RT тым ня менш атрымаў ад францускіх уладаў ліцэнзію на трансьляцыю і запусьціў францускую вэрсію каналу ў сьнежні летась. Але Макрон сваіх слоў не забыўся і анансаваў закон супраць fake news і замежнай прапаганды.
«Навагодні падарунак» журналістам ад францускага прэзыдэнта
На традыцыйнай сьвяточнай сустрэчы Эмануэль Макрон паабяцаў: ён паспрабуе, каб fake news больш не азмрочвалі мэдыя-прастору краіны.
«Мы занясем у заканадаўства зьмены, якія дапамогуць абараніць дэмакратыю ад фэйкавых навінаў», — сказаў ён.
Згодна з законам, прапанаваным прэзыдэнтам:
- сайты навінаў раскрыюць сваіх спонсараў;
- карыстальнікі змогуць скардзіцца на фэйкі ў суд, які атрымае права блякаваць альбо фальшыўку, або ўвесь партал;
- мэдыя-рэгулятар зможа спыняць працу замежных СМІ, абвінавачаных у прапагандзе;
- дзейнічаць гэтыя правілы будуць у пэрыяд перадвыбарных кампаній.
Макрон vs фэйкі
Стаўленьне да фэйкаў у Эмануэля Макрона асаблівае. Год таму, балятуючыся ў прэзыдэнты Францыі, ён быў мішэньню мноства фальшывак. Пляткарылі аб яго асабістым жыцьці, казалі пра афшорныя рахункі на Багамах.
Пры чым тут RT
Крыніцай і плятформай для многіх фэйкаў, лічыць Макрон, былі расейскія вэб-парталы Sputnik і RT. «Гэта не сапраўдныя СМІ», — заявіў ён на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у траўні летась.
Прайшло паўгода, і, нягледзячы на пазыцыю прэзыдэнта, у Францыі запрацаваў тэлеканал RT.
Неўзабаве пасьля гэтага Эмануэль Макрон прапанаваў новы закон для барацьбы з фэйкавымі навінамі.
Ідэя не бездакорная
У добрага пачынаньня нямала крытыкаў. І гэта ня толькі тыя, хто баіцца дзяржаўнай цэнзуры. Па-першае, незразумела, чым новы закон лепшы існуючых:
- У Францыі з 1880-х існуе закон, які забараняе публікацыю і распаўсюд паклёпу.
Другая прэтэнзія да «закону Макрона»: невядома, што менавіта можна лічыць fake news. Ці то ўсё памылковыя навіны, ці то выключна зламысныя.
- Што такое fake news? Як вызначыць, што зьяўляецца фэйкам? Калі інфармацыя апублікаваная зь найлепшых памкненьняў, але аказваецца памылковай, ці трапляе яна пад вызначэньне fake news?
Абвінавачваюць ініцыятыву прэзыдэнта і ў абмежаванай сфэры ўжываньня. Крыніцай фэйкаў Эмануэль Макрон лічыць СМІ з Расеі, але паўплываць на іх закон, прыняты ў Францыі, усё роўна ня зможа. Ды і ў сацыяльных сетак ёсьць шчыліны на выпадак, калі аўтары не захочуць зьнішчаць свой фэйк.