.

***

Штогод 29 кастрычніка беларуская грамадзкасьць адзначае неафіцыйны дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Ён прымеркаваны да трагічных падзей 80-гадовай даўніны. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў сутарэньнях менскай унутранай турмы НКУС, дзе цяпер разьмяшчаецца сьледчы ізалятар КДБ, былі расстраляныя больш за 130 чалавек — навукоўцаў, літаратараў, лекараў, грамадзкіх дзеячаў, кіраўнікоў, работнікаў сыстэмы адукацыі, будаўніцтва, прамысловасьці, гандлю.

Афіцыйна дзень памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Беларусі не адзначаюць. У суседняй Расеі такі дзень штогод адзначаюць 30 кастрычніка, ва Украіне — у трэцюю нядзелю траўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG