Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тамковіч прэзэнтуе 24-ю кнігу пра выбітных беларусаў 


Журналіст і пісьменьнік Аляксандар Тамковіч
Журналіст і пісьменьнік Аляксандар Тамковіч

Чарговая кніга пісьменьніка Аляксандра Тамковіча «Мазаіка жыцьця» — своеасаблівы сямейны альбом выбітных беларускіх творцаў.

19 сьнежня ў памяшканьні менскага «Прэс-клюбу» будзе прэзэнтаваная кніга журналіста Аляксандра Тамковіча «Мазаіка жыцьця». Лёсы знаных літаратараў, музыкаў, мастакоў суправаджаюцца фотаздымкамі розных часоў — іх пад адной вокладкай блізу паўтысячы. Прадмову напісаў пісьменьнік і праваабаронца Алесь Бяляцкі.

«Мазаіка жыцьця», па-сутнасьці, ёсьць працягам «Найноўшай гісторыі ў асобах», у якой сабраныя гісторыі сотні вядомых людзей, уключна з палітыкамі і грамадзкімі дзеячамі, — сказаў Свабодзе Аляксандар Тамковіч. — Але, працуючы над той кнігай, я вырашыў, што можна нарэшце абысьціся без палітыкі.

Па-першае, амаль усе знакавыя постаці так ці інакш паказаў. Па-другое, у іх даволі часта зьмяняюцца палітычныя погляды. Па-трэцяе, крыху стамілі адны і тыя ж твары. Таму вырашыў засяродзіцца на творцах — у «Мазаіцы жыцьця» няма ніводнага палітыка, ніводнага партыйнага актывіста. Толькі людзі творчых прафэсій».

Новая кніга Аляксандра Тамковіча
Новая кніга Аляксандра Тамковіча

Такім чынам, гісторыі свайго прафэсійнага станаўленьня чытачам апавядаюць больш за тры дзясяткі герояў нашага часу.

Сярод іх Сьвятлана Алексіевіч, Алена Анісім, Алесь Аркуш, Зьміцер Вайцюшкевіч, Ігар Варашкевіч, Сяргей Вераціла, Натальля Гардзіенка, Адам Глобус, Тацяна Грыневіч, Генадзь Драздоў, Ірына Дубянецкая, Максім Жбанкоў, Кася Камоцкая, Алесь Камоцкі, Іван Кірчук, Артур Клінаў, Андрэй Кудзіненка, Андрэй Курэйчык, Гэнік Лойка, Віктар Марціновіч, Дзьмітры Падбярэскі, Алесь Пашкевіч, Алесь Пушкін, Барыс Пятровіч, Анатоль Тарас, Андрэй Хадановіч, Алег Хаменка, Сяргей Харэўскі, Юлія Чарняўская, Васіль Шаранговіч, Віктар Шалкевіч.

Як кажа аўтар, на «Мазаіцы жыцьця» кропка не пастаўлена. «Працяг будзе абавязкова», — запэўнівае ён. Паводле Тамковіча, з розных прычынаў «за бортам» засталася вялікая колькасьць годных творцаў, чыя праца вартая публічнасьці.

Для выданьня кнігі на краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака» быў распачаты збор сродкаў. Кампанія праходзіла ня так гладка, як хацелася, даводзілася яе нават спыняць з-за рознагалосьсяў і разыходжаньняў у падыходах. У выніку ўсе вострыя пытаньні ўдалося зьняць.

Пачатак імпрэзы а 17-й гадзіне, вядоўцай — заслужаная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG