На сайце Міністэрства абароны Беларусі зьявілася заява, зробленая ад імя «Беларускага саюзу афіцэраў» — грамадзкай арганізацыі, створанай афіцэрамі Узброеных сіл Беларусі 25 гадоў таму. Заява падпісаная рэспубліканскай радай гэтай арганізацыі, прозьвішчы сяброў рады не пазначаныя.
Ад пачатку заяўлена пра тое, што Ўзброеныя сілы Беларусі сёлета сталі аб’ектам «беспрэцэдэнтнай дыскрэдытацыі» з боку «асобных дэструкцыйных сілаў». Паводле аўтараў заявы, гэтыя сілы дыскрэдытавалі беларускае войска напярэдадні і цягам манэўраў «Захад-2017», а цяпер знайшлі фармальную падставу для «ачарненьня» ў сувязі з гібельлю салдата ў 72-м аб’яднаным вучэбным цэнтры ў Печах.
Арганізацыя выказвае свае спачуваньні сям’і Аляксандра Коржыча:
«Мы разам з вамі шчыра смуткуем і падзяляем усю горыч незаменнай страты», — заяўляе Беларускі саюз афіцэраў і выказвае перакананьне, што адказныя «за здарэньне панясуць справядлівую адказнасьць паводле закону».
Пры гэтым аўтары дакумэнту зноў гавораць пра кампанію дыскрэдытацыі беларускага войска.
«Здарэньне з гібельлю салдата тэрміновай службы, безуцешнае гора блізкіх загінулага некаторымі крытыканамі выкарыстоўваецца ў нядобрых мэтах разгойдваньня грамадзка-палітычнай стабільнасьці ў краіне, дыскрэдытацыі беларускага войска як вядучага фактару стратэгічнага стрымліваньня ў складаных умовах сучаснага ўсясьветнага разьвіцьця».
Як разьвіваюцца падзеі
3 кастрычніка цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стаў суіцыд. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў. Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве.
13 кастрычніка Сьледчы камітэт выступіў з афіцыйнай заявай для прэсы.
Паводле прадстаўніка Сьледчага камітэту Сяргея Кабаковіча, цела Коржыча каля 17-й гадзіны 3 кастрычніка знайшлі «ў пятлі з мацерчатай папругі для штаноў, прымацаванай свабодным канцом да мэталічнай арматуры пад стольлю склепа, зь перавязанымі шнурком абутку нагамі і надзетай на галаву майкай».
Яшчэ ў верасьні Коржыч быў у мэдчастцы з вострай рэсьпіраторнай інфэкцыяй, і тады яго аглядаў псыхіятар. Дыягназ быў «здаровы». Пасьля таго, як Коржыча выпісалі 26 верасьня, зьвестак пра яго далейшае месцазнаходжаньне ў сьледчых няма.
Супраць старшыны роты, які скраў з карткі Коржыча ня менш за 150 рублёў і рабіў плацяжы «бязь ведама ўладальніка ў асабістых мэтах у крамах і кавярнях Барысава», распачалі крымінальную справу аб махлярстве. Сяржанты з вайсковай часткі праходзяць падазраванымі ў справе аб нестатутных адносінах, таксама «прымаюцца рашэньні аб іх затрыманьні».
Папярэдне разглядаюцца вэрсіі давядзеньня да самагубства празь «дзедаўшчыну», зьдзекі, гвалт, вымаганьне ці адбіраньне асабістых рэчаў і грошай; забойства з асабістых або карысьлівых матываў або праз «валоданьне зьвесткамі, якія кампрамэтуюць іншых вайскоўцаў»; самагубства праз псыхалягічную траўму або нежаданьне служыць.
Адразу па здарэньні прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў назваў «чуткамі і домысламі» сумневы родных і сяброў загінулага ў Печах салдата Аляксандра Коржыча ў тым, што хлопец учыніў суіцыд. Цяпер сытуацыя вакол гібелі салдата на «жорсткім кантролі» ў Аляксандра Лукашэнкі.
14 кастрычніка стала вядома, што ў сувязі са справай Аляксандра Коржыча з Узброеных сіл звольненыя чатыры службовыя асобы. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Уладзімер Макараў.
«Загадам міністра абароны адхіленыя ад займаных пасадаў 5 службовых асобаў 72-га Аб’яднанага навучальнага цэнтру, 4 службовыя асобы звольненыя з Узброеных сілаў».
Усё пра гвалт у беларускім войску
***