Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Канапацкая: улады не даюць ходу маім законапраектам


Ганна Канапацкая, архіўнае фота
Ганна Канапацкая, архіўнае фота

14 сьнежня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня ўпершыню разгледзелі законапраект ад саміх дэпутатаў. Яго ініцыяваў дэпутацкі дуэт Леаніда Брыча і Сяргея Зямчонка. А дзе ініцыятыва апазыцыйных дэпутатаў, запыталася Свабода ў сябра Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ганны Канапацкай.

Калі восеньню 2016 году Ганна Канапацкая стала дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, то ня раз публічна заяўляла, што будзе ініцыяваць і новыя законы, і зьмены да ўжо дзейных.

Дэпутатка тлумачыць, што падрыхтавала ўжо шэраг законапраектаў.

«Я пайшла абодвума шляхамі, якімі можа карыстацца дэпутат. Першы — твой законапраект уключаецца ў плян заканатворчай ініцыятывы на год, які зацьвярджае ўказам прэзыдэнт. Таму яшчэ ў траўні я перадала свае прапановы аб зьмяненьні Зямельнага кодэксу і іх абгрунтаваньне. На сёньня плян на 2018 год яшчэ не падпісаны. Таму, што з маіх ініцыятываў туды трапіць, я ня ведаю», — кажа Канапацкая.

Другі варыянт — дэпутат, абмінаючы гадавы плян, апэратыўна выносіць свой законапраект на разгляд калегаў. Такім шляхам Канапацкая спрабавала ўнесьці ў парадак дня зьмены да выбарчага заканадаўства. І тут яна сутыкнулася зь «дзіўнай сытуацыяй», калі, паводле ейных словаў, улады альбо ня ведаюць дзейных законаў, альбо наўмысна заблытваюць сытуацыю.

«Да сваіх прапаноў дэпутат мусіць прыкласьці ўзгадненьне так званых зацікаўленых органаў. Бальшыня зь іх, уключаючы старшыню Цэнтравыбаркаму спадарыню Ярмошыну, адказалі мне як пад капірку: вашых прапановаў няма ў гадавым пляне, таму ў нас няма падставаў іх разглядаць», — кажа Канапацкая.

Дэпутатка таксама зьвяртае ўвагу, што перадаваць законапраект у сакратарыят сэсіі няма ніякага сэнсу.

«Калі я так зраблю, то гэта будзе фармальнай падставай, не парушаючы закону, мне адмовіць. Гэта будзе выглядаць прыкладна так: „Паважаная Ганна Анатольеўна, паколькі вы не прыклалі да сваіх прапаноў узгадненьні ўсіх зацікаўленых органаў, мы ня можам уключыць ваша пытаньне ў парадак дня сэсіі“», — кажа Канапацкая.

Адказу з Генпракуратуры і Вярхоўнага суду таксама няма

У такой сытуацыі дэпутатка бачыць толькі адну магчымасьць працягваць справу.

«Я зьвярнулася ў Генэральную пракуратуру краіны, якая павінна назіраць за выкананьнем законаў. Аднак адказу адтуль дагэтуль няма. Як няма адказу і зь Вярхоўнага суду, куды я таксама зьвярталася», — кажа Канапацкая.

Сябра Абʼяднанай грамадзянскай партыі кажа, што яе выбарчыя прапановы ўжо ў любым выпадку не закрануць цяперашнюю мясцовую кампанію. Таму яна мяркуе прайсьці са сваімі ініцыятывамі ўвесь шлях «ад А да Я».

«Я хачу выканаць абсалютна ўсе фармальныя працэдуры, каб у Палаты прадстаўнікоў не было працэсуальных падставаў мне адмовіць. Мне патрэбны не скандал, а прэцэдэнт таго, як трэба паважаць правы дэпутатаў», — рэзюмуе суразмоўца.

Мясцовыя выбары ў Беларусі прызначаныя на 18 лютага 2018 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG