Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўныя вернікі Беларусі сьвяткуюць Раство


У ноч з 6 на 7 студзеня ва ўсіх праваслаўных храмах Беларусі прайшлі ўрачыстыя службы.

Раство ў праваслаўі ўваходзіць у лік 12 найважнейшых сьвятаў пасьля Вялікадня. Разам з Расейскай праваслаўнай царквой, часткай якой зьяўляецца Беларускі экзархат, 7 студзеня гэтае сьвята адзначаюць у Грузінскай, Іерусалімскай, Польскай і Сэрбскай праваслаўных цэрквах, якія трымаюцца юліянскага календару (стары стыль). Астатнія дзесяць памесных цэркваў — Альбанская, Александрыйская, Антыяхійская, Балгарская, Кіпрская, Канстанцінопальская, Румынская, Эладзкая, праваслаўная царква ў Амэрыцы і царква Чэскіх зямель і Славакіі — адзначаюць Раство 25 сьнежня, згодна з новаюліянскім календаром, які супадае з грыгарыянскім.

Мітрапаліт Павел. Архіўнае фота.
Мітрапаліт Павел. Архіўнае фота.

Кіраўнік Беларускага экзархата РПЦ мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел у сьвяточным пасланьні адзначыў, што «Гасподзь запаведваў нам любіць адзін аднаго, захоўваць царкоўнае адзінства, несьці людзям мір Хрыстоў і дабро, быць незласьлівымі і цярплівымі, быць руплівымі ў малітве і ў служэньні слабым і абяздоленым».

Паводле слоў мітрапаліта, 2017 год «быў няпростым», але «прынёс і нямала духоўнай радасьці». Ва ўсіх эпархіях сьвятары і міране займаліся " упарадкаваньнем эпархіяльнай і прыходзкай дзейнасьці, стварэньнем якасна новых прыходаў, якія закліканыя стаць сапраўднымі праваслаўнымі абшчынамі, здольнымі да актыўнага ўдзелу ў царкоўнай місіі«. Апрача таго, «шмат увагі надавалася разьвіцьцю сацыяльных і асьветніцкіх праектаў праваслаўнай царквы».

Найважнейшымі тэмамі, да якіх зьвярталася БПЦ у 2017 годзе, былі 100-я гадавіна аднаўленьня патрыяршаства ў Расейскай праваслаўнай царкве, трагічныя падзеі гісторыі ХХ стагодзьдзя, ганеньні на царкву.

Кіраўнік БПЦ павіншаваў вернікаў са сьвятам Раства і Новым годам і пазычыў усім «добрага здароўя, міру, дабрабыту і невычэрпнай добрай дапамогі Божай у жыцьці, подзьвігах і працы на славу сьвятой царквы Хрыстовай, на карысьць Айчыны і на дабро ўсім бліжнім і дальнім».

Паводле зьвестак Інстытуту сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук, прыблізна 80% усіх вернікаў у Беларусі лічаць сябе праваслаўнымі хрысьціянамі. Беларускі экзархат Расейскай праваслаўнай царквы мае прыкладна паўтары тысячы прыходаў у 15 эпархіях. Чатыры зь іх — Менская, Маладзечанская, Барысаўская і Слуцкая — аб’яднаныя ў Менскую мітраполію. Праваслаўных сьвятароў рыхтуюць Менская духоўная акадэмія, духоўныя сэмінарыі ў Менску і Віцебску, а таксама духоўныя вучэльні (Менск, Слонім). У Беларускім дзяржунівэрсытэце дзейнічае Інстытут тэалёгіі. У краіне дзейнічаюць звыш 1,1 тыс. праваслаўных храмаў, больш за 100 будуюцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG