Калі ты можаш штосьці патлумачыць першаклясьніку, ты зможаш патлумачыць мільёнам.
Калі ты можаш патлумачыць мільёнам, ты — прыроджаны PRшчык.
У дыскусіі вакол помніка Касьцюшку мяне ўразіла не цьвердалобасьць польскага дыплямату, і нават не лагоднасьць беларускай дыпляматычнай службы.
Мяне ўразіў выдавец навуковай літаратуры, які ў прыватнай размове сказаў, што называць Тадэвуша Касьцюшку «сынам беларускай землі» — не навукова. Бо Беларусі тады не існавала. Зямля існавала, а Беларусь ні геяграфічна, ні палітычна — не.
Зямля існавала, а Беларусь ні геяграфічна, ні палітычна — не.
Добра калі прыватна, а калі публічна — гэта чысты раздрай у галовах непадрыхтаванага слухача ці чытача.
Важна разумець дзе каму і як падаваць інфармацыю. Вось кавалак з дыскусіі пра «сына беларускай зямлі». Michal Aniempadystau:
«У фізычнай рэальнасьці няма беларусаў, расейцаў, палякаў, а ёсьць фізычныя целы ў фізычнай прасторы. Беларусамі ці кім яшчэ робяцца толькі ў прасторы культуры. І іх ідэнтычнасьць у гэтай прасторы можа зьмяняцца. Сёньня ён беларус, а заўтра „тоже рускі“, а пасьлязаўтра проста рускі. Ці наадварот, пазаўчора ліцьвін, учора тутэйшы, сёньня паляк ці беларус».
Глыбокія развагі інтэлектуала пра сутнасьці пэўных рэчаў, якія я не гатовы пераказаць першаклясьніку. Бо ёсьць рэчы, якія спасьцігаюцца з дарасьленьнем.
Таму я ня буду тлумачыць дзецям у пэўным узросьце, што ў ХVIII у розных сацыяльных груп, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, былі розныя самідэнтыфікацыі, а слова «Белоруссия» толькі прыдумалі ў сталіцы Расеі, а беларускі пераклад «Беларусь» яшчэ не зьявіўся.
Я пакажу дзецям на мапе дзе нарадзіўся Касьцюшка, дзе ён ваяваў, супраць каго і за што. Супраць расейцаў за Рэч Паспалітую, пасьля наагул за «свабоду, роўнасьць, братэрства». І так, як бачна на мапе, зямля — самая што ні ёсьць беларуская. Так яна завецца цяпер.
Чаму нам важныя героі і іх мастацкія ўвасабленьні? Гістарычныя героі зьвязаныя з нашым сёньня і з нашым бачаньнем заўтра.
Пэўная група беларусаў разумее што імпэрыялістычная пагроза з боку Расеі нікуды не зьнікла.
Для пэўнай групы беларусаў Касьцюшка — сымбаль змаганьня супраць расейскага імпэрыялізму. Таму што пэўная група беларусаў разумее што імпэрыялістычная пагроза з боку Расеі нікуды не зьнікла.
Помнік Касьцюшку, пазначаны словамі «сын беларускай зямлі» — гэта яркі, выразны і просты мэсідж, які будзе зразумелы не толькі чытачам навуковага часопісу, але досыць шырокім колам.
А калі камусьці будзе незразумелым, можна будзе каротка і ёміста патлумачыць: ён быў супраць Расеі за незалежнасьць сваёй краіны. Маўляў, «мы — частка беларусаў — такія самыя».
Сымбалі — простыя рэчы, якія можна патлумачыць мільёнам. Таму Касьцюшка як сымбаль — гэта складовая частка працяглай у часе PR-кампаніі.
Часам «навуковасьць» проста ўносіць разлад у разуменьне простых рэчаў.
Палякі робяць сваю кампанію, амэрыканцы сваю, беларусы — сваю, ставячы патрэбныя сабе акцэнты і вылучаючы зь біяграфіі славутага чалавека тое, што акутальна сёньня ў пэўным грамадзтве.
Інтэлектуалу важна разумець што інфармацыя існуе ў розных пластах. Часам «навуковасьць» проста ўносіць разлад у разуменьне простых рэчаў. Трэба адрозьніваць унівэрсітэцкую аўдыторыю ад футбольнага стадыёну.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.