Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія беларусы. Ян Садоўскі, вяндляр, які нарабіў каўбас ад Саколкі да Нью-Ёрку


Беларус з Падляшша нарабіў каўбасы «ад Саколкі да Нью-Ёрку»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:01 0:00

Беларус з Падляшша нарабіў каўбасы «ад Саколкі да Нью-Ёрку»

Пяць гісторыяў з Падляскага ваяводзтва: як беларусы карыстаюцца магчымасьцямі, якія даў ім уваход Польшчы ў Эўрапейскі Зьвяз.

Гісторыя другая — пра ўласьніка вяндлярнага цэху «Садрол» з павятовага гораду Саколкі Яна Садоўскага. У фірме «Садрол» працуюць 11 чалавек. Яе гадавы абарот 5 мільёнаў злотых, або амаль паўтара мільёна даляраў ЗША.

Знак, які сьведчыць, што Саколка зьяўляецца горадам многіх культур
Знак, які сьведчыць, што Саколка зьяўляецца горадам многіх культур

20-тысячны горад Саколка на Беласточчыне ўражвае вялікай колькасьцю крамаў, кавярняў, аптэк, уcялякіх прыватных фірмаў — амаль у кожным доме ў гарадзкім цэнтры нешта месьціцца. Падляшша — рэгіён аргарны, тут шмат перапрацоўчых мясамалочных прадпрыемстваў.

Адна з найбольш знаных — вяндлярня «Садрол», якая належыць беларусу паводле паходжаньня 60-гадоваму Яну Садоўскаму.

Ян Садоўскі, горад Саколка
Ян Садоўскі, горад Саколка

Сядзіба фірмы — вялікі драўляны будынак з прасторным дваром і пад’ездамі на вуліцы Калантая ў Саколцы. Ад будынку далёка патыхае дымком і пахам вяндліны. Тут і вяндлярня, і бойня, і склад сырога мяса ды гатовай прадукцыі. Вяндліна і каўбасы Яна Садоўскага прадаюцца ў дзьвюх фірмовых крамах у Саколцы, ёсьць іх спажыўцы па ўсёй Польшчы і ў краінах Эўразьвязу. Тавар Садоўскага мае рэпутацыю прадукцыі «найвышэйшай клясы за канкурэнтную цану».

«Я маю свабоду і фінансавую незалежнасьць, раблю тое, што люблю. Ні на што не наракаю. Я чалавек, які рэалізаваўся», — кажа Ян Садоўскі.

Як пачынаўся бізнэс

​Ян Садоўскі закончыў беластоцкі мясны тэхнікум і 8 гадоў адпрацаваў на дзяржаўным мясакамбінаце ў Беластоку.

Пасьля распаду сацыялістычнай сыстэмы стварыў уласную фірму, якая існуе і дагэтуль.

«Вялікіх грошай я тады ня меў. Ды і цяпер у мяне сярэдняя фірма, затое рады, што працую на сябе і сваю сям’ю. Зарабляю больш, чым прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, які афіцыйна мае 18 тысяч злотых заробку», — жартуе Ян Садоўскі.

Перад нашай гутаркай Ян пасьпявае праверыць, як ідзе працэс ў дзьвюх мэталічных вяндлярных шафах, перавесіць гронкі вяндліны і каўбас, падкінуць у топку вялізных паленаў, пакласьці гатовую вяндліну ў пастэрызацыйны кацёл з кіпенем. У іншым памяшканьні Ян праверыў, як сушыцца традыцыйная беларуская «пальцам пханая» каўбаска. Асучасьненую тэхналёгію яе прыгатаваньня ён прыдумаў сам: на разьвешаныя каўбасы зьнізу дзьме гарачае паветра з ацяпляльных канвэктараў, прыносячы ў адчыненыя ім дзьверы густы пах каляндры і часнаку.

«Мяса, вяндліну, каўбасы я раблю мэтадам традыцыйным, даўнейшым, мэтадам нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Сваю працу люблю, яна мне дае самарэалізацыю, эканамічную незалежнасьць. Я зрабіў гэтулькі каўбасы, што калі раскласьці, то будзе ад Саколкі да Нью-Ёрку. А можа і назад, я так думаю», — шчыра кажа бізнэсовец.

Вяндлярны цэх “Садрол”
Вяндлярны цэх “Садрол”

Эўразьвяз дапамагае бізнэсу разьвівацца

Уваход Польшчы ў Эўрапейскі Зьвяз адкрыў для Яна Садоўскага вялікі новы рынак, бо былі скасаваныя мытныя бар’еры на Захадзе. Многія жыхары Саколкі паехалі ў заходнія краіны: напрыклад, у Лёндане стварылі цэлую дыяспару і цяпер падтрымліваюць кантакты з радзімай, у тым ліку эканамічныя.

«Маю вяндліну купляе ўся Эўропа: Нарвэгія, Ангельшчына, Нямеччына, Фінляндыя, — кажа Ян Садоўскі.— Гэта мне дае вялікае задавальненьне, рэалізуюцца мае прафэсійныя мары. Маю кілбасу ведаюць і ў Беларусі. У Маскву яе таксама прадаем. Маю кілбасу і вяндліну еў нават Уладзімір Пуцін, прэзыдэнт Расеі. З „Газпрому“ неяк прыяжджаў прадстаўнік, які ў якасьці сувэніру завёз маю прадукцыю ў Маскву. А было так, што ў тым часе да іх прыехаў Пуцін і яго пачаставалі. І ён сказаў, што мая вяндліна вельмі смачная».

Этнічныя беларусы, жывучы ў Эўразьвязе, могуць рабіць свой бізнэс так, як і прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў, бязь нейкіх перашкодаў, перакананы Ян Садоўскі:

«У Эўразьвязе ёсьць свабода, можна вольна займацца бізнэсам. Толькі адна ўмова: трэба плаціць падаткі, як ува ўсім сьвеце... Мясны рынак складаны, за апошнія 15 гадоў шмат вялікіх мясакамбінатаў у Польшчы спынілася, засталося каля 30 працэнтаў. Мяркую, што ў нашым бізнэсе надалей засталіся пасіянарныя людзі, якія зь любоўю ставяцца да сваёй справы і робяць яе вельмі якасна».

Ян Садоўскі
Ян Садоўскі

Эканоміка вытворчасьці традыцыйных каўбасаў

У фірме «Садрол» працуюць 11 чалавек. Яе гадавы абарот 5 мільёнаў злотых, або амаль паўтара мільёна даляраў ЗША.

80 працэнтаў прадукцыі фірма прадае ў Польшчы, 20 працэнтаў — у Эўразьвязе, асобныя партыі пастаўляюцца і ў Злучаныя Штаты Амэрыкі. Ян Садоўскі прызнае, што ў заходніх краінах Эўразьвязу выгадна прадаваць, бо там на экалягічныя прадукты цана значна вышэйшая.

«Патрэбнае мяса з „найвышэйшай паліцы“, а не з буйных прамысловых сьвінакопмлексаў. З такога мяса выйдзе сапраўды смачная, карысная вяндліна», — кажа Ян Садоўскі.

Так вяндліна пастэрызуецца ў катле
Так вяндліна пастэрызуецца ў катле

У фірмы Яна Садоўскага адзіны пастаўнік сыравіны — фэрмэр з Падляшша, вытворца экалягічна чыстай сьвініны.

Ян Садоўскі некалькі разоў браў датацыі з Эўразьвязу. Калі працаўладковаў новых людзей, тады атрымліваў дапамогу на кожнага працаўніка ў памеры 10 тысяч злотых (2700 даляраў). Можна таксама браць ільготныя крэдыты і эўрапейскія датацыі на разьвіцьцё бізнэсу, кажа бізнэсовец:

«Можна ўзяць крэдыт на разбудову новага прадпрыемства, і Эўразьвяз верне да 80 працэнтаў выдаткаў. Патрэбен толькі рэальны бізнэс-плян. Але я пакуль ня вырашыў, ці браць крэдыт на пашырэньне свайго бізнэсу. Запытаю сыноў і ўнукаў. Калі яны захочуць, то зьвярнуся па крэдыт на разбудову фірмы».

Сыны Яна Садоўскага пакуль каўбасным бізнэсам не цікавяцца, яны спэцыялісты ў галіне інфарматыкі, працуюць у Варшаве ў буйных кампаніях і добра зарабляюць.

Ян Садоўскі мае надзею на ўнука Юрыя: ён здольны, яго ўсё, зьвязанае з прыгатаваньнем ежы, каўбас, вельмі цікавіць.

«Спадзяюся, што ўнук працягне маю справу», — прызнаецца бізнэсовец з Саколкі.

Дровы, назапашаныя для вяндлярнага цэху “Садрол”
Дровы, назапашаныя для вяндлярнага цэху “Садрол”

Як дасягнуць посьпеху

Ян Садоўскі ў часе размовы ні на што ня скардзіцца — ні на высокія падаткі, ні на нейкія адміністрацыйныя перашкоды ці жорсткую канкурэнцыю ў бізнэсе:

«Магу сказаць, што бізнэс мой пасьпяховы, мае мары выкананыя. Я перакананы, што найлепшыя рэчы робяць пасіянарныя людзі. У кожнай галіне».

Пра галоўны складнік свайго посьпеху кажа:

«Гэта цяжкая мая праца. У панядзелак і чацьвер у мяне працоўны дзень складае 12 гадзін. У іншыя дні крыху меней. У адпачынку я быў апошнім разам 40 гадоў таму. Але маю на тыдні два выходныя — суботу і нядзелю, праўда, перад сьвятамі працую і ў выходныя, бо попыт на прадукцыю тады расьце».

Гатовая прадукцыя
Гатовая прадукцыя

Ян Садоўскі кажа, што асабліва не цікавіцца палітыкай, болей любіць філясофію, лёгіку, у вольны час ахвотна гуляе ў шахі. Праўда, што да палітыкі, то прызнаецца:

«Цяпер не „мае“ кіруюць ва ўрадзе, але мне яны нічога кепскага ня робяць. Таму, думаю, пры цяперашняй дэмакратычнай сыстэме няважна, хто пры ўладзе ў Варшаве, Брусэлі ці Саколцы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG