Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мала бракавала. Беларускам не ўдалося заваяваць Кубак Фэдэрацыі


У Менску завершыўся фінал Кубку Фэдэрацыі па вялікім тэнісе. Беларускі Аляксандра Сасновіч і Арына Сабаленка саступілі ў парнай сустрэчы амэрыканкам Шэлбі Роджэрс і Кока Вандэрвэге ў двух сэтах — 3:6 і 6:7.

Выніковы лік матчу — 3:2 на карысьць зборнай ЗША.

Пасьля перамогі амэрыканкі ў рэйтынгу Міжнароднай тэніснай асацыяцыі ўзняліся на другую пазыцыю, беларускі — трэція. На першым месцы засталася зборная Чэхіі.

Хто яны, беларускія гераіні сёлетняга Кубку Фэдэрацыі?

Аляксандра Сасновіч нарадзілася 22 сакавіка 1994 году ў Менску. Майстар спорту міжнароднай клясы. У тэнісе зь дзевяці гадоў. Любімае пакрыцьцё — хуткі хард, лепшы ўдар — бэкхэнд па лініі.

Пераможца 18 рэйтынгавых спаборніцтваў, зь іх 11 атрымана ў адзіночным разрадзе. Паўфіналістка двух юніёрскіх турніраў Вялікага шлему ў парным разрадзе (US Open-2011, Roland Garros-2012). Стала выступае за жаночую нацыянальную зборную Беларусі па тэнісе, зрабіла значны ўнёсак, каб беларускі згулялі ў фінале Кубку Фэдэрацыі 2017 году.

Арына Сабаленка нарадзілася 5 траўня 1998 году ў Менску. Прафэсійную кар’еру пачала зусім нядаўна — толькі ў 2016 годзе. Сёлета ў кастрычніку ўпершыню прабілася ў фінал турніру WTA ў кітайскім Цяньцьзіне, дзе саступіла расейцы Марыі Шарапавай.

Тым ня меней, гэта дасягненьне дазволіла ёй увайсьці ў топ-100 сусьветнага тэніснага рэйтынгу і стаць першай ракеткай Беларусі. У гэтым сэзоне атрымала запрашэньне выступіць за зборную Беларусі на Кубку Фэдэрацыі, разам з якой дамаглася права згуляць у фінале спаборніцтваў у 2017 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG