Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі музэй ня бачыць праблемы ў здымку забойцы беларусаў на выставе. «Такія былі часы»


У Музэі ІІ Усясьветнай вайны ў Гданьску днямі быў выстаўлены партрэт Рамуальда Райса «Бурага». Польскі партызанскі камандзір адказны за спаленьне ў 1946 годзе некалькіх вёсак і забойства некалькіх дзясяткаў чалавек мірнага беларускага насельніцтва на Падляшшы, уключна зь дзецьмі і жанчынамі.

У 1995 годзе вайсковы суд рэабілітаваў партызанскага камандзіра. Суд заявіў, што «Буры» дзейнічаў у надзвычайных абставінах. Але празь 10 гадоў польскі Інстытут нацыянальнай памяці прызнаў яго дзейнасьць на Падляшшы злачынствам з прыкметамі генацыду.

Супраць гераізацыі «Бурага» выказаўся адзін зь лідэраў левай польскай партыі «Razem» Адрыян Зандбэрг.

«Гэта злачынец, адказны за забойства дзяцей. Іхнаю адзінаю віною было тое, што яны нарадзіліся ў праваслаўных сем’ях», — напісаў палітык.

Скандальнай справай здарэньне ў Гданьску назваў старшыня Аб’яднаньня беларускіх журналістаў у Польшчы Тамаш Суліма. Гэты выпадак ён зьвязвае з новай дыярэкцыяй, якая нядаўна пачала кіраваць музэем.

Тамаш Суліма
Тамаш Суліма

«Гэта чыноўнікі ад улады, якія перамаглі гісторыкаў у барацьбе за музэй. Вельмі хутка, як бальшавікі ў 1917 годзе, яны ўзяліся за прапаганду і на адну зь першых выставаў узялі постаці польскага пасьляваеннага падпольля. Зь ліку тысячы годных лідэраў на выставе зьявіўся „Буры“. Некалькі апошніх гадоў ідзе спроба пераканаць грамадзкасьць, што Райс дзейнічаў у цяжкі час, а беларускія вёскі, маўляў, былі заселеныя камуністамі», — кажа Суліма.

У Музэі ІІ Усясьветнай вайны ня бачаць праблемы, што фотаплякат з выявай «Бурага» быў выстаўлены ў шэрагу з польскімі героямі. Прэс-сакратар музэю Аляксандар Маслоўскі заявіў, што суд у 1995 годзе рэабілітаваў Рамуальда Райса «Бурага».

Аляксандар Маслоўскі
Аляксандар Маслоўскі

— Выстава, пра якую вы кажаце, была на Дзень Задушны. — гаворыць Маслоўскі. — Гэта дзень, калі палякі ўзгадваюць памерлых. На гэтай выставе былі выяўленыя людзі, якія ўдзельнічалі ў польскім незалежніцкім падпольлі. Яны змагаліся супраць абодвух акупантаў — як падчас, так і пасьля ІІ Усясьветнай вайны. Гэта асобы, што ня маюць магілаў, якія можна наведаць.

— Тым ня менш, злачынствы Рамуальда Райса даказаныя. Ён забіваў дзяцей і вяскоўцаў паводле нацыянальнай і рэлігійнай прыкметы.

— Але ён быў рэабілітаваны. Мы грунтуемся на выраку суду. Пагатоў гэтая выстава нікога не ацэньвае. Яна прадстаўляе людзей, а не прапагандуе ці гераізуе. Гэта былі цяжкія часы, калі людзі па-рознаму рабілі выбар. Падчас гэтай выставы мы ў такія рэчы не паглыбляемся. Мы ўзгадваем памерлых.

— Лідэр партыі «Razem» Адрыян Зандбэрг раскрытыкаваў вас за тое, што фота «Бурага» зьмешчана побач зь Вітальдам Пілецкім, героем падпольля.

— Крытэр выставы быў такі: гэта людзі, якія змагаліся за вольную Польшчу і ня маюць сваіх магілаў. І Пілецкі, і Райс пасуюць да гэтых крытэраў.

— Ці ня бачыце вы непасьлядоўнасьці ў тым, што Польшча пратэстуе супраць гераізацыі Бандэры ва Ўкраіне, а ў сябе ня бачыць праблемы з Райсам. І першы, і другі змагаліся за свае дзяржавы.

— Мы павінны памятаць пра маштаб, прычыны і матывацыю. Паміж Бандэрам і Райсам ёсьць розьніца ўва ўсіх вымярэньнях. Нельга іх параўноўваць.

— Калі наведнік музэя спытаецца ў вас, якія каштоўнасьці прапагандуе Буры, то што вы адкажаце?

— Райс нічога не прапагандуе. Гэта не элемэнт пастаяннай ці часовай выставы. Акцыя прымеркаваная да Дня памінаньня продкаў.

Камэнтар прэс-сакратара музэю абурыў Тамаша Суліму. Ён лічыць, што «Польшча ідзе ў бок шавінізму» і што выпадак у музэі — адна з праяваў гэтага працэсу.

«Тым больш што злачынствы Бурага былі накіраваныя, у першую чаргу, супраць польскіх грамадзян», — сказаў Свабодзе Тамаш Суліма.

31 студзеня 1946 году «выклятыя жаўнеры» з аддзелу «Бурага» забілі 30 праваслаўных фурманаў з 12 вёсак — Краснае Сяло, Збуч, Чыжы, Вялікія Пасечнікі, Ягаднікі, Лозіцы, Махнатае, Заляшаны, Ракавічы, Крывая, Арэшкава, Выганоўская Волька — якія на загад улады паехалі ў пушчу нарыхтоўваць дровы для школы. «Буры» загадаў адпусьціць усіх фурманаў-каталікоў, а праваслаўных ягоныя жаўнеры, паводле некаторых сьведчаньняў, забівалі сякерамі, бо шкадавалі патронаў.

Беларусы і «выклятыя жаўнеры»: паміж дзьвюма таталітарнымі ідэалёгіямі

1 лютага «Буры» спаліў вёскі Заляшаны і Выганоўскую Вольку. У Заляшанах ягоныя жаўнеры забілі 15 чалавек, пераважна жанчын і дзяцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG