Анэта Прымака нарадзілася на хутары ля вёскі Кнышэвічы Сакольскага павету, закончыла Варшаўскі ўнівэрсытэт, працавала ў «Gazecie Wyborczej», у Цэнтры навукі «Капэрнік». Гадуе дзьвюх дачок — Анастасію і Лідзію, якія на адмысловых курсах у Варшаве вучаць беларускую мову.
Анэта — аўтарка кнігі «Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы» (Bieżeństwo 1915. Zapomniani uchodźcy) пра вымушанае перасяленьне ўглыб Расеі мільёнаў людзей з тэрыторыі сучасных Польшчы, Беларусі, Літвы і Ўкраіны пад ціскам царскіх уладаў у часе Першай усясьветнай вайны.
Гісторыя бабці Надзі
Анэціна бабуля Надзея паехала ў «бежанства», калі ёй было 17 гадоў. Прыехалі ў станіцу за 40 кілямэтраў ад Стаўрапаля, дзе было адносна добра.
«На Каўказе яна выйшла замуж за хлопца са сваёй вёскі, нарадзіла дачку. Калі вярталася, то дачцэ было 10 месяцаў, а былі зіма, холад, голад, у Расеі было страшна, рэвалюцыя прыйшла. Яны ехалі таварным цягніком, да якога прыходзілі салдаты, выносілі тых, хто памёр ад тыфусу. Усю дарогу яе малая дачка вельмі плакала. Салдаты гэтыя кажуць бабулі: „аддай, дзіця памрэ зараз“. У яе была гарачка, тыфус. Бабця адказвае, што не, гэта ня тыфус, яна галодная, у мяне няма малака. Не аддала, прывезла дачку на радзіму. Гэтая дзяўчынка — мая цётка Шура — памерла толькі сёлета, у 95 гадоў», — апавядае гісторыю сваёй сям’і Анэта Прымака-Онішк.
«Бежанства» — забытая гісторыя сям’і і народу
Пад уплывам сямейнай гісторыі апошнія пяць гадоў Анэта заглыбілася ў праект, які можна коратка назваць расейскім словам «бежанства». Слова пасьля Першай усясьветнай вайны трывала ўвайшло ў гаворкі падляскіх вёсак.
У 1915 годзе, калі расейскія войскі адступалі пад нямецкім ціскам, царскія ўлады пачалі кампанію вывазу людзей з тэрыторыі сучасных Польшчы, Беларусі, Украіны і Літвы ўглыб Расеі. Сотні тысяч жыхароў пагналі — сілай або запалохваючы — на ўсход. Бацюшкі ў цэрквах заклікалі ратавацца ў Расеі, а казакі палілі хаты сялянаў, каб тыя хутчэй уцякалі. Беласточчына, якая была ў складзе Горадзенскай губэрні, пацярпела найбольш. Апусьцелі цэлыя паветы і вёскі. У 1918–1922 гадах тыя, хто выжыў у віхурах вайны і рэвалюцыі, вярталіся на зьнішчаныя сялібы ў новай польскай дзяржаве. Ранейшы сьвет быў разбураны.
З Горадзеншчыны ў «бежанства» паехала амаль палова насельніцтва — 800 тысяч з 2 мільёнаў жыхароў губэрні. Найбольш было людзей з праваслаўных вёсак вакол Бельску, Саколкі, Беластоку. Было таксама шмат уцекачоў зь Віленскай і Менскай губэрняў, распавядае дасьледніца тэмы Анэта Прымака-Онішк:
«Ёсьць такая інтэрпрэтацыя, што для беларусаў гэта была вялікая трагедыя, пасьля якой мы дагэтуль ня можам узьняцца. Але я думаю, што гэта толькі частка праўды».
Уцекачы з Падляшша ды іншых рэгіёнаў былой Расейскай імпэрыі йшлі празь беларускія мястэчкі. Каля Слоніма, Ваўкавыску, Баранавічаў, Слуцку яны стваралі лягеры, дзе сотні тысяч уцекачоў месяцамі чакалі пасадкі на цягнікі. Многія там паміралі, і ніхто ня ведае, дзе яны пахаваныя.
Паводле Анэты, «бежанства» сто гадоў таму прынесла беларусам Падляшша шмат гора, голад, холад, пажары і сьмерці, але і загартавала іх:
«Мая бабця Надзя і яе дочкі часта гэтае „бежанства“ згадвалі: гэта быў пункт пералому. І гэта надавала ім сілы. У Варшаве кажуць, што зь Беласточчыны ў Варшаву прыяжджае шмат людзей вучыцца ў ВНУ, што ёсьць нейкая цяга ў гэтых вёсках, якая дзяцей простых людзей штурхае ва ўнівэрсытэты. Яны маюць разуменьне, што хата можа згарэць, грошы прападуць, а адукацыя — тое, чаго ніхто не забярэ».
Тэма «бежанства» зацікавіла нашчадкаў
Дзякуючы кнізе Анэты тэма «бежанства» зь сямейных гісторыяў прыйшла ў грамадзкі дыскурс. Дасьледаваньне было намінаванае на многія нацыянальныя кніжныя прэміі ў Польшчы, у тым ліку імя Рышарда Капусьцінскага, атрымала ўзнагароду ад гораду Беластоку. Рэжысэр Юры Каліна зьняў пра гэтыя падзеі фільм «Bieżeńcy 1915–1922».
Анэта стварыла сайт biezenstwo.pl, на які прыходзіць шмат новых вестак. Днямі выйшаў з друку новы зборнік матэрыялаў пра тую трагедыю «Я ёсьць, бо вярнуліся. Вяртаньне памяці ў сотыя ўгодкі «бежанства» ( «Jestem, bo wrócili. Przywracanie pamięci w setną rocznicę bieżeństwa».
«І пачаўся вельмі для мяне цікавы рух, калі маладыя людзі ў трэцім-чацьвёртым пакаленьні па вяртаньні зь „бежанства“ выявілі, што для іх гэта вельмі важная гісторыя. Гэтае „бежанства“ зусім зьнішчыла стары сьвет, людзі пакінулі хаты, усё, што мелі, паехалі вельмі далёка, перажылі рэвалюцыю, бачылі, як разбураюць цэрквы і забіваюць сьвятароў. Увесь іхны сьветапогляд абрынуўся. Калі вярнуліся, то будавалі ўсё ад пачатку. Але „бежанства“ стала падмуркам, на якім наступныя пакаленьні будавалі сваю тоеснасьць. І гэта працягваецца», — перакананая Анэта Прымака-Онішк.
У сучаснай беларускай гістарыяграфіі пакуль няма асаблівай цікавасьці да тэмы «бежанства» 1915–1921 гадоў. Спадарыня Анэта тлумачыць гэта тым, што яе перакрылі сабою надта моцныя міты рэвалюцыі і Другой усясьветнай вайны, дый наагул тое, што на долю беларусаў у ХХ стагодзьдзі і пасьля «бежанства» выпала яшчэ нямала бедаў.
«На „бежанства“ можна глядзець як на мартыралёгію. Страшна было, хаты спалілі, выгналі, людзі паміралі, пакутавалі ад хваробаў і голаду. Але яны вярнуліся. І вярнуліся інакшымі людзьмі, бо пабачылі сьвет. Я на гэта гляджу як таксама і на пазытыўную гісторыю, якая людзям дала сілу, каб разьвіваць новы сьвет. Але гатоўнае, што яны выжылі і засталіся. І сёньняшнім маладым людзям гэта надае сілы: калі іхныя продкі перажылі такое, то іншае ня страшна».
«Бежанства» праз 100 гадоў
Праз 100 гадоў у Эўропу прыйшлі новыя ўцекачы, з Сырыі й Блізкага Ўсходу. Гісторыя паўтараецца, кажа спадарыня Анэта:
«Пішучы гэтую кнігу, я чытала старую расейскую прэсу. І калі ў нас у Эўразьвязе пачаўся крызіс з уцекачамі, дык была тая самая схема: калі тады ехалі ў Расею нашыя дзяды, то іх ніхто не хацеў там бачыць, пісалі, што гэта едуць брудныя хворыя людзі, якія есьцімуць наш хлеб, прывязуць нам хваробы, што яны ня хочуць працаваць, а хочуць толькі жыць на дапамогу, што яны злодзеі... Жыцьцё паказала, што гэта ўнівэрсальныя стэрэатыпы».
Беларуская мова пані Анэты
Анэта Прымака-Онішк добра гаворыць па-беларуску, хоць з польскім акцэнтам, такой беларуска-польскай трасянкай. Яна вывучала беларускую мову самастойна:
«Я вучыла беларускую мову ў хаце, толькі ў хаце. Таму мая беларуская мова недасканалая, яшчэ трэба вучыцца. Я была зь першага пакаленьня, да якога нашыя бацькі зьвярталіся ўжо па-польску, каб нам было лягчэй у школе. Я разумею беларускую мову, і калі еду на Беласточчыну, то да мясцовых людзей зьвяртаюся па-просту, па-беларуску. З мамай я па-ранейшаму гавару па-польску, з многімі сябрамі з Падляшша — таксама», — распавядае Анэта.
Яна кажа, што гэты «экспэрымэнт», каб да дзяцей яе пакаленьня гаварыць па-польску, ня быў для іх добрым у моўным сэнсе.
«Але цяпер бачу, што некаторыя людзі вяртаюцца да роднай мовы. Ёсьць такія ініцыятывы ў школах на Беласточчыне, таксама і ў Варшаве, каб нашыя дзеці вучылі беларускую мову. У прыватнасьці, мае дзеці, якім 5 і 7 гадоў, яны яшчэ дашкольнага ўзросту, але штосуботы ходзяць на заняткі на беларускай мове. Мы пачынаем такі курс, каб даць нашым дзецям беларускую мову і культуру як багацьце, якім можна і трэба карыстацца».
Моўныя курсы, на якія Анэта Прымака-Онішк водзіць сваіх дзяцей, — ініцыятыва «зьнізу». Іх арганізавала яе варшаўская знаёмая зь Міністэрства адукацыі Польшчы, у якой муж беларус і якая працуе ў Міністэрстве адукацыі Польшчы. Яна добра ведае нарматыўныя дакумэнты, якія дазваляюць вучыць дзяцей мовам нацыянальных меншасьцяў. Фармальна гэтыя курсы арганізаваныя і фінансуюцца ўправай адукацыі гораду Варшавы i Міністэрства адукацыі Польшчы.