Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Алесін: «Журналісты заўсёды бываюць мішэньню»


Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

У тым, што чарговага журналіста падазраюць у шпіянажы, няма нічога дзіўнага. Як паказвае практыка спэцслужбаў усяго сьвету, найбольш прымальным «матэрыялам» для вэрбаваньня агентаў ёсьць менавіта журналісты, лічыць экспэрт у вайсковых пытаньнях журналіст Аляксандар Алесін.

У канцы 2014 году Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі затрымаў Аляксандра Алесіна і выставіў яму абвінавачваньні паводле артыкулаў 356 «Здрада дзяржаве» і 356.1 «Выдача дзяржаўнай таямніцы замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці прадстаўніку». Больш за 2 тыдні Алесіна трымалі ў СІЗА КДБ, а потым выпусьцілі.

Што да арышту ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі, інфармацыі пакуль няшмат, таму Аляксандар Алесін падкрэсьліў, што гэта толькі ягоныя меркаваньні і здагадкі:

«Як паказвае практыка спэцслужбаў усяго сьвету, найбольш прыймальным „матэрыялам“ для вэрбаваньня агентаў ёсьць менавіта журналісты. Яны пасуюць складам свайго розуму, аналітычнымі якасьцямі, шырокай профільнай адукацыяй. Да таго ж яны лёгка ўваходзяць у самыя розныя колы, маюць самыя разнастайныя знаёмствы, пачынаючы з высокапастаўленых асобаў, эліты і заканчваючы маргіналамі.

У тым, што журналіст затрыманы паводле падазрэньня ў выведнай дзейнасьці, няма нічога дзіўнага, гэта звычайная рэч для ўсясьветнай практыкі.

Вельмі часта журналісты, якія праводзяць расьсьледаваньні, рыхтуюць матэрыялы, выкарыстоўваючы цалкам адкрытыя і несакрэтныя крыніцы, на якія звычайныя абываталі не зьвяртаюць увагі.

Але журналісты заўсёды бываюць мішэньню, прадметам увагі як з боку выведкі сваёй дзяржавы, так і з боку контравыведных службаў краіны, у якой яны працуюць.

Журналіст, які займаецца тэматыкай узброеных сілаў, сакрэтных службаў, праваахоўных органаў, вайскова-прамысловага комплексу і нават проста вывучае эканамічную, фінансавую інфармацыю — у пэўнай ступені рызыкуе. У ягоныя рукі можа трапіць інфармацыя, якую хтосьці палічыць сакрэтнаю, „для службовага карыстаньня“, якая можа нанесьці шкоду краіне знаходжаньня. Таму прафэсійная рызыка існуе», — кажа Аляксандар Алесін.

Пакуль невядома, якія канкрэтна прэтэнзіі выставілі ўкраінскаму журналісту. Але экспэрт у вайсковых пытаньнях Аляксандар Алесін зьвяртае ўвагу яшчэ на адну акалічнасьць — адукацыю Паўла Шаройкі:

«Спадар Шаройка — вайсковы прафэсіянал. У Львоўскай вайскова-палітычнай вучэльні, дзе рыхтуюць журналістаў, давалі і добрую вайсковую адукацыю, у выпадку неабходнасьці выпускнікі маглі выконваць ролю камандзіраў узводу альбо роты».

Што да доўгага маўчаньня ўкраінскага боку — а супрацоўнікі амбасады Ўкраіны ў Беларусі ведалі пра затрыманьне журналіста зь першага дня і нават накіравалі ноту ў беларускі МЗС — спадар Алесін кажа, што гэта можна зразумець:

«Магчыма, выгадней для самога журналіста, каб за ім такая „слава“ не ішла — што ён трапляў у поле зроку спэцслужбаў. Украінскі бок спрабаваў „разруліць“, ня робячы шуму. Гэта нармальная практыка, гэта і для беларуска-ўкраінскіх стасункаў больш карысна, чым скандал».

Што вядома пра ўкраінскага журналіста Шаройку, якога затрымалі ў Менску

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG