Паведамляльны прынцып пры арганізацыі масавых мерапрыемстваў ёсьць «жэстачайшай лібэралізацыяй заканадаўства». Пра гэта заявіў міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч, прадстаўляючы 25 кастрычніка ў Палаце прадстаўнікоў дапаўненьні і зьмены ў «некаторыя законы ў пытаньнях правядзеньня масавых мерапрыемстваў», паведамляе карэспандэнт Свабоды.
«Гэта агульнасусьветная норма, якой шырока карыстаюцца ў многіх краінах. Мы пастараемся зрабіць усё, каб максымальна спрасьціць працэдуру, зьвязаную з заяўкай на правядзеньне масавых мерапрыемстваў. Хочам зрабіць так, каб у гэтай сытуацыі ўсім было зручна», — сказаў дэпутатам Шуневіч.
Выступаючы перад дэпутатамі, міністар Шуневіч удакладніў, што ўвесь мэханізм правядзеньня масавых мерапрыемстваў на падставе зьмененага заканадаўства будзе падрабязна прапісаны ў спэцыяльнай пастанове Савета Міністраў.
Таксама Шуневіч заявіў, што арганізатарамі масавых мерапрыемстваў ня змогуць выступаць грамадзяне зь нязьнятай ці непагашанай судзімасьцю за «злачынствы супраць міру і бясьпекі чалавецтва, супраць грамадзкай бясьпекі, супраць грамадзкага парадку і грамадзкай маральнасьці або супраць дзяржавы і парадку ажыцьцяўленьня ўлады і кіраваньня».
Стане толькі горш?
Папраўкі ў закон фармальна зробяць яго больш «лібэральным», але могуць фактычна ўскладніць правядзеньне мітынгаў і сходаў, адзначае агенцтва БелаПАН.
Паводле агенцтва, «законапраект уводзіць масу абмежаваньняў для арганізатараў і ўдзельнікаў, больш жорстка рэглямэнтуе дзейнасьць журналістаў, звужае для ўсіх субʼектаў прастору для манэўру».
Спрошчаная працэдура арганізацыі мітынгаў (без узгадненьня) прадугледжваецца для ўдзельнікаў выбараў (але ня толькі ў час выбарчых кампаніяў) у «пастаянных месцах, вызначаных мясцовымі ўладамі». Такімі «пастаяннымі месцамі» ў Менску называюць парк Дружбы народаў (каля плошчы Бангалор), Кіеўскі сквэр (за кінатэатрам «Кіеў») і парк 50-годзьдзя Кастрычніка (за мэтро «Партызанская»). Мітынгі ж каля Акадэміі навук не павінны будуць дазваляцца, бо побач мэтро. Але пры «спрошчанай» працэдуры заяўка на мерапрыемства прадугледжваецца такая самая, як і пры звычайнай.
Мітынгі па-за вызначанымі месцамі (напрыклад, на Кастрычніцкай плошчы) па-ранейшаму прапануецца ўзгадняць з уладамі — а іх часта не ўзгадняюць або прапануюць іншы час мерапрыемства.
Таксама ў законапраект увайшлі «нормы, накіраваныя на ўрэгуляваньне працэдуры адкліканьня заяўкі аб правядзеньні масавага мерапрыемства». Гэта можа азначаць, што заяўнікі акцыяў ня змогуць «зьняць зь сябе адказнасьць» за мітынг, як тое хацелі зрабіць з акцыяй на Дзень Волі.
«Ініцыятыва ўладаў выглядае вельмі нядрэнна»
Намесьнік старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў у размове са Свабодай назваў увядзеньне паведамляльнага прынцыпу правядзеньня мітынгаў ключавой прапановай законапраекту.
«Калі адкінуць некаторыя новаўвядзеньні дыскрымінацыйнага пляну, якія тычацца абмежаваньня пераліку асобаў, якія маюць права быць заяўнікамі масавага мерапрыемства, а таксама патрабаваньняў у дачыненьні журналістаў, то ініцыятыва ўладаў выглядае вельмі нядрэнна. У прынцыпе, паведамляльная практыка ўжо працуе для агітацыйных мерапрыемстваў падчас выбарчых кампаній і, як правіла, не сустракае забароны», — сказаў Палякоў.