Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы ня хочам быць чарговай Сырыяй». Іранцы распавядаюць, што адбываецца ў краіне


Пратэст у Тэгеране 2 студзеня 2018 года
Пратэст у Тэгеране 2 студзеня 2018 года

Ужо тыдзень у Іране заблякаваныя сацыяльныя сеткі. Гэта адзіная рэч, якая зьмянілася ў краіне з пачаткам пратэстаў 30 сьнежня. Пра тое, чаму адбываюцца пратэсты і чым сёньня жыве Іран, Свабодзе расказалі жыхары Тэгерану.

Пратэстоўцы — бедная беспрацоўная моладзь

Праўладны мітынг у Тэгеране
Праўладны мітынг у Тэгеране

Пратэсты пачаліся на мінулым тыдні з так званага «яечнага пратэсту» ў другім па велічыні горадзе Ірану — Мэшгэдзе. Іх выклікала падвышэньне цэнаў на прадукты харчаваньня, асабліва на яйкі, а таксама пляны ўраду падвысіць з красавіка кошт электрычнасьці. Як паведамляюць мэдыі, у выніку шматтысячных пратэстаў па ўсёй краіне загінуў 21 чалавек, 450 былі затрыманыя.

«Людзі выйшлі пратэставаць з эканамічных прычын, — сказаў Свабодзе 26-гадовы Мэгран Салтані (Mehran Soltani) з Тэгерану. — Яны ня маюць палітычных патрабаваньняў».

Інтэрвію з праграмістам, які пераехаў працаваць з Ірану ў Беларусь

Пратэстоўцы — у асноўным беспрацоўныя маладыя людзі. Гэта пакаленьне тых, хто нарадзіўся пасьля іранска-ірацкай вайны, на пачатку 1990-х. У Іране тады была звышвысокая нараджальнасьць. Праз 25 год гэта прывяло да таго, што маладыя людзі ня могуць знайсьці працу ў краіне. І падвышэньне цэнаў выклікала моцнае абурэньне.

«Большасьць пратэстоўцаў — бедная моладзь, якая ня мае працы», — кажа Мэгран.

Іранскі пратэстовец паказвае. што сацыяльныя сеткі заблякаваныя
Іранскі пратэстовец паказвае. што сацыяльныя сеткі заблякаваныя

Хоць пратэсты былі масавымі і праходзілі ў шмат якіх гарадах, Іран ня быў паралізаваны. Сярод наступстваў Мэгран называе толькі заблякаваныя сацыяльныя сеткі. Урад абяцае зьняць абмежаваньне, калі пратэсты скончацца. Але большасьць іранцаў усё роўна абыходзяць блякаваньне Facebook і Telegram з дапамогай адмысловых сэрвісаў.

«Немагчыма заблякаваць усё, — кажа Мэгран. — Тым больш што бізнэс цяпер моцна залежыць ад сацыяльных сетак».

«Усё будзе ОК»

З прыходам да ўлады прэзыдэнта Рухані ў 2013 годзе краіна пачала выходзіць з эканамічнай і палітычнай ізаляцыі, у якой заставалася шмат гадоў. Праўда, дагэтуль жыхары краіны ня могуць адкрываць міжнародныя банкаўскія рахункі, застаецца абмежаваньне на выезд за мяжу.

Пратэсты ў Тэгеране
Пратэсты ў Тэгеране

І хоць ціск Захаду ў ранейшыя гады меў плён, Мэгран, як і ягоныя сябры, баіцца, каб у эканамічны крызіс сёньня не ўмяшаліся іншыя краіны.

«Калі Амэрыка пачне падтрымліваць антыўрадавыя выступы, у краіне можа пачацца хаос. Гэта будзе вялікая праблема».

Інтэрвію з іранцам, які прасіў статус уцекача ў Беларусі

Па яго словах, дэпутаты парлямэнту ўжо паабяцалі перагледзець дзяржаўны бюджэт і цэны на электраэнэргію. Два апошнія дні пратэстаў не было.

«Нас пачулі ў парлямэнце. І гэта важна. Важна, каб мы ня сталі чарговай Сырыяй ці Эгіптам. Але многія краіны хочуць гэтага. Асабіста я веру ў рэформы. Хоць і немагчыма зрабіць зьмены за адну ноч».

Мітынг прыхільнікаў улады ў Іране
Мітынг прыхільнікаў улады ў Іране

Мэгран упэўнены, што эканамічны крызіс не перарасьце ў збройны канфлікт. Да яго ўсё часьцей зьвяртаюцца замежныя турысты, якія цяпер асьцерагаюцца прыяжджаць у Іран.

«Людзі пытаюцца, ці ня варта ім адмяняць свае вандроўкі, — кажа Мэгран. — Я адказваю, што яны павінны прыехаць, што тут усё будзе бясьпечна. Усё будзе ОК».

Сэрыя рэпартажаў Свабоды з Ірану:

Фрагмэнт пэрсыдзкага ўзору-1: сучасны Іран XIV стагодзьдзя

Фрагмэнт пэрсыдзкага ўзору-2: касмапалітычны Тэгеранʼ16

Фрагмэнт пэрсыдзкага ўзору-3: краіна маладых

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG