Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што змаўчала Рута Ванагайце


Адалфас Раманаўскас-Ванагас
Адалфас Раманаўскас-Ванагас

Пасьля скандальных выказваньняў колішняй госьці інтэлектуальнага клюбу Сьвятланы Алексіевіч, літоўскай пісьменьніцы Руты Ванагайце, у Літве ўзьнялася бура.

Ванагайце выказала сумнеў што да аўтарытэту партызанскага камандзіра Адалфаса Раманаўскаса-Ванагаса і заявіла, што ён нібыта быў агентам КГБ, ня быў катаваны, у судзе ўслаўляў СССР і, магчыма, нават меў дачыненьне да забойства габрэяў у гады Другой сусьветнай вайны. Пісьменьніца запэўнівала, што яе цьверджаньні абапіраюцца на дакумэнты, перш за ўсё на справу А. Раманаўскаса-Ванагаса ў архівах КГБ. Журналіст парталу 15min.lt Угнюс Антанавічус пагартаў гэтую справу і праверыў цьверджаньні Р. Ванагайце.

Выказваньні Р. Ванагайце:

«Ён стаў агентам НКВД і сам гэта прызнае. Далей не працаваў, але зафіксавана, што яго пераканалі і ён падпісаў дамову з КГБ».

«Калі яго [А. Раманаўскаса] урэшце злавілі 12 кастрычніка 1956, ён паспрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам. Так напісана ў справе і ён гэта сам прызнае, Ён ня быў катаваны, але спрабаваў забіць сябе, яму не ўдалося, яго аджывілі, апэравалі».

«Ён выдаў усіх сваіх паплечнікаў, усіх сувязных і памочнікаў, іх прозьвішчы і адрасы. Я бачыла сьпіс пасьля яго допыту — там 27 чалавек, у якіх ён хаваўся. І ўсе тыя людзі пасьля былі арыштаваныя».

«Калі паглядзець на яго апошнія прамовы перад прысудам, гэта суцэльнае ўсхваленьне камунізму».

«Ізраільскія гісторыкі казалі, што ён вінаваты ў гібелі друскеніцкіх габрэяў. Я шукала, але не знайшла».

► Рута Ванагайце: «Мы не сасьпелі для праўды»

З справай аб вышуку А. Раманаўскаса-Васнагаса і зь ягонай крымінальнай справай могуць пазнаёміцца ўсе ахвочыя: прысьвечаная яму крымінальная справа аблічбаваная і захоўваецца ў Чытальні дакумэнтаў КГБ Асобнага архіву Літвы. Журналіст парталу 15min.lt гартаў старонкі гэтай справы і цікавіўся, як яна выглядала зблізу.

Затрыманы «ня бачыў правым вокам»

Уся справа А. Раманаўскаса-Ванагаса складаецца з 20 тамоў, у кожным зь іх — па некалькі соцень старонак інфармацыі. Таму, хто хоча сапраўды пазнаёміцца зь ёй усёй, спатрэбілася б нямала часу. Праўда, справа была аблічбаваная, і таму «старонкі» ў гэтым выпадку — гэта здымкі дакумэнтаў, якія супрацоўніца чытальні занесла ў кампутар.

Некаторыя дакумэнты справы — па-расейску, некаторыя — па-літоўску, найважнейшыя былі перакладзеныя на абедзьве мовы. Асноўны матэрыял справы расейскамоўны, аднак дзеля таго, што бальшыня допытаў і судовае паседжаньне адбываліся па-літоўску, шмат чаго можна зразумець і бязь веданьня расейскай мовы. Дарэчы, у справе пазначаныя імёны ўсіх перакладчыкаў, пры гэтым згадана: «Перакладчык быў папярэджаны аб адказнасьці за хлусьлівы пераклад паводле арт. 95 КК РСФСР».

1-шы том справы пачынаецца з старонак, якія пераважна па-расейску дакумэнтуюць факт арышту А. Раманаўскаса-Ванагаса. Пасьля коратка апісваецца сам затрыманы — пазначана, што ён «пэдагог», «несудзімы», «зь сям’і малазямельных сялянаў». Зафіксавана, што бацькі памерлі, а жонка — таксама арыштаваная.

«Правае вока ня бачыць. Параненыя палавыя органы, правым вухам дрэнна чуе», — ляканічна апісваюць дакумэнты мэдычны стан арыштаванага партызана.

Значна больш падрабязная інфармацыя пра стан А. Раманаўскаса-Ванагаса ўтрымліваецца ў апэратыўнай справе КГБ, цытаванай далей у тэксьце.

Далей ідзе пратакол затрыманьня А. Раманаўскаса — на расейскай мове. Затое зноў па-літоўска пералічаецца, якія рэчы былі знойдзеныя ў А. Раманаўскаса-Ванагаса падчас канфіскацыі — шаўковыя ніткі, бутэлечка з вадкасьцю і гэтак далей. Пазначана, што малазначныя рэчы былі зьнішчаныя.

Яшчэ празь некалькі старонак у справе можна знайсьці інфармацыю пра лёс сям’і А. Раманаўскаса-Ванагаса. «Бацька, маці, брат і сястра ў 1948 годзе былі вывезены з Савецкай Літвы за тое, што Раманаўскас Адалфас быў удзельнікам узброенай банды», — кажа дакумэнт бязьлітаснай савецкай бюракратычнай мовай.

Дапытвалі 60 разоў

Яшчэ празь некалькі старонак справы пачынаецца пратакол сьледзтва А. Раманаўскаса-Ванагаса. На яго ў справе ўсяго прыпадае паўтара тома справы, некалькі соцень старонак. Дапытваны сьледчым, А. Раманаўскас-Ванагас пасьлядоўна расказвае пра сваё далучэньне да «банды» і ўзвышэньня да рангу партызанскага камандзіра.

Допыты А. Раманаўскаса-Ванагаса, як сьведчыць матэрыял справы, працягваліся да пачатку ліпеня, часам вяліся кожны дзень, часам — зь перапынкам на пару дзён. Усяго ад лістапада 1956 да чэрвеня 1957 году А. Раманаўскаса-Ванагаса дапытвалі больш за 60 разоў. Адзін допыт працягваўся некалькі гадзінаў. Гісторыкі цьвердзяць, што падчас допытаў ён быў катаваны і фізычна, і маральна.

Калі А. Раманаўскасу-Ванагасу ўпершыню выстаўляюцца абвінавачаньні, ён іх прызнае. «Прызнаю, што я ў красавіку 1945 году уступіў у банду ня зь нейкімі карысьлівымі, рабаўніцкімі мэтамі, а з мэтай змагацца супраць Савецкага Саюзу, бо я лічыў далучэньне Літвы да Савецкага Саюзу акупацыяй і не пагаджаўся зь дзеяньнямі некаторых прадстаўнікоў савецкай улады. Будучы ў бандзе, я лічыў, што змагаюся за свабоду Бацькаўшчыны», — цытуецца ў пратаколе А. Раманаўскас-Ванагас.

А. Раманаўскас таксама прызнае, што дзейнічаючы з партызанамі, ён удзельнічаў у перастрэлках з апэратыўнымі баявымі групамі, прызнае і тое, што даў загад забіць сувязную Ветру, «якую мы падазравалі, што яна была правакатарам», удзельнічаў у вынясеньні сьмяротных прысудаў яшчэ некалькім «народным абаронцам». Гэтыя прызнаньні, зафіксаваныя ў пратаколе сьледзтва, ляканічныя — ён не асуджае свае дзеяньні і не ганарыцца імі.

Далей ў пратаколах сьледзтва працягваюцца пытаньні сьледчага і расповед А. Раманаўскаса. Сьледчага цікавіць дзейнасьць А. Раманаўскаса, нюансы літоўскага руху супраціву, які ён называе «бандытамі» і «бандамі», супрацоўніцтва з замежнымі выведкамі і гэтак далей. Дакумэнт стварае ўражаньне, што адказы на бальшыню пытаньняў сьледчы ведае, яшчэ іх не задаўшы.

А. Раманаўскасу-Ванагасу ў пратаколе сьледзтва ўвесь час прыпісваецца ўжываньне такіх тэрмінаў, як «бандыцкае падпольле», «банда», «бандыцкія злучэньні», паўтараюцца іншыя звычайныя для сьледчых пратаколаў КГБ тэрміны. Пішацца, што падчас допытаў А. Раманаўскас-Ванагас прызнаўся, што ён «падтрымліваў злачынныя сувязі з агентамі амэрыканскай выведкі». Аднак усхваленьня СССР або адрачэньня ад ідэалаў самаго партызанскага руху ў ягоных словах, як іх запісаў стэнаграфіст, няма.

Каб уважліва перачытаць ўсе пратаколы сьледзтва, гэтаму давялося б прысьвяціць шмат часу. Аднак і пасьля прачытаньня выпадкова выбраных пратаколаў відаць, што на пытаньні пра сваю партызанскую дзейнасьць, сходы партызанаў, кантакты з замежжам, суды над падазраванымі ў здрадзе і іх расстрэлы А. Раманаўскас-Ванагас адказвае шырока і падрабязна, што праўда, часта зазначаючы, што сапраўдных імёнаў сувязных або абставінаў нейкага здарэньня ён ня ведае, або ня памятае.

Названых А. Раманаўскасам-Ванагасам людзей не знайшлі за што асудзіць

Прозьвішчы людзей, якія аказвалі дапамогу яму і іншым партызанам і ў якіх ён хаваўся, А. Раманаўскас-Ванагас, адказваючы на пытаньні, называе ня раз.

Пазьней 22 чалавекі, якіх падчас сьледзтва як памочнікаў партызанаў назваў А. Раманаўскас-Ванагас, пералічаюцца на асобнай старонцы. Аднак справа супраць ніводнага зь іх заведзеная не была. Сьледчы ў справе зазначае, што злачынствы 22 чалавек, прозьвішчы якіх назваў А. Раманаўскас, «малазначныя і ў дадзены момант ніякай грамадзкай небясьпекі не ўяўляюць».

Напад на Мерач (Merkinė), які стаўся адной з найбуйнейшых партызанскіх акцыяў і якім ён кіраваў, А. Раманаўскас таксама апісвае даволі дэталёва. Аўтэнтычнасьць прадстаўленых яму напісаных ягонай рукою дзёньнікаў і ўспамінаў прызнае.

Калі гартаеш старонкі справы, ахапляе дзіўнае пачуцьцё — хоць з партызанскім рухам і яго змаганьнем давялося пазнаёміцца яшчэ на школьнай лаве, аднак чытаючы, што пра тыя самыя падзеі расказвае на допыце ў КГБ амаль асуджаны на сьмерць чалавек, адчуваеш няёмкасьць.

Варта заўважыць, што і сьледчы амаль ня просіць партызана патлумачыць ягоныя дзеяньні і не пытаецца, ці той не шкадуе — яго цікавяць сухія, фактычныя акалічнасьці. Таму дыялёг паміж сьледчым і партызанам чытаецца як сумесь падручніка гісторыі і кнігі ўспамінаў.

Абвінавацілі ў тэрарызме

У канцы 2-га тому зафіксавана, што 9 ліпеня 1957 году сьледчы ўрэшце канчае допыты і абвяшчае сваю пастанову выставіць А. Раманаўскасу абвінавачаньне ў «тэрарыстычнай і дывэрсійнай дзейнасьці».

«Раманаўскас быў адным зь верхаводаў, якія імкнуліся аб’яднаць нацыяналістычнае падпольле і яго ўзброеныя банды для супольнай барацьбы супраць Савецкай улады ў Літве», — сказана ў пастанове.

Сярод дзясятка інкрымінаваных партызану злачынстваў — і падтрыманьне сувязяў з замежжам, і дывэрсіі, і пашырэньне антысавецкіх праклямацыяў. Зазначаецца, што непасрэдна падначаленыя А. Раманаўскасу «ўдзельнікі банды» забілі 500 «савецкіх грамадзянаў», а ва ўсёй Паўдзённай Літве забіта каля 8000 савецкіх грамадзянаў.

Адно з абвінавачаньняў сьледчага — што А. Раманаўскас яшчэ ў 1941 годзе, калі немцы акупавалі Літву, быў «камандзірам створанай у Друскеніках так званай роты „аховы“». Наконт гэтага абвінавачаньня А. Раманаўскас вырашае выказацца больш дэталёва.

Ён кажа, што быў камандзірам роты толькі «наколькі гэта датычыла аховы дзяржаўнай маёмасьці, якіх-небудзь крымінальных дзеяньняў, скіраваных супраць савецкіх грамадзянаў, кіраваны мною атрад не чыніў». Пазьней А. Раманаўскас зазначае, што калі ён заўважыў, як немцы рабуюць маёмасьць, не зьвяртаючы ўвагі на салдатаў ягонай роты, ён адразу адмовіўся ад абавязкаў камандзіра атраду і перайшоў працаваць ва ўправу курорту Друскенікі.

На пытаньне, ці ён прызнаецца ва ўчыненьні злачынстваў, А. Раманаўскас заяўляе, што прызнаецца часткова. Ён зазначае, што сапраўды кіраваў «тэрарыстычнай і дывэрсійнай дзейнасьцю», наколькі яна была зьвязаная зь «зьнішчэньнем шпіёнаў і камуністаў», але ўсімі магчымымі сродкамі супрацьстаяў забойству невінаватых людзей і падкрэсьліў, што нават шпіёнаў раіў не забіваць, «там, дзе можна».

Аспрэчвае ён і пададзеныя лічбы — паводле яго, 500 людзей, забітых ягонымі падначаленымі, «магло быць, але ён дакладна ня ведае», але 8000, паводле яго, пэўна недакладная лічба.

У прызнаньні А. Раманаўскаса шкадаваньне яшчэ нідзе не фігуруе. Выглядае, што ён проста хоча паправіць сьледчага, дзе закралася некалькі фактычных памылак, патлумачыць і пракамнтаваць свае дзеяньні, паказаць, што хацеў пазьбегнуць сьмерцяў, аднак не шкадаваў аб іх.

А. Раманаўскас вельмі стараецца падкрэсьліць, што кіраваныя ім атрады прыбягалі да крымінальных дзеяньняў толькі калі не заставалася іншага выйсьця. Партызаны ва ўсіх ягоных паказаньнях паўсюль называюцца «бандытамі» і «ўдзельнікамі банды», але наколькі гэта словы самога А. Раманаўскаса, а наколькі — спэцыфіка мовы савецкага правасудзьдзя, калі інакш гаварыць пра партызанаў было нельга, няясна.

Далей у справе ад пачатку 3-га тома да сярэдзіны 7-га сабраныя іншыя дакумэнты, якія нібыта сьведчаць аб віне А. Раманаўскаса. Найперш гэта апытаньні сьведкаў. Сярод апытаных былі як звычайныя жыхары мястэчак і раёнаў, дзе дзейнічаў А. Раманаўскас і ягоныя атрады, якія часта цьвердзілі, што нічога ня бачылі і нічога ня ведаюць, гэтак і «народныя абаронцы» і прыхільнікі СССР, якія пацьвярджалі інкрымінаваныя А. Раманаўскасу і кіраваным ім атрадам злачынствы, а таксама згаданыя А. Раманаўскасам падчас допытаў людзі, што дапамагалі яму і партызанам. Апошнія цьвердзілі, што ня ведаюць А. Раманаўскаса-Ванагаса, партызанам не дапамагалі і пра ніякія схованкі на тэрыторыі сваіх сядзібаў ня ведаюць.

Але КГБ абапіраўся ня толькі на апытаньні: у гэтых тамах справы мноства і іншых дакумэнтаў. Гэта і розныя лісты, напісаныя А. Раманаўскасам-Ванагасам, і дакумэнты Руху барацьбы за свабоду Літвы (LLKS), унутраная карэспандэнцыя і г. д., а таксама пераклады ўсяго гэтага на расейскую мову. Таксама — пратаколы сьледзтва іншых партызанаў, у тым ліку Ёнаса Жамайціса-Вітаўта, і інфармацыя пра іх справы, пратаколы ператрусаў партызанаў, распаўсюджваныя імі антысавецкія адозвы і вершы і г. д.

Вялікі аб’ём дакумэнтаў сьведчыць, што КГБ да А. Раманаўскаса-Ванагаса, нават калі ён ужо не адзін год ня ўдзельнічаў у актыўнай партызанскай дзейнасьці, ставілася вельмі сур’ёзна. У дакумэнтах пра літоўскі партызанскі рух, нягледзячы на пагардлівы тон і называньне партызанаў «бандытамі», «тэрарыстычным рухам», ёсьць згадкі пра добрую ўнутраную арганізаванасьць партызанаў, іх небясьпека ацэньваецца сур’ёзна, партызанская дзейнасьць характарызуецца як «шырокая і актыўная».

Адзін з найцікавейшых знойдзеных у справе дакумэнтаў — ліст КГБ за 4 верасьня 1956 году, уручаны блізкім А. Раманаўскаса. У гэтым дакумэнце А. Раманаўскаса зь сям’ёй настойліва заклікаюць здацца, кажуць, што пра ягоную дзейнасьць вядома ўсё. Ягонай жонцы і дачцэ абвяшчаецца безумоўная амністыя і цьвердзіцца, што ім за сувязі з партызанамі не пагражае ніякая адказнасьць або пакараньне, а А. Раманаўскаса-Ванагаса запрашаюць асабіста зьвярнуцца ў Вярхоўны савет ЛССР — у такім выпадку КГБ абяцае падтрымаць ягоную просьбу аб амністыі. Аднак, як паказвае гісторыя, А. Раманаўскас-Ванагас на абяцаньні КГБ не купіўся.

У судзе гаварыў інакш — савецкімі штампамі

Урэшце ў сярэдзіне 7-га тома фіскуецца канец сьледзтва і абвяшчаецца абвінаваўчае заключэньне. Тут А. Раманаўскас-Ванагас называецца «верхаводам нацыяналістычнага падпольля», яму выстаўлена 20 абвінавачаньняў і зазначаецца, што справа перадаецца ў Вярхоўны суд ЛССР.

У другой палове 7-га тома захоўваюцца дакумэнты, зьвязаныя з судом над А. Раманаўскасам-Ванагасам — выклікі сьведкаў, пратаколы і г. д. Судовае пасяджэньне, на якім судзілі А. Раманаўскаса, адбыўся 24 верасьня 1957 году. Ня ўсе выкліканыя сьведкі зьявіліся, але гэта суду не перашкодзіла.

А. Раманаўскас-Ванагас, які падчас сьледзтва ня выказаў ніякага шкадаваньня, на судзе ўжо гаворыць інакш. Ён заяўляе, што «ішоў памылковымі шляхамі» і «вёў несправядлівую барацьбу».

«Некалькі гадоў таму я лічыў яе справядлівай. Аднак мае перакананьні пачалі вагацца, калі я пабачыў плён, які прынесла савецкая дзяржава, і ад 1951 году спыніў барацьбу», — сказаў А. Раманаўскас. Ён зазначыў, што «тэарэтычна прызнае камуністычную праграму» ад самага пачатку, але перайшоў у падпольле, бо на яго паўплывалі жорсткія сродкі, якімі яна ажыцьцяўлялася. Усё ж, паводле пратаколу суду, А. Раманаўскас пазьней нібыта зразумеў, што савецкая ўлада ў Літве разьвіваецца добра.

Атрымаўшы апошняе слова, А. Раманаўскас кажа, што шкадуе аб «зробленых памылках» і просіць зьмякчыць пакараньне, каб ён мог «адрадзіцца да новага жыцьця». Сьцьвярджае, што не баіцца сьмерці, але так адкрыта гаворыць і прызнае злачынствы менавіта таму, што ягоныя погляды зьмяніліся. Некаторыя прыпісаныя яму тут фразы пра «згоду з камуністычнай тэорыяй» і «былую абшарніцкую Літву» гучаць зусім як з камуністычнага падручніка.

«Мною кіравала няправільна мною зразуметае пачуцьцё любові да Бацькаўшчыны, у сваім сэрцы я заўсёды згаджаўся з камуністычнай тэорыяй (...). Я шкадую аб зробленым мною памылках, думаю, што выкуплю іх жыцьцём, якое ў мяне засталося, таму зьвяртаюся да Вярхоўнага суду, з адкрытым сэрцам прашу зьмякчыць маё пакараньне, каб я хутчэй адрадзіўся да новага жыцьця. Я пабачыў, што сапраўдны шлях і ёсьць той, якім крочыць Савецкая Літва», — сказаў А. Раманаўскас-Ванагас. Менавіта гэтыя ягоныя словы цытавала і Р. Ванагайце.

Варта адзначыць, што судовае паседжаньне і выказваньні А. Раманаўскаса на ім, у адрозьненьне ад мноства іншых дакумэнтаў у справе, стэнаграфаваліся рукою, а не на машынцы: таму ёсьць нямала месцаў, дзе расчытаць ня самы разборлівы почырк сакратаркі паседжаньня цяжка.

Далейшыя дакумэнты фіксуюць, што А. Раманаўскас-Ванагас ня быў памілаваны і быў засуджаны на расстрэл.

Ад 8-га да 20-га тома справы зьмяшчаюць іншы матэрыял — розныя дакумэнты — розныя дакумэнты LLKS і А. Раманаўскаса-Ванагаса, загады, паведамленьні і г. д.,тэксты антысавецкіх газэтаў, выдаваных А. Раманаўскасам-Ванагасам і яго аднадумцамі, антысавецкія карыкатуры, апавяданьні.

У руках гісторыка або энтузіяста гісторыі гэтая справа можа зрабіцца сапраўднай скарбніцай інфармацыі пра супраціў літоўцаў савецкай акупацыі, хоць і сабранай у даволі нязвыклым месцы.

Як выглядала «спроба самагубства»?

Да справы далучаныя і дакумэнты апэратыўнай справы КГБ. У адным зь іх цьвердзіцца, што хворы нібыта «спрабаваў пакончыць сабою».

У справе, праўда, толькі па-расейску, можна знайсьці і апублікаваны сайтам partizanai.org дакумэнт мэдычнага агляду, які апошнімі днямі ня раз цытаваўся ў літоўскіх мэдыях. Партызанскі камандзір у рукі мэдыкаў патрапіў, калі ад яго арышту ў Коўне не прайшло яшчэ і некалькіх гадзінаў:

«Вязень Раманаўскас Адалфас, Людвікаў сын, нар. 1918, дастаўлены ў хірургічны аддзел турмы № 1 12 кастрычніка 1956 г. у 16 г. 30 хв. у асабліва цяжкім стане. На пытаньні не адказвае, без прытомнасьці, пэрыядычныя сутаргі мышцаў твару, канечнасьцяў усяго цела. Пульс ледзь адчувальны, мяккі, кр. ціск 60/40. Хворы ўвесь у крыві. У вобласьці палавых органаў масіўная павязка, прапітаная сьвежай чырвонай крывёю, пры зьняцьці павязкі заўважаюцца вялізныя згусткі крыві, на машонцы — шырокая рваная рана, закрытая згусткамі крыві.

Правае вока закрытае гематомай на верхнім павеку, таксама на павеку заўважаныя 6 колатых ранаў, якія дасягаюць вока, зробленых па дыямэтры тонкім дротам або цьвіком^; мноства сінякоў ў вобласьці жывата, рэзаная рана на 3-м пальцы левай рукі. <...> На полавых органах заўважана: у правай палове машонкі вялікая рваная рана і ў левай палове рана, няма абодвух тэстыкулаў, семявых каналаў. Зробленая хірургічная апэрацыя па выдаленьні мёртвых тканак, спынены крывацёк. Раны машонкі зашытыя кетгутавымі ніткамі.

Апэрацыя прайшла без ускладненьняў. Пасьля апэрацыі сьвядомасьць засталася няяснай, хоць падчас апэрацыі хворы рэагаваў на боль. Прыйшоў у прытомнасьць 13 кастрычніка 1956 г. Апошнім часам праводзілася лячэньне: антыбіётыкі, лекі ад сэрца, перавязкі. Хворага кансультаваў спэц. лекар акуліст, бо ў вязьня Раманаўскаса шмат колатых ранаў на правым павеку і воку, магчымае пашкоджаньне зрокавага нэрву правага вока. Кровазьліцьцё ў вока. Прызначанае лячэньне. Пасьляапэрацыйны пэрыяд нармальны, без ускладненьняў, хоць часу прайшло яшчэ вельмі мала. Хворы папраўляецца.

Пасьляапэрацыйны дыягназ: Траўматычны шок. Шырокія раны машонкі, зьмесьціва машонкі адсутнічае. Востры крывацёк. Колатыя раны на правым воку. Членашкодніцтва. Допыт магчымы (пры пасьпяховым лячэньні) праз 2-3 тыдні».

Гісторык: пры ацэнцы выказваньняў А. Раманаўскаса важна зразумець абставіны

Ці А. Раманаўскас сапраўды прамовіў усе словы, якія прыпісаны яму ў справе КГБ? Калі так, што прымусіла іх прамовіць? Пытаньні пра гэта партал 15min.lt даслаў у Цэнтар дасьледаваньня генацыду і супраціву насельніцтва Літвы. На іх адказала старэйшы гісторык цэнтру, дактарантка Факультэту гісторыі Віленскага ўнівэрсытэту Энрыка Жыліце.

Паводле Э. Жыліце, нават калі ў пратаколе суду словы А. Раманаўскаса не зафіксаваныя зусім дакладна, цалкам можа быць, што ён сказаў нешта падобнае да таго, што там зафіксавана. Але, падкрэсьлівае спэцыялістка, пры ацэнцы гэтай цытаты вельмі важна зразумець кантэкст.

«Мы не павінны забывацца, што А. Раманаўскас-Ванагас быў арыштаваны ня ў лесе, ня ў бункеры, калі ён партызаніў або жыў нелегальна, але цывільна — у 1956 годзе ў горадзе Коўне. Тады партызанская вайна ўжо была скончаная, у кароткачасовай пэрспэктыве — прайграная, у лясах хаваліся толькі паасобныя змагары. А. Раманаўскас меў сям’ю і дом, ён меў што страціць.

На маю думку, гэта была апошняя спроба Ванагаса, ён ішоў ва-банк, каб зьмяніць лёс і калі-небудзь пабачыць тое, што ў яго засталося найважнейшага — сям’ю... У гэтым месцы вельмі важна за кожным партызанскім камандзірам, героем найперш бачыць чалавека. Такі вугал зроку дапамог бы нам ня толькі лепей зразумець надзвычай складаную гісторыю змаганьня за свабоду, лёсы партызанаў, але і быць адпорнымі на розныя спробы іх ачарніць», — падкрэсьлівае Э. Жыліце.

Гісторык зварачае ўвагу, што з мэтай арышту ўдзельнікаў збройнага супраціву, асабліва кіраўнікоў руху, агенты КГБ стараліся выкарыстаць надзвычай шырокі спэктар сродкаў узьдзеяньня, таму спроба заклікаць А. Раманаўскаса здацца быццам бы ў абмен на амністыю для яго сямейнікаў — быў адным зь іх.

«Як мы ведаем, жонка А. Раманаўскаса Біруце Мажэйкайце-Раманаўскене была асуджаная і вывезеная ў лягер, Таму відавочна, што заклікі прызнацца або здацца былі дымам у вочы, мэтай службаў бясьпекі было атрымаць як найболей цікавай для іх інфармацыі», — кажа Э. Жыліце.

Паводле спэцыялісткі, дакладна апісаць умовы допытаў А. Раманаўскаса толькі на падставе дакумэнтаў немагчыма, аднак вядома, што ў самым пачатку сьледзтва А. Раманаўскас-Ванагас быў моцна зьнявечаны.

Згаданая ў справе «спроба самагубства» А. Раманаўскаса, паводле гісторыка, была адной з звычайных практыкаў КГБ, гаворачы пра тых, хто не вытрымліваў катаваньняў.

«З падрабязных апісаньняў зьнявечаньняў А. Раманаўскаса-Ванагаса відавочна, што сам чалавек сабе такога зрабіць ня мог, тым больш ня маючы падручных сродкаў. Урэшце, спрабуючы забіць сябе, людзі звычайна рэжуць вены, спрабуюць павесіцца, але не каструюць сябе і не выколваюць вочы», — кажа Э. Жыліце.

Ці, калі б КГБ сапраўды была завэрбавала арыштаванага А. Раманаўскаса, ён меў бы шанцы ўратавацца? Паводле Э. Жыліце, такіх шанцаў не было.

«Падчас крымінальнага працэсу ў 1956-57 гг. і пасьля яго магчымасьці выкарыстаньня Ванагаса як савецкага агента ўжо былі даволі абмежаваныя — змаганьне за свабоду было ўжо задушанае, абсалютная большасьць камандзіраў загінулі або былі асуджаныя. Саветам поўнасьцю хапіла матэрыялаў сьледзтва, паказальнага судовага працэсу і вызначанай падчас яго найвышэйшай меры пакараньня праз расстрэл, каб можна было гаварыць пра «братазабойчыя дзеяньні бандытаў», «зьнішчэньне бандытаў» і «перамогу савецкага правасудзьдзя», — сказала Э. Жыліце.

Гаворачы пра магчымы ўдзел А. Раманаўскаса ў Галакосьце, Э. Жыліце зазначае, што супрацоўнік Цэнтру дасьледаваньня генацыду і супраціву насельніцтва Літвы доктар Арунас Бубніс выканаў пасьлядоўнае і вычарпальнае дасьледаваньне пра Галакост у Алітускай акрузе ў 1941 годзе, падчас якога ніякіх дадзеных пра ўдзел А. Раманаўскаса ў Галакосьце ня знойдзена. Сёньня, паводле яе, у Цэнтра няма ніякіх падставаў у гэтым сумнявацца або зноў узьнімаць гэтае пытаньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG