«Сёньня я анансую нашу стратэгію і некалькі важных крокаў, якія мы прымем, каб супрацьстаяць варожым дзеяньням іранскага рэжыму і гарантаваць, што Іран ніколі — падкрэсьліваю, ніколі — ня будзе мець ядзернай зброі», — сказаў Трамп.
Пры гэтым Трамп ня стаў адмаўляцца ад пагадненьня, якое падпісалі ЗША і іншыя краіны з Іранам пры адміністрацыі Абамы. Але ён даў Кангрэсу 60 дзён на тое, каб прыняць рашэньне аб вяртаньні да санкцыяў, якія былі зьнятыя пасьля падпісаньня гэтага пагадненьня.
Трамп папярэдзіў, што калі «мы ня зможам прыйсьці да рашэньня супольна з Кангрэсам і нашымі саюзьнікамі, пагадненьне будзе спыненае».
Міністэрства фінансаў ЗША ўжо ўнесла ў сьпіс тэрарыстычных арганізацый КВІР — Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі. Гэта элітныя войскі Ірану, які падпарадкоўваюцца духоўнаму кіраўніцтву краіны.
Падразьдзяленьні КВІР цяпер ваююць на тэрыторыі Сырыі на баку Башара Асада. Корпус вартавых афіцыйна абвінавацілі ў падтрымцы іншых груповак, якія ЗША лічаць тэрарыстычнымі — Хізбула, ХАМАС і Талібан.