Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Беларусі ў Чэхіі Валеры Курдзюкоў абараніў беларускую мову Бібліі Францішка Скарыны


Пленарнае паседжаньне канфэрэнцыі.
Пленарнае паседжаньне канфэрэнцыі.

Сёньня ў Карлавым унівэрсытэце ў Празе адкрылася двухдзённая міжнародная навуковая канфэрэнцыя «Францішак Скарына і яго праская Біблія. Шматмоўная культурная спадчына Вялікага Княства Літоўскага і сучаснасьць». На канфэрэнцыю зь Беларусі не прыехаў ніхто

У канфэрэнцыі бяруць удзел навукоўцы з Чэхіі, Літвы, Латвіі, Аўстрыі, Нямеччыны і Фінляндыі. Зь Беларусі не прыехаў ніхто, хаця, паводле інфармацыі арганізатараў, запрашэньні былі дасланыя дактарам гістарычных навук Георгію Галенчанку і Аляксандру Грушу.

Адзіны беларускі навуковец, які бярэ ўдзел у гэтым прадстаўнічым міжнародным форуме, гэта кандыдат гістарычных навук, былы дацэнт БДУ Вольга Шутава, якая цяпер жыве і працуе ў Францыі. У яе дакладзе закранаюцца тэмы ўплыву Скарынавай Бібліі на выданьні славенскага друкара Прымажа Трубара і згадкі пра «Біблію руску» ў францускай гістарыяграфіі.

Сучасныя замежныя гісторыкі амаль не ўжываюць тэрмін «старабеларуская мова», калі гавораць і пішуць пра дзяржаўную мову Вялікага Княства Літоўскага і пра выданьні Францішка Скарыны. І сёньня чэскія і літоўскія навукоўцы на канфэрэнцыі называлі старабеларускую мову «афіцыйнай мовай ВКЛ», «русінскай», «рутэнскай», «руськай», а беларусізмы ў мове выданьняў Скарыны называлі «дэмакратычнымі элемэнтамі».

Толькі сумесны даклад вядомага чэскага славіста, прафэсара Іржы Марвана (памёр ў 2016) і яго жонкі Міры Мачэвай-Марванавай «Чэская біблейная традыцыя як кантэкст эпахальнага чыну Францішка Скарыны», агучаны спадарыняй Мачэвай-Марванавай, выкарыстоўваў прывычныя для беларускай гістарыяграфіі тэрміны і заканчваўся недвухсэнсоўнай ацэнкай аўтарамі мовы выданьняў Францішка Скарыны:

«Скарынаў эпахальны даробак, натхнёны і асьвечаны чэскай мовай і Прагай, зрабіў Скарыну найвыбітнейшым сынам свайго народу, а беларуская мова Скарыны таго часу стала другой славянскай мовай у гісторыі, на якую было перакладзена і на якой было надрукаванае Сьвятое Пісаньне».

Выступае Міра Мачэва-Марванава (крайняя зьлева)
Выступае Міра Мачэва-Марванава (крайняя зьлева)

Апрача чэскай дасьледчыцы Міры Мачэвай-Марванавай, у беларускай мовы на канфэрэнцыі быў яшчэ адзін абаронца — надзвычайна і паўнамоцны пасол Беларусі ў Чэскай Рэспубліцы Валеры Курдзюкоў.

Падчас адкрыцьця канфэрэнцыі прагучалі чатыры афіцыйныя прамовы-вітаньні яе ўдзельнікам ад дэкану Філязофскага факультэту Карлавага ўнівэрсытэту, а таксама паслоў Беларусі, Літвы і Латвіі. Прамова дэкану была па-чэску і дублявалася на літоўскую, паслы Літвы і Латвіі выступілі па-ангельску.

Выступае надзвычайна і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Чэскай Рэспубліцы Валеры Курдзюкоў.
Выступае надзвычайна і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Чэскай Рэспубліцы Валеры Курдзюкоў.

Валеры Курдзюкоў выступіў на добрай беларускай мове і, не зважаючы на тонкасьці сучаснай заходняй навуковай тэрміналёгіі, заявіў на пачатку сваёй прамовы:

«Я выступлю на той мове, на якой у 1517 годзе тут, у Празе, Францішак Скарына выдаў Біблію і на якой ён годна прадставіў усяму сьвету свой народ».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG