«Улічваючы тое, што паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскаю Фэдэрацыяю адсутнічаюць дзейсныя пагадненьні аб пунктах пропуску, рашэньні аб усталяваньні якіх на беларуска-расейскім участку дзяржаўнае мяжы не прымаліся, кантроль на гэтым участку дзяржаўнай мяжы памежнаю службаю Беларусі не ажыцьцяўляецца», — адзначаецца ў рэкамэндацыях Амбасады Ўкраіны ў Беларусі.
Украінскія дыпляматы таксама раяць грамадзянам Украіны карыстацца пры паездках у Расею выключна авіяцыйным транспартам і яшчэ раз зьвяртаюць увагу на небясьпеку наведваньня расейскай тэрыторыі.
«Міністэрства замежных спраў Расеі паведаміла, што з 15 мая 2017 года расейскі бок ажыцьцяўляе памежны кантроль паветраных судоў, якія прыбываюць у Расейскую Фэдэрацыю з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама якія вяртаюцца ў зваротным кірунку», — паведамляецца ў рэкамэндацыях украінскай амбасады.
«Расея, спасылаючыся на адсутнасьць пунктаў пропуску празь беларуска-расейскую дзяржаўную мяжу, забараніла яе перасякаць грамадзянам трэціх краін, акрамя грамадзян Расеі ды Беларусі, у тым ліку прадстаўнікам дыпляматычнага і адміністрацыйна-тэхнічнага пэрсаналу амбасадаў, консульскіх устаноў і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый», — адзначаюць дыпляматы.
24 жніўня ўкраінскі грамадзянін Украіны Паўло Грыб зьнік на тэрыторыі Беларусі. Пазьней выявілася, што ён знаходзіцца ў Краснадары ў СІЗА-5 Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў. Украінца абвінавачваюць паводле артыкулу 205.1 КК РФ («Садзейнічаньне тэрарыстычнай дзейнасьці»).
Пасьля зьнікненьня ў Беларусі Паўла Грыба і яго меркаванага выкраданьня расейскім ФСБ міністар замежных справаў Украіны Паўло Клімкін заявіў, што ўкраінцам небясьпечна знаходзіцца ў Беларусі.