Такія сустрэчы не зьяўляюцца ўжо чымсьці новым. І сярод дэпутатаў, і сярод журналістаў яны завуцца «нулявым чытаньнем». Хоць, паводле заканадаўства, бюджэт прымаецца ў двух чытаньнях — першым і другім.
Паколькі сустрэча рабочая, то журналістаў на яе не запрашаюць, патлумачылі ў прэсавай службе Палаты.
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая ўжо вывучыла дакумэнты, якія тычацца новага бюджэту.
«Ад многіх я чую, што бюджэт добры, што ён з прафіцытам, — кажа Свабодзе дэпутатка. — Але ў мяне стаўленьне да праекту асноўнага фінансавага дакумэнту краіны крытычнае. Так, у ім закладзены рост прыбыткаў. Аднак ён не на столькі вялікі, як хацелася б. Можна казаць, што гэта ўзровень статыстычнай хібнасьці».
Паводле дэпутаткі, бюджэт не ўлічвае тых структурных рэформаў, якія патрэбны эканоміцы:
«І яшчэ я назвала б яго антысацыяльным. Там выдаткоўваюцца грошы на міліцыю, вайсковае ведамства. А вось на мэдыцыну і іншыя сацыяльныя патрэбы грошай заплянавана няшмат».
Ганна Канапацкая кажа, што ў праекце бюджэту плянуюцца некаторыя зьмены ў падатковай сыстэме: у Падатковы кодэкс, у закон аб бухгальтэрскім уліку. Дэпутатка разам зь бізнэс-супольнасьцю падрыхтавала 21 зьмену ў Падатковы кодэкс. Але ці будуць яны ўлічаныя, спадарыня Канапацкая пакуль ня ведае.
З двух сцэнароў выбралі кансэрватыўны
Сёлета ў канцы жніўня асноўныя парамэтры рэспубліканскага бюджэту разглядалі на пасяджэньні прэзыдыюму ўраду. Прэм’ер Андрэй Кабякоў тады запатрабаваў зрабіць бюджэт збалянсаваным.
«Мы ня можам траціць больш, чым зарабляем, і абавязаны жыць па сродках. Плянуецца, што даходы бюджэту павялічацца ў 2018 годзе на 6,2%», — сказаў ён.
Кабякоў адзначыў, што для распрацоўкі праектаў бюджэту ўзялі два сцэнары разьвіцьця эканомікі.
Першы — мэтавы сцэнар, на аснове якога распрацаваны праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі. Тут прагназуецца рост ВУП на 3,4%, прадукцыйнасьці працы — на 2,8%, інвэстыцыі ў асноўны капітал перавысяць чаканыя інвэстыцыі 2017 году на 6,8%^; экспарт прырасьце на 6% пры практычнай збалянсаванасьці замежнага гандлю. Урад разьлічвае на прыцягненьне непасрэдных замежных інвэстыцый у памеры 1,45 мільярда даляраў. Чакаецца, што інфляцыя налета не перавысіць 7%, а рэальныя прыбыткі насельніцтва падрастуць на 3,2%.
Другі — сцэнар кансэрватыўны. У ім усе названыя вышэй лічбы значна больш сьціплыя. Так, ВУП вырасьце толькі на 1,2%, прадукцыйнасьць працы — на 0,9%. Нават прафіцыт бюджэту ў гэтым варыянце на дзіва сьціплы — усяго 500 мільёнаў рублёў, амаль утрая менш, чым плянавалі на бягучы год. Экспэрты тлумачаць гэта тым, што ў праекце новага бюджэту кошт барэля нафты закладзены як 45 даляраў, у той час як у бюджэт 2017 году разьліковая лічба была 55 даляраў. Аднак і 45 даляраў абяцаюць бюджэт з прафіцытам.
Ужо чацьвёрты год запар усе бюджэты плянуюцца менавіта з прафіцытам. Першы намесьнік міністра фінансаў Максім Ермаловіч нават сказаў журналістам:
«Мы захоўваем бюджэтнае правіла, пры якім бюджэт фармуецца з прафіцытам. Памер гэтага прафіцыту наўпрост карэлюецца з паступленьнямі прыбыткаў ад нафтавага сэктару».
Палёгкі ў падатках, падобна, ня будзе
У праекце бюджэту ўзровень падатковай нагрузкі абазначаны ў 25% ад валавога ўнутранага прадукту. Гэта столькі ж, як і сёлета. Такім чынам, выглядае, што абяцаньне ўладаў не ўводзіць новыя падаткі да 2020 году будзе ў наступным годзе выкананае. Пры гэтым невядома, кажуць экспэрты, што будзе прапісана ў новым варыянце так званага прэзыдэнцкага «дэкрэту аб дармаедах». Абноўленага варыянту дэкрэту няма пакуль і ў дэпутатаў.
Бюджэт не сьвятая карова
Пасьля прыняцьця пакету бюджэтных законапраектаў абедзьвюма палатамі Нацыянальнага сходу яго падпісвае кіраўнік Беларусі. Звычайна гэта робіцца ў апошнія дні сьнежня.
Як сказаў Свабодзе кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук, «у Беларусі бюджэт не сьвятая карова».
«Яго карэктуюць амаль кожны квартал па некалькі разоў. Такое права маюць урад і прэзыдэнт. Я ня ведаю ніводнага году, калі б яны гэтым не карысталіся», — сказаў эканаміст.