Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто мусіць папрасіць прабачэньня перад Беларусьсю — гульня ў адну браму дэпутата Марзалюка


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк мяркуе, што Польшча мусіць папрасіць прабачэньня, сярод іншага, за дзеяньні некаторых дзеячоў Арміі краёвай (АК) на тэрыторыі Беларусі падчас Другой сусьветнай вайны.

Напрыклад, за карныя акцыі палявога камандзіра АК Рамуальда Райс-Бурага, які паліў беларускія вёскі.

Спадар Марзалюк мяркуе, што шляхам выбачэньня трэба будаваць нармальныя міждзяржаўныя дачыненьні. Годная ідэя.

У мяне, як у беларуса, шмат пытаньняў да польскага бачаньня сваёй гісторыі на тэрыторыі Беларусі. Напрыклад, не прагавораная тэма акупацыі Заходняй Беларусі і наступныя дзеяньні польскай адміністрацыі ў міжваенны час.

Таксама выглядае сумнеўна блытаніна паняцьцяў «Польшча» і «Рэч Паспалітая», калі ў польскай гістарыяграфіі канфэдэратыўная дзяржава РП раптам робіцца ўнітарнай «Польшчай».

Чый Адам Міцкевіч ды іншыя грамадзяне Расейскай імпэрыі, якія працавалі на тэрыторыі Беларусі ў польскамоўным культурным полі?

Мяркую, беларуска-польская спрэчка пра помнік Тадэвушу Касьцюшку ў Швэйцарыі — толькі пачатак размовы, якая са спрэчкі ператвараецца ў дыялёг.

Прапаную дэпутату Ігару Марзалюку прытрымлівацца прынцыпу парытэту.

Можна не пачынаць з далёкай гісторыі: акупацыі бальшавікамі БНР ці акупацыі Расеяй ВКЛ. Можна пачаць з гісторыі, якую яшчэ памятаюць жывыя людзі.

Калі спадар Марзалюк гаворыць «А», называючы імя Рамуальда Райс-Бурага, варта сказаць «В», назваўшы імёны камандзіраў савецкіх партызан, якія забівалі мірнае беларускае насельніцтва. Напрыклад, у вёсцы Якімавічы пад Слонімам.

Задакумэнтаваныя сьведчаньні ёсьць. Ігар Марзалюк можа паспрабаваць зрабіць запыт у архівы КДБ Менску і Масквы.

Савецкі партызанскі рух у Беларусі падчас Другой сусьветнай кіраваўся з Масквы. То бок, прасіць прабачэньня мусіць сучаснае расейскае кіраўніцтва, бо Расея прызнаная правапераемніцай СССР.

Інакш атрымліваецца гульня ў адну браму — падвойныя стандарты.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG