Тады Сэнат Гішпаніі ўвёў у Каталёніі прамое кіраваньне з боку цэнтральнага ўраду, затым улады Гішпаніі абвясьцілі аб роспуску каталёнскага парлямэнту.
Раней, 1 кастрычніка, у Каталёніі прайшло галасаваньне на рэфэрэндуме пра аддзяленьне рэгіёну ад Гішпаніі. Ні Мадрыд, ні міжнародная супольнасьць не прызналі рэфэрэндум легітымным.
Пасьля таго, як цэнтральныя ўлады Гішпаніі ўвялі ў Каталёніі прамое кіраваньне, міністры каталёнскага ўраду і старшыня рэгіянальнага парлямэнту былі арыштаваныя паводле абвінавачаньняў у арганізацыі бунту, падрыўной дзейнасьці і прамантачваньні дзяржаўных сродкаў.
Адхілены ад улады кіраўнік ураду Каталёніі Карлэс Пудждэмон зьехаў у Бэльгію, дзе застаецца «зь меркаваньняў бясьпекі і свабоды».
Прыхільнікі аддзяленьня Каталёніі ад Гішпаніі згодныя і маюць магчымасьць удзельнічаць у выбарах. Яны вялі выбарчую кампанію пад лёзунгамі «Пудждэмон — наш прэзыдэнт» і «Дэмакратыя заўсёды перамагае».
Яны ўспрымаюць пазачарговыя выбары як «другі раўнд рэфэрэндуму, які ім усё роўна не дазволілі б правесьці на законных падставах».
На выбарах 2015 года большасьць сэпаратысцкіх партыяў выступіла адзіным фронтам пад лёзунгам «Разам скажам «Так», заклікаючы выбаршчыкаў падтрымаць ідэю правядзеньня рэфэрэндуму і прагаласаваць за абвяшчэньне незалежнасьці.
Альянс сэпаратыстаў тады здолеў атрымаць дастаткова месцаў у парлямэнце, каб ініцыяваць правядзеньне рэфэрэндуму аб незалежнасьці.
Аднак, у адрозьненьні ад 2015 году, сёньня ў лягеры сэпаратыстаў адзінства няма: левыя рэспубліканцы адмовіліся ад супрацоўніцтва з партыяй Пудждэмона.
Як паведамляе ВВС, апытаньні грамадзкай думкі гавораць аб тым, што ў новым складзе парлямэнту сэпаратыстам можа крыху не хапіць да большасьці.