Як сказаў ён у тэлевізійным звароце, гэтае ігнараваньне заключаецца ў тым, што манарх адхіліў ролю пасярэдніка ва ўрэгуляваньні супярэчнасьцяў, якую дае яму Канстытуцыя Гішпаніі.
А ўрад прэм’ер-міністра Гішпаніі Марыяна Рахоя ён назваў безадказным — за тое, што той не пагадзіўся на пасярэдніцтва ў перамовах аб такім урэгуляваньні.
У адказ на гэты зварот у апараце прэм’ера Гішпаніі заявілі, што Мадрыд ня пойдзе на перамовы ні пра што незаконнае, і заклікалі Каталёнію «вярнуцца на шлях закону», перш чым змогуць адбыцца якія-небудзь перамовы.
Таксама 4 кастрычніка дэпутатка рэгіянальнага парлямэнту Каталёніі ад партыі «Сьпіс за народнае адзінства», якая выступае за незалежнасьць рэгіёну, Мірэя Боя заявіла, што гэтая незалежнасьць будзе абвешчана ў панядзелак, 9 кастрычніка, пасьля сэсіі гэтага парлямэнту, на якой разгледзяць вынікі рэфэрэндуму 1 кастрычніка, што яго Мадрыд прызнаў незаконным.
Папярэдняга дня, 3 верасьня, Пудждэмон заяўляў, што па выніках рэфэрэндуму, які ён, насуперак пазыцыі Мадрыду, лічыць дзейным, яго ўлада аб’явіць незалежнасьць рэгіёну на працягу «некалькіх дзён» — у канцы гэтага тыдня або ў пачатку наступнага.
Раней у той жа дзень, 3 верасьня, Фэліпэ VI заклікаў урад краіны абараніць канстытуцыйны парадак у Каталёніі і асудзіў арганізатараў рэфэрэндуму аб незалежнасьці гэтага рэгіёну, заявіўшы, што яны паставілі сябе па-за законам. У тэлевізійным звароце да народу манарх заклікаў да адзінства, заявіўшы, што краіна перажывае вельмі сур’ёзны крызіс.
Паводле апублікаваных у Барсэлёне дадзеных, на рэфэрэндуме больш за 90 працэнтаў ад бюлетэняў, прызнаных сапраўднымі, былі аддадзены за незалежнасьць Каталёніі, амаль 7,9% былі супраць.
Але пры гэтым удзел у рэфэрэндуме ўзялі 2,26 мільёна жыхароў рэгіёну з правам голасу з 5,31 мільёна — толькі 42,6%. Такім чынам, ад усіх выбарнікаў Каталёніі галасы за незалежнасьць склалі 38%.
760 пацярпелых у сутыкненьнях з паліцыяй у часе рэфэрэндуму. Карэспандэнт Свабоды перадае з Барсэлёны
Мадрыд прызнаў рэфэрэндум з пытаньнем «Ці хочаце вы, каб Каталёнія стала незалежнай дзяржавай у форме рэспублікі?» неканстытуцыйным: дзейная Канстытуцыя Гішпаніі (якая зьяўляецца канстытуцыйнай манархіяй) не прадугледжвае права рэгіёнаў на аддзяленьне і вызначае дзяржаву як унітарную.
У Каталёніі, што мае ў складзе Гішпаніі пэўную аўтаномію ў статусе «аўтаномнай супольнасьці», прыхільнікі незалежнасьці спасылаюцца на яе даўнія традыцыі незалежнага або фактычна незалежнага існаваньня: рэгіён, у свой час незалежная дзяржава, а затым рэгіён Гішпаніі з шырокім самакіраваньнем, страціў усе элемэнты аўтаноміі толькі у ХVIII стагодзьдзі, пасьля чаго зазнаў дыскрымінацыю, у прыватнасьці забарону на каталянскую мову і перасьлед культуры. Акрамя таго, у Барсэлёне, якая ня мае бюджэтнай аўтаноміі, заяўляюць, што рэгіён, які дае каля 20 працэнтаў ад ВУП Гішпаніі і мае эканоміку большую, чым Партугалія, або такую, як Чылі, плаціць у цэнтральны бюджэт Гішпаніі значна больш сродкаў, чым атрымлівае зь яго.
Акрамя таго, прыхільнікі незалежнасьці абвінавачваюць Мадрыд ва ўмяшаньні ў моўную і адукацыйную палітыку рэгіёну, значная колькасьць жыхароў якога гаворыць на каталянскай мове, настойваючы на яго ня толькі эканамічнай, але і культурнай і гістарычнай самадастатковасьці.