Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская дыяспара ў Бэльгіі зладзіла пікет памяці зьніклых на радзіме. ФОТА


24 лістапада на плошчы Jean Rey у Брусэлі прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Бэльгіі арганізавалі пікет памяці і салідарнасьці са зьніклымі апанэнтамі рэжыму «апошняга дыктатара Эўропы» — Віктарам Ганчаром, Юрыем Захаранкам, Анатолем Красоўскім, Дзьмітрыем Завадзкім.

На плошчы ў цэнтры Брусэля — каля дзясятка чалавек. У іх руках бел-чырвона-белыя сьцягі, партрэты палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў, якія зьніклі пры загадкавых абставінах. Абагульненае пытаньне выведзенае на транспаранце — «Хто забіў Віктара Ганчара?»

Адна з удзельніц акцыі перакананая: калі пры кожнай нагодзе нагадваць пра тое, што вось ужо больш за 20 гадоў адбываецца ў Беларусі, раней ці пазьней голас незадаволенай часткі грамадзтва будзе пачуты. Брусэльскі саміт — адна з такіх пляцовак.

Малады чалавек — Ігар Піменаў — трымае плякат з заклікам: «Эўрапейскія палітыкі, спыніце рэпрэсіі ў Беларусі!». Да яго прымацаваны партрэт былога віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савету Генадзя Карпенкі, які раптоўна памёр амаль 20 гадоў таму. Ёсьць падазрэньне, што палітык адышоў у іншы сьвет не без дапамогі нядобразычліўцаў.

Ігар Піменаў
Ігар Піменаў

Адзін з арганізатараў пікету Дзяніс Казакевіч пагаджаецца, што акцыя ня вельмі шматлікая, але кажа, што сэнс ня ў колькасьці, а ў страшным злачынстве, якое, на думку беларускага кіраўніцтва, сышло яму з рук. І пакуль на вуліцу выходзіць хоць адзін чалавек, які пра гэта памятае, гэта мае значэньне.

Мужчына сярэдняга веку трымае аркуш паперы з патрабаваньнем свабоды для Беларусі і партрэт зьніклага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. Яго абурае, што гэтыя справы за прамінулы час фактычна «пакладзеныя пад сукно», расьсьледаваньні праведзеныя фармальна. А гэта значыць, уладам ёсьць што хаваць.

Вядомы актывіст Мірон сёньня прыйшоў з выявай журналіста і відэаапэратара Зьмітра Завадзкага. Тлумачыць, што гісторыя Зьмітра ў чарадзе злачынстваў супраць апанэнтаў уладаў — самая паказальная. Калі палітычныя праціўнікі ўсё ж пагражалі ўладным пазыцыям Лукашэнкі, то пазбавіць жыцьця журналіста — цынізм найвышэйшага парадку.

Бальшыня пікетоўцаў лічіць, што палітычныя зьнікненьні цалкам падпадаюць пад ганебную практыку сьмяротнага пакараньня, ад якой беларускія ўлады ўпарта ня хочуць адмаўляцца, — як вядома, адзіныя на эўрапейскім кантынэнце. Аналягічная сытуацыя і з палітвязьнямі: ад сярэдзіны 1990-х перасьлед ідэйных праціўнікаў практычна не спыняецца, удзельнікаў мірных сходаў караюць арыштамі і неадэкватнымі штрафамі.

​За день да таго перад будынкам Эўракамісіі адбылася акцыя беларускіх актывістаў супраць супрацоўніцтва эўрапейскіх інстытутаў з Аляксандрам Лукашэнкам пад назвай «Не» — сяброўству з дыктатарам!».

У бэльгійскай сталіцы распачаў працу пяты саміт праграмы Эўрапейскага зьвязу «Ўсходняе партнэрства», узяць удзел у форуме быў запрошаны і кіраўнік Беларусі. Аднак сёньня Лукашэнка інспэктуе Буда-Кашалёў, беларускую дэлегацыю ўзначаліў міністар замежных спраў Ўладзімер Макей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG