«Нягледзячы на перашкоды і разбуральную палітыку рэжыму, мы бачым, што сярод людзей паступова вырастае павага да беларускай мовы ў розных пластах грамадзтва», — піша Зянон Пазьняк на сваім афіцыйным сайце.
Але пасьля аналізу беларускамоўнага сеціва палітык робіць несуцяшальную выснову: беларусам трэба змагацца з дэфармацыяй маўленьня і імкнуцца захоўваць чысьціню мовы.
«Часта няправільна называюць род назоўнікаў, блытаюць і няправільна абазначаюць агульныя і канкрэтныя назовы ды паняцьці. Усе памылкі — гэта памылкі русыфікаванай сьвядомасьці», — лічыць кандыдат навук.
Свабода падсумавала ўсе заўвагі і прапановы Пазьняка ў 6 пунктах.
1. У сеціве ўжываюць слова «сабака» у жаночым родзе (як у расейцаў). Па-беларуску «сабака» — гэта «ён», прытым па-беларуску «сабака» ёсьць агульная назва віду, гэтак жа як «кот», «конь» і ўсе жывёлы, якія ня маюць вонкава выразна выяўленай полавай ідэнтыфікацыі. Спрэс пішуць «котка», маўляў, той меў «котку», гэты мае «котку». Усюды канкрэтызацыя «коткі». Адкуль такі выбар? Агулам па вонкавых прыкметах котку можна апазнаць, толькі калі яна «рыска» (трохколерная асобіна). Аказваецца, гэта людзі ў розуме сваім перакладаюць з расейскай.
2. Яшчэ горш, калі людзі, відаць, з найлепшымі матывамі, хочуць падкрэсьліць самабытнасьць мовы, яе шматзначнасьць, багацьце лексыкі, але дрэнна арыентуюцца, калі такая лексыка ўжываецца. У выніку ў неадпаведным кантэксьце зьяўляюцца словы кшталту «Клінтаніха», «міністарка» і да т. п. Такія словы і формы словаў ёсьць, але яны, як правіла, бытавога кшталту, часам з іранічным падтэкстам, і ўжываюцца ў адпаведнай гаворцы. Называньне гэтых словаў у неадпаведных абставінах і ў іншым кантэксьце ўспрымаецца як вульгарызм са зьняважлівым непаважным сэнсам.
3. Правілы мовы абавязваюць казаць «спадарыня міністар», «яна міністар», «спадарыня дырэктар», «яна дырэктар» і г. д. «Міністарка» (слова-калека), ужытае ў публічным кантэксьце, — гэта зьняважлівае панібрацтва. Тут назіраем істотнае этычнае псаваньне мовы.
4. Вымаўляюцца такія фанэтычныя канструкцыі, якія супярэчаць самому роду беларускай мовы. Прыемная маладая пара артыстаў, напрыклад, хораша сьпявае беларускую песьню, а рэфрэнам, выклічнікам увесь час, замест беларускага «гэй!», гучыць чужое дзіўнае слова: «Хэй, хэй-хэй!» Прыклад неверагодны, каб так сьпявалі беларусы.
5. Сапраўдная паломка і жарганізацыя мовы адбываецца (як шмат дзе ў сьвеце) ад неапраўданага ўжываньня ангельскіх тэрмінаў, назваў і слоў. Месцамі мова робіцца ўжо незразумелай і цяжкай для ўспрыняцьця. У беларускіх тэкстах як шчарбатыя зубы мільгаюць «хэдлайнер», «краўфандынг», «бодзібілдэр», «олдскул», «дайвінг», «мэнспрэдынг», «роўпджампэр» і іншае жаргоннае сьмецьце. Навошта такі гвалт над лексікай, зь якіх такіх комплексаў?!
6. У ЗША сярод менш культурных беларусаў у бытавой гаворцы бывае чуваць ужо замежная «трасянка», калі кажуць што яны нешта хочуць «юзаць», але няма каму «супортаць» і г. д. Усё гэта — не адзнака ўзбагачэньня і моўнага разьвіцьця, а прыкмета дэгенэрацыі і ўпадку. Ад жарганізацыі ангельшчынай беларускую мову ўжо трэба ратаваць. Зусім жа не складана ўсё сказаць зразумела і па-беларуску.
На думку Пазьняка, беларуская вёска хутка русіфікуецца і перастае быць натуральным асяродзьдзем мовы. Яе месца займае літаратура, мастацтва, творчасьць і некаторыя аб’яднаныя элітарныя групы людзей.
«Пад намі культура Вялікага Княства Літоўскага, гісторыя якога напаўняе гонарам сэрца. Пад намі вялікая якасная і чалавечная беларуская літаратура. Творчасьць продкаў асьвятляе нам шлях. Толькі трэба па ім ісьці» — піша Пазьняк.
Больш на тэму:
Беларуская мова паважае жанчын
«Жывая мова» — калекцыя практычных эсэ пра тое, як гаварыць па-беларуску правільна і прыгожа.