Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску арыштаваны карэспандэнт Украінскага радыё Паўло Шаройка

абноўлена

Паўло Шаройка, архіўнае фота
Паўло Шаройка, архіўнае фота

У Менску арыштаваны карэспандэнт Украінскага радыё Паўло Шаройка. Пра гэта Свабодзе паведаміла намесьніца галоўнага рэдактара Ўкраінскага радыё​ Сьвятлана Мялік. Журналіст быў затрыманы 25 кастрычніка.

Паводле яе, кіраўніцтва радыё высьвятляе падрабязнасьці сытуацыі.

Што вядома пра ўкраінскага журналіста Шаройку, якога затрымалі ў Менску

12.40 Прэсавы сакратар КДБ Дзьмітры Пабяржын на пытаньне пра затрыманьне Шаройкі адказаў: «Не камэнтуем гэтую сытуацыю».

Факт затрыманьня Паўла Шаройкі пацьвердзіла ягоная жонка Алена, якая цяпер знаходзіцца ў Кіеве, на Ўкраінскім радыё, пакуль яна не гатовая да інтэрвію.​

Ігар Кізім
Ігар Кізім

13.30 Амбасадар Украіны ў Менску Ігар Кізім пацьвердзіў Радыё Свабода затрыманьне Паўла Шаройкі, ўкраінскага журналіста, які акрэдытаваны і працуе ў Менску.

«Мы разьбіраемся ў гэтай сытуацыі, пытаньне пад нашым канролем».

Ігар Кізім паведаміў, што амбасада Ўкраіны накіроўвала адпаведныя ноты ў МЗС Беларусі.

Паўло Шаройка працаваў у Менску спачатку ўласным карэспадэнтам інфармацыйнага агенцтва УНІАН, калі яго ўзначальваў Алег Налівайка, а пазьней — Украінскага радыё.

Старшыня Дзяржаўнага камітэту тэлебачаньня ды радыёвяшчаньня Алег Налівайка мяркуе, што справа Паўла Шаройкі можа ператварыцца ў сытуацыю, падобную да сытуацыі з Раманам Сушчанкам, калі той беспадстаўна быў арыштаваны ў Расеі і абвінавачаны ў шпіёнстве.

Алег Налівайка
Алег Налівайка

«Я атрымаў інфармацыю ад Алены, жонкі Паўла. Цяпер яна знаходзіцца ў Кіеве і працуе з адвакатамі. Пакуль няма ніякай дакладнай інфармацыі пра падрабязнасьці гэтай справы. Але хачу падкрэсьліць, што Паўло Шаройка ўсё сваё жыцьцё займаўся толькі журналістыкай», — адзначыў Алег Налівайка ў камэнтары Свабодзе.

Паводле яго, цяпер супольна з жонкай журналіста Саюз журналістаў Украіны рыхтуе адпаведную заяву і зварот да міжнароднай супольнасьці.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец паведаміў Радыё Свабода, што навіна пра арышт украінскага калегі стала для яго нечаканасьцю:

Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

«У Менску ў гэтыя дні праходзіць міжнародная канфэрэнцыя „Пэрспэктывы і выклікі фрылянс-журналістыцы ў Эўропе. Адмысловы фокус на Беларусі“. І літаральна ўчора ў нас былі два старшыні журналісцкіх Саюзаў Украіны і ніхто нічога ня ведаў і не казаў. Мы будзем трымаць гэтую справу на кантролі. Калі будзе крыху больш інфармацыі, у залежнасьці ад яе будзем вырашаць, як дзейнічаць далей».

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі паведаміў Свабодзе, што першы раз пра гэта чуе:

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

«Калі амбасада Ўкраіны пра гэта даўно даведалася і нават накіроўвала ў МЗС Беларусі ноты, то чаму яна тры тыдні маўчала? Трэба было даўно распаўсюдзіць гэту інфармацыю.

Мы абавязкова далучымся, высьветлім інфармацыю, даведаемся, ці ёсьць у яго адвакват, хто ім займаецца, і будзем вырашаць, як дзейнічаць далей».

Дэпутат Рады Тымчук пра арышт журналіста Шаройкі ў Менску: «Гэта акцыя супраць Украіны»

Народны дэпутат Украіны, каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітры Тымчук у інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што расцэньвае арышт у Беларусі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі як адкрытую дэманстрацыю беларускіх уладаў супраць Украіны.

Дзьмітры Тымчук
Дзьмітры Тымчук

«Мы перакананыя, што пасьля таго, як Беларусь прагаласавала супраць рэзалюцыі па Крыме, цяперашні арышт — гэта ўжо выхад спадара Лукашэнкі ў адкрытую прастору на баку Расеі. Ён увесь час казаў, што зьяўляецца сябрам Украіны, але ўсё рабіў наадварот — тыя ж супольныя вучэньні з Расеяй у верасьні. Цяпер ён паказвае, што ёсьць сатэлітам Крамля. І іншай інтэрпрэтацыі гэтых дзеяньняў мы ня бачым. Тое, што робяць апошні час беларускія ўлады, гэта канкрэтная праца супраць дзяржавы Ўкраіны. Мы расцэньваем гэта толькі так», — паведаміў Свабодзе Дзьмітры Тымчук.

Саюз журналістаў Украіны патрабуе ад Беларусі неадкладнага вызваленьня журналіста Шаройкі

Нацыянальны саюз журналістаў Украіны (НСЖУ) патрабуе неадкладна вызваліць ўласнага карэспандэнта Нацыянальнага радыё Ўкраіны Паўла Шаройка, якога затрымалі ў Беларусі 25 кастрычніка.

Сяргей Таміленка
Сяргей Таміленка

«Афіцыйныя запыты зараз накіроўваем ў Пасольства Беларусі ва Ўкраіне і Пасольства Украіны ў Беларусі. Інфармуем Міжнародную Федэрацыю журналістаў, Эўрапейскую Федэрацыю журналістаў і Прадстаўніка АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ», — заявіў кіраўнік НСЖУ Сяргей Таміленка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG