Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Казахстану падпісаў указ аб замене кірыліцы на лацінку


Новы алфавіт Казахстану
Новы алфавіт Казахстану

Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў падпісаў указ аб пераводзе альфабэту казахскай мовы на лацінку. Краіна адмовіцца ад кірыліцы да 2025 году. Першыя падручнікі на лацінцы выпусьцяць ужо ў наступным годзе.

Новы варыянт альфабэту складаецца з 32 літар. У кірылічным альфабэце, які выкарыстоўваецца цяпер, 42 літары. Па-ранейшаму плянуецца, што Казахстан завершыць пераход на лацінку да 2025 году.

Раней у Казахстане прапаноўваўся варыянт лацінкі, у якім ужывалая толькі «базавая лацініца» без надрадковых ці падрадковых знакаў, а для пазначэньня гукаў, якім бракавала літараў «базавай лацініцы», ужываліся дыграфы (спалучэньні дзьвюх літараў, што значаць адзін гук, як ДЖ у беларускай мове).

Цяпер жа замест дыграфаў ужываюцца «літары з апострафам»: для Ч прапаноўвалі дыграф CH, прынялі C’, для Ш прапаноўвалі SH, прынялі S’. Таксама для Ж замест ZH прынялі J, а гук Й, што раней пазначаўся літарай J, цяпер пазначаецца як I — так жа, як гук І. Да таго прапаноўваўся шэраг іншых варыянтаў лацінскага альфабэту казаскай мовы, у тым ліку з дадатковымі літарамі кшталту Ƣ, Ꞑ і Ɵ, а дзяржаўны стандарт Казахстану да апошняга часу прапаноўваў тры варыянты трансьлітэрацыі.

Прыняты Назарбаевым варыянт спадабаўся ня ўсім: напрыклад, карыстальніца Ксенія Ігараўна Прыдатчанка дзівіцца, што цяпер яна будзе Kseni’i’a I’gorevna Pri’datc’enko, а паводле ранейшай прапановы была бы Ksenija Igorevna Pridatchenko. У камэнтарах ёй адказваюць: «Новая гульня: у каго больш апострафаў у імі, той і перамог».

***

Пра неабходнасьць стварэньня новага стандарту казахскага алфавіту Назарбаеў заявіў у красавіку. Упершыню аб магчымасьці пераходу з кірыліцы на лацінку загаварылі ў 2012 годзе.

Упершыню лацінская графіка для казаскай мовы (замест арабска-пэрсідзкай, якая ўжывалася да таго часу) была ўведзеная ў 1928 годзе ў рамках працэсу «лацінізацыі», які закрануў усе цюркскія мовы народаў СССР, і ўжывалася да 1940 году. Усяго паміж 1923 і 1939 гадамі на лацінку было пераведзена 50 моваў (з 72 моваў СССР, якія мелі пісьменнасьць). У 1939 годзе пачалася татальная кірылізацыя пісьменнасьцяў народаў СССР. Як адзначаў Сталін, расейскі народ быў лідэрам сацыялістычных народаў, таму ўсе людзі краіны павінны ведаць расейскую мову і імкнуцца да ўмацаваньня сувязяў з расейцамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG